Сёння можна будзе пабачыць новую камету, а хутка прыляціць другая, памерам з Кіліманджара

Сёння ўвечары камета C/2022 E3 (ZTF), якая была адкрыта вясной 2022 года, максімальна наблізіцца да Зямлі  – папярэджвае сайт ixbt.com.

Яе хвост будзе памерам прыкладна з коўш Вялікай Мядзведзіцы і яна будзе пралятаць паміж Вялікай Мядзведзіцай і Палярнай зоркай на адлегласці 42 мільёны кіламетраў ад Зямлі.

Другая гіганцкая камета 96P/Machholz 1 (на загалоўным фота) з сямейства Юпітэра і памерам з Кіліманджара  (6 км, і гэта найвышэйшая кропка Афрыкі) у найбліжэйшы час максімальна наблізіцца да Сонца ўпершыню за 50 гадоў – паведамляе Daily Mail.

Дзень у гісторыі. 4 снежня. Пачаў працу Берасцейскі манетны двор. Знесена яйка з выявай каметы, а сама камета прыляцела праз 12 дзён. Выйшаў апошні нумар газеты «Наша ніва» на тарашкевіцы.

Увядзенне ў Храм Найсвяцейшай Багародзіцы (праваслаўная цэрква)

Бацькі Дзевы Марыі, праведныя Іаакім і Ганна, маліліся з-за сваёй няплоднасці і далі абяцанне, што калі народзіцца дзіця, прысвяціць яго служэнню Богу. Малітвы іх былі пачутыя Госпадам, і ў іх нарадзілася дачка. Калі Прасвятой Дзеве споўнілася тры гады, бацькі вырашылі выканаць абяцанне. Сабраўшы родзічаў і знаёмых, са спяваннем малітваў і з запаленымі свечкамі ў руках яны прывялі яе, апранутую ў лепшую вопратку, у Ерусалімскі храм. Там сустрэлі Дзеву Марыю першасвяшчэннік і мноства духавенства.

Слова «Найсвяцейшая» азначае, што Божая Маці па сваіх дасканаласцях і сваёй святасці стаіць ня толькі вышэй за людзей, але і за святых анёлаў. «Вечнадзева» — значыць, што Божая Маці да Нараджэння Хрыста была Дзева, і ў Нараджэнне і пасля Нараджэння дзівосным чынам засталася такою ж.

 

1533 год. Памёр Васіль III Іванавіч. 

Вялікі князь маскоўскі (1505-1533).

Быў жанаты з Аленай Глінскай, дачкой літоўскага князя Васіля Глінскага, ад шлюба з якой меў сыноў Івана (будучы Іван Жахлівы), Юрыя.

У выніку двух маскоўска-літоўскіх войнаў (1507-1508 і 1512-1522) далучыў смаленскія землі, на яго бок перайшоў Міхал Глінскі. Далучыў да Масквы Пскоў (1510), Смаленск (1514), Разань (1521), Ноўгарад-Северскі (1522).

 

1665 год. Пачала працу Берасцейская мынца (менніца, манетны двор). 

Створана падчас грашовай рэформы караля Яна Казіміра для выбіцця літоўскіх медных шэлягаў – “барацінак” (у гонар прадстаўніка  арэндатара мынцы Тытуса Лівіюша Бараціні).

Працавала да 16 снежня 1666 года, калі была зачыненая каралеўскім распараджэннем.

На мынцы выбіта 240 680 150 медных шэлягаў на суму 2 674 268 злотых і 10 грошаў ці 240 680 150 шэлягаў (1 злоты = 90 грошам, 1 грош = 3 шэлягам).

Шэлягі, выбітыя на берасцейскай мынцы, падобныя да барацінак бітых віленскай мынцай. На авэрсе – партрэт Яна Казіміра, вакол надпіс IOAN CAS REX, пад партрэтам манаграма Бараціні – TLB. На рэверсе – Пагоня, вакол надпіс SOLI MAG DVC LIT 1665/1666. Над Пагоняю Вялікакняская карона, пад Пагоняю манаграма вялікага падскарбія літоўскага Гэраніма Крышпіна Кіршэнштэйна – KHPL. Некаторыя беларускія даследчыкі сцьвярджаюць, што гэта першае ў гісторыі Рэчы Паспалітай ўжыванне на манэтах не лацінскага, а польскага ці беларускага скароту.

Берасцейскія барацінкі адрозніваюцца ад віленскіх малой манаграмаю KHPL, і «Пагоняю», якая мае толькі шчыт, у той час, як «Пагоня» на віленскіх барацінках акрамя выгнутага шчыта мае «крылы».

 

1680 год. Курыца ў Рыме знясла яйка з выявай вялікай каметы, якую людзі ўбачылі 16 снежня таго ж года. 

Навуковага тлумачэння гэтаму няма.

