У Асіповіцкім раёне выявілі кнігі з занадта маленькімі прабеламі

У прыватнага прадпрымальніка ў Асіповіцкім раёне падчас праверкі знайшлі літаратурныя выданні, якія не адпавядаюць тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза. Выяўлена, што прабелы ў кнігах не адпавядаюць патрабаванням – яны ў некалькі разоў менш, чым неабходна. Як адзначылі спецыялісты, такія кнігі могуць нанесці шкоду здароўю дзяцей. Уся гэтая прадукцыя – расійскай вытворчасці. Продаж кніг быў забаронены.

Фота Магілёўскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта.

Дзень у гісторыі. 10 мая. Каранацыя Лагішынскага абраза. Спаленне кніг. Мемарыял ахвярам Халакосту. Нарадзіліся Леў Бакст, Янка Маўр, Сяргей Панізнік. Загінуў С. Булак-Балаховіч.

1864 год. У Магілёве расійскімі карнікамі расстраляны Міхал Аскерка (1836-1864).

Урач, паўстанцкі камісар Мінскай і Магілёўскай губерняў у 1863-1864 гадах.

Скончыў Слуцкую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.

Працаваў урачом у Сенненскім і Ашмянскім паветах.

Падчас паўстання стаў паўстанцкім камісарам у Магілёўскай губерні, у Пецярбургу гуртаваў патрыятычна настроеных афіцэраў. Каардынаваў паўстанцаў на Магілёўшчыне з 5 мая 1863 года. Пасля іх паражэння, перанёс сваю дзейнасць у Мінск і Ігуменскія лясы, стаў паўстанцкім камісарам Мінскай губерні.

Арыштаваны 21 кастрычніка 1863 годзе падчас чарговай паездкі ў Пецярбург. На следстве ў Санкт-Пецярбургу і Магілёве адмаўляўся даваць паказанні.

Подзвіг Аскеркі адлюстраваны У. Караткевічам у рамане «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).

1866 год. У Гародні нарадзіўся Леў Бакст (1866-1924).

Сусветна вядомы мастак, сцэнограф, майстар станкавага жывапісу і тэатральнай графікі. Акадэмік Імператарскай акадэміі мастацтваў, Кавалер ордэна Ганаровага легіёна.

У розных крыніцах падаюцца розныя даты нараджэння: 27 студзеня (8 лютага), 27 красавіка, 9, 10 мая.

Вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, парыжскіх студыях, у фінскага мастака А. Эдэльфельта.

Працаваў у Маскоўскім, Аляксандраўскім тэатрах, у прыватнай мастацкай школе Л. Звягінцавай у Пецярбургу (сярод яго вучняў – М. Шагал), ствараў партрэты, кніжныя ілюстрацыі, выступаў як мастак-графік, супрацоўнічаў з рознымі часопісамі, ствараў дэкарацыі і касцюмы для спектакляў.

З 1909 года працаваў у Парыжы – быў вядучым дэкаратарам «рускіх сезонаў за мяжой» С. Дзягілева, займаўся эскізамі дэкарацый і мадэліраваннем адзення для балетаў, працаваў у тэатрах Лондана, Нью-Йорка, Бруселя, Рыма.

Як жывапісец выстаўляўся ў Берліне, Празе, Вене, Венецыі, Рыме, Парыжы, Мюнхене.

Аўтар тэарэтычных прац у галіне мастацтва.

Памёр 27 снежня 1924 года ў Парыжы. Яго імем названы вуліцы ў Парыжы, Гародні.

Некаторыя яго творы захоўваюцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску.

1883 год. Нарадзіўся Іван Фёдараў (Янка Маўр, 1883-1971).

Беларускі географ, педагог, перакладчык, “бацька” беларускай дзіцячай літаратуры, прыгодніцкага, навукова-папулярнага жанраў, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, Заслужаны дзеяч культуры.

Уладальнік найлепшай у даваеннай Беларусі хатняй бібліятэкі. Паплечнік і сваяк Якуба Коласа.

Найбольш вядомыя яго творы: “У краіне райскай птушкі”, “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, “Слёзы Тубі”.

Яго творы пераведзены на шматлікія мовы, выдаваліся ў розных краінах, у т.л. ЗША, Вялікабрытаніі, Кітаі.

У гонар пісьменніка носяць вуліцы ў Мінску, Пінску, мінская абласная бібліятэка, школа ў Барысаўскім раёне.

Памёр 3 жніўня 1971 года.

1883 год. Указам Аляксандра III у Расіі ўведзены бела-сіне-чырвоны сцяг.

Афіцыйна зацверджаны як дзяржаўны напярэдадні каранацыі Мікалая II у 1896 годзе. Да гэтага дзяржаўным сцягам Расійскай імперыі лічыўся чорна-жоўта-белы сцяг, які ў цяперашні час выкарыстоўваецца рознымі манархічнымі рухамі, а бела-сіне-чырвоны сцяг з часоў Пятра I быў гандлёвым або камерцыйным сцягам Расіі.

