Казка пра рыбака і рыбку па-крычаўску: Анатоль Ісачанка выканаў ролю рыбкі.
Анатоль Ісачанка правёў прыём грамадзян ў Крычаве. Мясцовыя ідэолагі, якія рыхтавалі сустрэчу, занадта перастараліся, дэманструючы адсутнасць праблем – да “губернатара” звярнуўся толькі адзін жыхар раёна.
Пажылы крычаўлянін (на здымку) выказаў старшыні аблвыканкама падзяку за новую паліклініку, падкрэсліў яе важнасць для пенсіянераў і ўсіх жыхароў рэгіёна.
Таксама ён падзякаваў начальству за рамонт дарогі Магілёў – Чавусы.
Анатоль Ісачанка на ўсялікі выпадак сціпла заўважыў, што за ўсё гэта дзякаваць патрэбна Лукашэнку, які здароўя свайго не шкадуе дзеля развіцця сацыяльнай інфраструктуры ў Беларусі, а ўжо за раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, гатовы і жыццё аддаць.
Пасля падзяк партыі і ўраду пенсіянер заявіў, што для поўнага шчасця яму ў прыватнасці, і Крычаву ў цэлым, тэрмінова неабходны лядовы палац.
“Губернатар” згадзіўся з тым, што без палаца Крычаў не будзе выглядаць Крычавам, але, па-чалавечы кажучы, нагадаў аб неабходнасці жыць па сродках.
Камедыйны прыём, які нагадвае казку пра рыбака і рыбку, скончыўся абяцаннем таго, што пытанне будаўніцтва палацаў і зносу хацін у Крычаве вывучаць і адкажуць просьбіту ў пісьмовым выглядзе.
Ну, а стары, як водзіцца, пайшоў да сваёй старой…