Гэта была Вялікая камета ці Камета Кірха, ці Камета Ньютана. Адкрыта германскім астраномам Г. Кірхам у лістападзе 1680 года. Стала адной з самых яркіх камет XVII стагоддзя. Была бачнай няўзброеным вокам нават днём і адрознівалася доўгім хвастом. Апошні раз назіралася 19 сакавіка 1681 года.

 

1911 год. У Бабруйску нарадзіўся Ісак Давідовіч. 

Беларускі жывапісец і графік.

Працаваў у галіне станковага і манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, у станковай і кніжнай графіцы, маляваў ілюстрацыі і плакаты, ствараў капэрты для Белпошты.

Сярод манументальных твораў – роспіс плафона «Дружба народаў» тэатра юнага гледача, пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі дзяржавамі. 

Афармляў кнігі З. Бядулі, Максіма Танка, Івана Мележа.

Памёр на наступны дзень апасля 82-га года нараджэння, 5 снежня 1993 года.

Фота: Давідовіч І. Курлаўскі расстрэл, 1939

 

1935 год. Нарадзілася Сцепаніда Сцепанюк. 

Легендарная беларуская ткачыха, народны майстар.

Адрадзіла «спадніцы-палатнянкі» і ткала маларыцкія касцюмы цалкам па традыцыйнай тэхналогіі – “кажушком”. У 2012 годзе апранула ў маларыцкі строй заслужаны аматарскі калектыў ансамбль танцу «Радасць» Брэсцкага ГДК.

Праводзіла майстар-класы для дзяцей і дарослых у Беларусі, Ўкраіне і Польшчы.

Шмат дзесяцігоддзяў спявала ў праваслаўнай царкве, уладальніца прыгожага сапрана.

У верасні 2021 года ў яе хаце здарыўся пажар, згарэла ўся яе калекцыя — натканыя ручнікі, посцілкі, наміткі, спадніцы-буркі і нават строй, які жанчына выткала сабе на смерць. Сама яна дзівам уратавалася.

Памерла 1 ліпеня 2022 года.

 

1939 год. У складзе БССР былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. 

Утвораны на тэрыторыі далучанай Заходняй Беларусі. У гэты час тэрыторыя БССР склала 223 тысячы км². 

Пасля ўтварэння новых абласцей, іх колькасць узрасла да 10. 

Да гэтага, 15 студзеня 1938 года, былі ўтвораны Мінская, Віцебская, Гомельская, Віцебская, Палеская (цэнтр – Мазыр) вобласці.

 

1957 год. Памёр Леў Дашкевіч. Беларускі фотамастак, навуковец, вынаходнік, публіцыст, педагог.

Вандраваў у якасці фатографа Камісіі па апісанні мясцовасцей і плямён Каўказа, служыў дзяржаўным фатографам урада Азербайджанскай рэспублікі.

У Мінску чытаў курсы лекцый па сусветнай літаратуры і фатаграфіі ў інстытуце народнай адукацыі, выкладаў францускую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце, працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, навуковым фатографам на медыцынскім факультэце БДУ, у Доме тэхнікі, на геаграфічным факультэце БДУ, 1-й клініцы Мінскага медінстытута, Інстытуце тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР.

Яго фатаграфічныя працы друкаваліся ў выданнях: Азбукін М. «Географія Эўропы», Грамыка М. «Пачатковая географія», «Чатырохстолецьце беларускага друку», Багдановіч М. «Творы», «Сучаснае беларускае мастацтва», «Беларусь Савецкая: Фотаальбом» і іншых.

У верасні-снежні 2002 года ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі адбылася выстаўка твораў Дашкевіча «Зачараваны Беларуссю».

 

1972 год. Памёр Мікалай Аладаў. 

Беларускі кампазітар і педагог. Народны артыст.

Адзін з арганізатараў і першых выкладчыкаў Беларускага музычнага тэхнікума і кансэрваторыі, адзін са стваральнікаў беларускай кампазітарскай арганізацыі, прафесар і дырэктар кансерваторыі.

Сваімі творамі заклаў асновы многіх жанраў беларускае прафесійнае музыкі. Даў першыя ў беларускай музыцы ўзоры драматычнай і лірыка-псіхалагічнай сімфоніі.

Кампазітару ўласцівы сімфанічнасць музычнага мыслення, шырокае выкарыстанне сродкаў поліфаніі, актыўнае стаўленне да фальклёрнага матэрыялу.

Рэдактар шматлікіх музычных выданняў, збіральнік і даследчык фальклёру.

Блізкі сябар Янкі Купалы.  

Аўтар каля 10 сімфоній, опер, у тым ліку «Тарас на Парнасе», паэм, рамансаў на вершы Я. Купалы і М.Багдановіча, кантат і іншых твораў.

