Маці змагла вынесці толькі адну дачку з трох – у Касцюковічах на пажары пацярпелі дзеці

Медыкі змагаюцца за жыццё двух дзяўчынак, 6 гадоў і 2-х месяцаў – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Вечарам 1 ліпеня ў адной з кватэр 5-павярховага дома ў Касцюковічах успыхнуў халадзільнік, які стаяў у дзіцячым пакоі. Маці, якая была ў суседнім пакоі, адчула пах гары і пабачыла дым у пярэднім пакоі. Яна змагла вынесці з кватэры толькі адну з трох сваіх дачок, чатырохгадовую дзяўчынку, якая была разам з ёй. Суседзі выклікалі ратавальнікаў.

Работнікі МНС выратавалі яшчэ дваіх дзяцей гаспадыні кватэры (6 гадоў і 2 месяцы). На момант пажару яны былі ў дзіцячым пакоі і самастойна пакінуць кватэру не змаглі. У непрытомным стане дзяўчынкі перададзены медыкам. Цяпер за іх жыцці змагаюцца ўрачы.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Навальніца ў Касцюковічах – дрэвы паламала напалам, разбіла агароджу

Разам з непрацяглым ліўнем на Касцюковічы абрынуўся ўраганны вецер, які паваліў і паламаў некалькі дрэў па вуліцы Ленінскай.

Ліквідаваць наступствы стыхія выйшлі работнікі жылкамунгаса і неабыякавыя грамадзяне – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Жылыя дамы паваленыя дрэвы не пашкодзілі, а вось бетонную агароджу ў некалькіх месцах вуліцы Ленінскай зачапілі і паламалі. 

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”.

У Касцюковічах адзначылі 50-годдзе краязнаўчага музея

Святкаванне юбілея было насычаным: ад мастацкіх выстаў і фотазонаў да цыганскіх песняў і танцаў. Касцюковіцкія чыноўнікі падаравалі музею сертыфікат на 200 рублёў і торт, а былы дырэктар – калекцыю ручнікоў – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота: ”Голас Касцюкоўшчыны”

Ад фумігатара супраць камароў пад Касцюковічамі загарэўся дом

Каля 2 гадзін ночы сям’я ў вёсцы Пралятарскае Касцюковіцкага раёна – гаспадыня 1957 года нараджэння і яе сын – прачнулася ад трэска, падаў і лопаўся шыфер. Гарэла іх веранда, і агонь ужо падбіраўся да жылых пакояў. Жанчына і мужчына змаглі самі выратавацца. Прычынай пажару стаў фумігатар ад камароў, пакінуты на ноч у разетцы – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Угоншчыкаў катка ў Касцюковічах знайшлі па паху

Чатыры юнакі ў Касцюковічах знайшлі сабе забаўку – яны звярнулі ўвагу на пнеўмакаток, які дарожнікі пакінулі на ноч на адной з вуліц горада. Ключы аказаліся прыхаванымі тут жа ў кабіне. 

Аднойчы ноччу хлопцы 19, 18 і 17 гадоў пакаталіся на катку і вярнулі яго на месца. Праз тыдзень вырашылі пакатацца зноў, але каток заглух на іншай вуліцы. Хлопцы кінулі машыну, але судовыя эксперты хутка іх знайшлі – па адбітках абутку і па пахаваму следу, аналіз на які ўзялі ў кабіне. 

Паводле вынікаў судовай трасалагічнай экспертызы сляды абутку супадаюць па малюнку і размерных характарыстыках з абуткам дваіх падазроных. А вынікі судовай адаралагичнай экспертызы ўказалі на тое, што канфіскаваныя ў кабіне пнеўмакатка пахавыя сляды паходзяць ад 17-гадовых фігурантаў крымінальнай справы. Зараз юнакі – фігуранты крымінальнай справы, піша “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота: Камітэт судовых экспертыз

Жанчына спакойна спала, пакуль гарэў яе дом – жыхарку Касцюковіч выратавалі пажарныя

Аўтаномныя апавяшчальнікі ў доме былі, але дапамаглі не яны – пажарная сігналізацыя нават не спрацавала, бо селі батарэйкі. Пра пажар у Касцюковічах, які ледзь не стаўся трагедыяй, паведамляе прэс-служба МНС.

 11 чэрвеня суседзі заўважылі, што загарэўся дом на вуліцы 2-ой Вакзальнай і выклікалі ратавальнікаў. Тыя знайшлі ў доме гаспадыню – яна спакойна спала на канапе і была дома адна. Жанчыну вывелі на вуліцу, яна не пацярпела, бо пажр адбыўся на паддашку.

