Каб пасяліць сем чалавек у інтэрнат, Руслан Страхар зладзіў фарс з чырвонай стужкай

З другога боку стужкі, трохі здзіўленыя, стаялі яшчэ восем чалавек, якія ўжо і так жылі ў гэтым інтэрнаце.

У інтэрнаце прадпрыемства “Магілёўліфтмаш” на вуліцы Ціміразеўскай правялі невялікі касметычны рамонт. Тут падрыхтавалі для пражывання маладых спецыялістаў некалькі пакояў, а таксама ўпарадкавалі кухню і спортзал. Шараговую і будзённую ў прынцыпе справу кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла, аднак, абставіць з максімальным пафасам. 

Сюды прыбыў на ўрачыстае адкрыццё з пераразаннем чырвонай стужкі сам ганаровы генеральны дырэктар “Магілёўліфтмаша” Руслан Страхар. Пікантнасці гэтай сітуацыі дадае той факт, што на гэтай самай прасторы, якую ўрачыста адкрывалі для новых жыльцоў, ужо пражывалі восем чалавек. З публікацыі не зразумела, па які бок чырвонай стужкі яны знаходзіліся падчас адкрыцця – магчыма, жылі звычайным жыццём у сваіх пакоях і са здзіўленнем назіралі за астатнімі.

“В общежитии ОАО «Могилевлифтмаш» на ул. Тимирязевской целый этаж отвели молодым специалистам, которые в этом году пополняют ряды лифтостроителей – піша пра мерапрыемства звязаны з “Веснікам Магілёва” тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад!” – Сейчас там живут всего 8 человек, но буквально со дня на день будут заняты все 15 мест.”

Не абышлася ўрачыстасць і без дэманстрацыі сямейнай атмасферы, калі функцыянеры разам са сваімі падпарадкаванымі прыселі за стол і ўсміхнуліся, зазіраючы ў пустыя кубкі на стале.

пустая чашка

Зачараваныя чырвонай стужкай

Традыцыя адкрываць любую бздуру з пафасам і чырвонай стужкай зусім нядаўна стала прасоўвацца чыноўнікамі ў Беларусі. Пачынальнікам гэтага трэша лічыцца дэпутат Ігар Марзалюк, які ў 2019 годзе адкрываў у Магілёве з разразаннем чырвонай стужкі металічныя поручні. У сваю чаргу, ён, відавочна, натхніўся практыкамі расійскіх чыноўнікаў, якія даўно і з асалодай разразаюць чырвоныя стужкі на такіх мерапрыемствах, як адкрыццё сметніцы альбо аўтобуснага прыпынку.

Фота: “Магілёў – мой горад!”

“Магілёўліфтмаш” афіцыйна адкрыў вытворчасць у Азербайджане пасля 15 гадоў сурацоўніцтва

У Азербайджане толькі з прыездам высокага лукашэнкаўскага чыноўніка афіцыйна адкрылі вытворчасць па зборцы магілёўскіх ліфтоў. Пры гэтым яе пачалі мінімум 15 гадоў таму.

Як перадае БелТА, 5 траўня 2025 года зборачная вытворчасць ліфтаў “Магілёўліфтмаш” афіцыйна адкрылася ў Азербайджане пры ўдзеле прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына, які знаходзіцца там з афіцыйным візітам.

“Прэм’ер-міністру Беларусі паказалі вытворчыя магутнасці кампаніі і мадэлі ліфтаў, якія будуць збірацца ў Азербайджане. Агульная тэрыторыя вытворчасці ў Баку складае 1,2 га і ўключае два вытворчыя памяшканні па 500 кв. м і 1,8 тыс. кв. м”, – гаворыцца ў паведамленні. 

Разам з тым, яшчэ у жніўні 2010 года расійскае выданне “Лифт-пресс” са спасылкай на тую ж БелТА, пісала, што Магілёўліфтмаш “у бягучым годзе паставіць у Азербайджан 120 камплектаў для зборкі ліфтавага абсталявання”.

“Пры гэтым пастаўляецца не поўны камплект для зборкі абсталявання, паколькі частка неабходных дэталяў вырабляюць у Баку. Аб’ёмы паставак абсталявання ў 2011 годзе будуць залежаць ад патрэбы азербайджанскіх партнёраў. Летась “Магілёўліфтмаш” паставіў у Азербайджан 43 ліфты. Сумесныя вытворчасці па зборцы ліфтавага абсталявання РУП” Магілёўліфтмаш ” працуюць таксама ў Расіі, Украіне, Казахстане”, – гаварылася ў паведамленні.

На фота: Аляксандр Турчын