 

1980 год. Памерла Вольга Галіна (па мужу Александроўская, дзявочае Грудзінская). 

Беларуская актрыса. Народная артыстка.

Служыла актрысай ў Беларускім дзяржаўным тэатры (цяпер Купалаўскі, Мінск), выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Сярод найбольш значных роляў Марыя Аляксандраўна («Сям’я» І. Папова), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А. Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М. Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А. Чэхава). Іграла ў пастаноўкаў па творах Я. Рамановіча, Лопэ дэ Вэга, У. Шэкспіра, А. Астроўскага, Л. Талстога, М. Горкага і іншых.

Выступала ў перыядычным друку з успамінамі пра дзеячаў беларускага тэатра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-разважаннямі пра сутнасць акцёрскага майстэрства.

 

1989 год. Генеральная Асамблея ААН ухваліла Міжнародную канвенцыю аб барацьбе з вярбоўкаю, выкарыстаннем, фінансаваннем і навучаннем наймітаў. 

Беларусь ратыфікавала канвенцыю 28 мая 1997 года. 

Канвенцыя ўяўляе сабой дамову паміж краінамі і ААН, якая накіравана на барацьбу з наймітамі, ставіць па-за законам розныя прыватныя вайсковыя кампаніі па тыпу ПВК Вагнера.

 

1989 год. У Маскве кіраўнікі Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы і СССР асудзілі ўвод іх войскаў у Чэхаславакію ў жніўні 1968 года. 

У заяве кіраўнікоў гэтых краін рашэнне аб уступленні саюзных войскаў у Чэхаславакію прызнана памылковым і асуджана як неабгрунтаванае ўмяшанне ва ўнутраныя дзяржавы.

Нагадаем, што ў студзені 1968 года ў ЧССР быў узяты курс на дэмакратычнае абнаўленне сацыялізму. Гэта выклікала трывогу ў СССР. Увод войск у Чэхаславакію пачаўся 20 жніўня 1968 года ў 23.00. У ноч на 21 жніўня былі ўведзены войскі СССР, Польшчы, ГДР, Венгрыі і Балгарыі з чатырох напрамкаў. На аэрадромы ЧСССР былі перакінуты паветрана-дэсантныя войскі СССР, якія ўзялі пад кантроль найважнейшыя аб’екты, перш за ўсё ў Празе і Брно.

На працягу 36 гадзін войска (300 000 чалавек) краін Варшаўскай дамовы (акрамя Румыніі) ўсталявалі поўны кантроль над чэхаславацкай тэрыторыяй. 200-тысячнае чэхаславацкае войска не аказвала ніякага супраціву. Яно заставалася ў казармах, выконваючы загад свайго міністра абароны.

Кіраўніцтва Кампартыі Чэхаславакіі было арыштавана і дастаўлена ў Маскву. Але план сфарміраваць “рэвалюцыйны ўрад” з лаяльных СССР чэхаславацкіх дзеячаў праваліўся. Усе пласты грамадства Чэхаславакіі выступілі рэзка супраць знаходжання замежных войскаў на тэрыторыі краіны.

У канцы жніўня чэхаславацкія кіраўнікі былі вернуты на радзіму. 16 кастрычніка 1968 года была створана Цэнтральная група войскаў СССР у Чэхаславакіі са штабам у Мілавіцы пад Прагай і ў складзе дзвюх танкавых і трох мотастралковых дывізій.

Цэнтральная група войскаў была выведзена з ЧССР толькі ў 1991 годзе па дамове 26 лютага 1990 года. Войскі СССР размяшчаліся ў 67 паселішчах Чэхіі і ў 16 Славакіі. У баявым складзе налічвалася звыш за 1100 танкаў, 2500 БМП, 1200 артсістэм, 100 самалётаў, 170 верталётаў. Агульная колькасць вайскоўцаў складала звыш 92 000, грамадзянскага персанала – 45 000.

 

2008 год. Выйшаў апошні нумар газеты «Наша ніва», надрукаваны тарашкевіцай.

Ад заснавання і да №595 (45) за 4 снежня 2008 года газета друкавалася «тарашкевіцай». Аднак, на сайце газеты перадрук паведамленняў беларускіх інфармацыйных агенцтваў і артыкулаў з іншых беларускамоўных выданняў на беларускай літаратурнай мове размяшчаўся і раней. 

Выкарыстанне газетай старога правапісу стала падставай для дыскусій як сярод аўтараў газеты, так і сярод чытачоў інтэрнэт-версіі газеты ў сувязі з абавязковым пераводам выдання з 1 верасня 2010 года на новы правапіс паводле Закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. 

У 2007 годзе заснавальнік газеты і першы яе рэдактар С. Дубавец прызнаў ранейшую правільнасць, але далейшую бесперспектыўнасць выбару газеты на карысць тарашкевіцы.