Санітары занепакоены, каб не было ўспышкі інфекцыйных паразітарных захворванняў.
Камунальнікі праблемы з вывазам смецця называюць тэхнічнымі. Паводле іх, па закрыцці 5 міні-палігонаў для цвёрдых бытавых адыходаў, адлегласць да тых, што засталіся, павялічылася. Таму, не хапае тэхнікі, сродкаў і людзей.
Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі канстатуе: у вёсках раёну кантэйнеры перапоўненыя смеццем. Спецыялісты службы занепакоеныя, што не своечасовы яго вываз можа выклікаць успышку інфекцыйных паразітарных захворванняў сярод жывёл і людзей.
Камунальнае прадпрыемства «Жылкамгас» неаднаразова прыцягвала да адміністрацыйнай адказнасці, але праблема не вырашаецца.
«На жаль, вырашыць праблему аднымі штрафамі не ўдаецца, неабходныя больш кардынальныя меры. Так, прапрацоўваецца пытанне аб выбары іншага пастаўшчыка паслуг», – адзначае прадстаўнік санітарнай службы.
Як піша магілёўская раёнка «Прыдняпроўская Ніва» ужо абвясцілі тэндар на выбар арганізацыі, якая гатовая вывозіць смецце з вёсак своечасова.
Паводле санітарнай службы за 8 сёлетніх месяцаў яе супрацоўнікі абследавалі больш за 400 аб’ектаў, якія абслугоўваюць камунальныя прадпрыемствы, і парушэнні выяўленыя на кожным пятым абʼекце.
«На сённяшні дзень ёсць праблемы тэхнічнага парадку. З 2022 года ў нас закрыта 5 міні-палігонаў, на якія раней мы вывозілі цвёрдыя камунальныя адходы, – апраўдваюцца ў Жылкамгасе. – Калі раней смеццявоз мог за дзень падняць 200 кантэйнераў, то цяпер удвая менш. Павялічылася адлегласць перавозкі смецця, таму не хапае тэхнікі, сродкаў і людзей у тым ліку».
фота: pniva.by