Як высветлілася, дом быў абсталяваны ажно двума пажарнымі апавяшчальнікамі, але яны не спрацавалі – гаспадары не памянялі своечасова батарэйкі. Прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

У Касцюковічах праходзіць свята паэзіі “Пісьмянкоў луг”

Сёння ў Касцюковічах адбудуцца ўрачыстасці VII рэгіянальнага свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, прысвечаны творчасці знакамітага земляка Алеся Пісьмянкова. 

Пасля ўрачыстага адкрыцця фестываля і паказу канцэртных праграм на сцэне гарадскога амфітэатра, свята працягнецца на беразе ракі Бесядзь дэкламацыяй вершаў і песнямі – паведамляе газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

На час правядзення фестываля, з 10.30 да 21.30 па вуліцы Ленінскай – ад гасцініцы «Касцюковічы» да будынка РВПС – і па вуліцы Камсамольскай, ад будынка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама да будынка РВПС бузе перакрыты рух транспарту.

Фота архіўнае, з адкрытых крыніц

У Касцюковічах адбудзецца рэгіянальны конкурс-пленэр майстроў разьбы па дрэве

Пленэр праводзіцца ў рамках рэгіянальнага фестывалю паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг – 2023” і распачнецца з 13 мая.

Удзел у пленэры прымуць майстры разьбы па дрэве, спецыялісты дамоў рамёстваў, іншых клубных устаноў, якія працуюць ў галіне разьбы па дрэве, а таксама іншыя аматары і майстры, якія валодаюць тэхналогіямі разьбы па дрэве.

На працягу тыдня яны будуць вырабляць драўляныя скульптуры розных герояў твораў паэта Алеся Пісьмянкова – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Конкурс-пленэр пройдзе на тэрыторыі раённага Дома рамёстваў у саміх Касцюковічах.

Прэзентацыя скульптур і ўзнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу адбудзецца ўжо ў рамках урачыстага адкрыцця рэгіянальнага фестывалю паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”.

Скульптуры, зробленыя майстрамі, застануцца на тэрыторыі Касцюковіцкага раёна.

Фота з адкрытых крыніц

Затое са скідкай – вось такія яйкі прадаюць у Касцюковічах

Жыхарка Касцюковічаў падзялілася фота сваёй пакупкі ў мясцовым “Еўраопце”. 

“Заўсёды купляю не адзін дзясятак яек, гатуем і выпечку, амлеты і іншыя стравы, але сёння не атрымалася нават глазуньі. – піша гаспадыня ў сваёй сацыяльнай сетцы – Скупы плаціць двойчы! Вось і я пагналася за скідкай. Усе як адно.”

Як можна пабачыць на фота, пакупка была зробленая ў краме “Еўраторга” па вуліцы Камсамольскай, 23 у Касцюковічах. Самі яйкі вырабленыя ў Гомелі.

Фота з адкрытых крыніц

Жыхары дома ў Касцюковічах накідалі стыхійны сметнік каля суседа і не прызнаюцца

У раёне Касцюковічаў пад назвай Слабада жыхары двухпавярховага дома накідалі горы бытавога і будаўнічага смецця наўпрост пад агароджай прыватнага дома. 

У выніку паміж жыхарамі дамоў узнікла канфліктная сітуацыя. Гаспадары прыватнага дома сцвярджаюць, што неаднойчы бачылі як жыхары размешчанага насупраць двухпавярховага цаглянага дома выносяць попел (таму што кватэры ацяпляюцца дровамі), бульбяныя ачысткі, бутэлькі і іншыя адходы побач з іх ўчасткам. 

У сваю чаргу жыльцы двухпавярховіка сцвярджаюць, што асабіста яны выкідваюць толькі попел, а смецяць насельнікі ўсяго раёна Слабады паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.  

Што цікава, кантэйнернай пляцоўкі паблізу двухпавярховага дома няма, але з кожным яго жыхаром мясцовая камунальная служба заключыла дамову на вываз смецця. Па аўторках спецтранспарт забірае бытавыя адыходы, па чацвяргах – другасную сыравіну.

Па меркаванню кіраўніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Талкачова вінаватыя ў з’яўленні сметніка жыхары двухпавярховіка, але яны не хочуць прызнаваць за сабой віну. Аднак начальнік інспекцыі сцвярджае, што людзі згодны папрацаваць і прыбраць смецце побач з дамамі. Гэта, на думку спецыяліста, будзе дзейснай мерай для ўсіх бакоў канфлікту. Талкачоў упэўнены, што пасля гэтых крокаў трэба ўсталяваць фотапасткі, якія будуць фіксаваць, хто парушае чысціню і парадак. 

Фота “Голас Касцюкоўшчыны”.