Чырвоны колер азначаў дзяржаўнасць, сіні – колер Маці Божай, белы – колер свабоды і незалежнасці.

Адначасова расійскі трыкалёр – сімвал Уласаўскай арміі, агрэсіі супраць Грузіі, Украіны, канфліктаў і ваенных аперацый у Прыднястроўі, Сірыі і іншых кутках свету.

1918 год. Магілёўская гарадская ўправа зацвердзіла эскізы бон.

Гэта было зроблена для наступнага выпуску ў памеры 3 мільёнаў рублёў. Іх выпуск быў дазволены фінаддзелам 1-га польскага корпуса. 

Прынята рашэнне аб выпуску ў першую чаргу бон у 1 і 3 рублі, потым, пры неабходнасці ў 50 капеек, 5, 10 і 25 рублёў.

Для друку бон выбрана магілёўская друкарня Падземскага.

1931 год. У в. Новааляксандраўка Дрыбінскага раёна нарадзіўся  Сцяпан Гаўрусёў (1931-1988).

Беларускі паэт, перакладчык.

Скончыў Магілёўскае педвучылішча. Працаваў у газеце «Звязда», выдавецтве «Беларусь».

Аўтар вершаў, 13 зборнікаў паэзіі, шматлікіх рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў.

Пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, М. Святлова, А. Пракоф’ева, М. Дудзіна, С. Нараўчатава, Я. Райніса, Г. Гуляма, Міртэміра, Я. Судрабкална, І. Харыка, А. Туманяна, М. Джаліля.

1933 год. Нарадзіўся Уладзімір Вітко.

Беларускі мастак.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Працаваў у Віцебску мастаком на фабрыцы «КІМ», на шаўковым камбінаце, у мастацка-вытворчых майстэрнях.

Яго творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, у дырэкцыі выставак Мастацкага Фонда Беларусі, у прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі.

Аўтар пейзажаў, выкананых пераважна ў тэхніцы алейнага жывапісу, нацюрмортаў, партрэтаў.

Для жывапіснай манеры мастака характэрнымі з’яўляюцца арыгінальнасць і смеласць каларыту, імкненне да абагульнення форм, дэкаратыўнай гучнасці, альбо, наадварот, наўмыснай прыглушанасці колеру.

Памёр 7 красавіка 2020 года.

1933 год. У Берліне і іншых гарадах Германіі нацысты ўчынілі дэманстрацыйнае спаленне кніг.

Познім вечарам у цэнтры Берліна, на плошчы Оперы, гітлераўцы ўчынілі масавае спаленне кніг, “чужых арыйскаму духу”. Агню былі адданы творы Г. Гейне, Л. Талстога, Э. Заля, М. Пруста, Э.-М. Рэмарка, Т. Мана, Г. Мана, Г. Уэлса, Д. Лондана…

Па сведчанні відавочцаў, велізарны натоўп, які атачыў гіганцкае вогнішча, прыйшоў у захапленне ад істэрычнага выступу арганізатара гэтага дзейства, рэйхсміністра народнай асветы і прапаганды Паўля Ёзэфа Гебельса. 

У свой час Гейнэ, некалі каханы Гебельсам, па-прароцку заўважыў: “Хто спальвае кнігі, калі-небудзь будзе спальваць людзей”…

1940 год. У Варшаве забіты Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1940).

Расійскі, беларускі і польскі вайсковы дзеяч, афіцэр кавалерыі рускай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал арміі БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі, удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку генерала Франка.

У 1921 годзе быў прызнаны Дзяржаўным камітэтам БНР «вярхоўным камандуючым над усімі ўзброенымі сіламі Беларусі». У паваенны час займаўся сельскай і лясной гаспадаркай у Белавежскай пушчы. Агенты АДПУ арганізавалі на яго некалькі замахаў.

Пасля акупацыі Польшчы Трэцім Рэйхам спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад для барацьбы з нацысцкімі акупантамі, удзельнічаў у абароне Варшавы. 

Забіты нямецкім патрулём.

У Варшаве на будынку праваслаўнай духоўнай семінарыі ў раёне Саска-Кэмпа знаходзіцца памятная дошка ў памяць пра Булак-Балаховіча.

Вядомыя яго два вершы па-беларуску: «Покліч бацькі» і «Шарак ці брысь». Выпусціў дзве кнігі пра магчымасць вайны з Германіяй: «Вайна, будзе ці не будзе», «Далоў Гітлера ці хайль Гітлер?».

1942 год. Нарадзіўся Сяргей Панізнік.

Беларускі паэт, празаік, публіцыст.

Скончыў Магілёўскае медвучылішча, факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча.

Працаваў ваенным журналістам, у газеце «Вячэрні Мінск», на Дзяржтэлерадыё БССР, у выдавецтве «Юнацтва», у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны, у Літаратурным музеі Янкі Купалы.

Аўтар 9 зборнікаў паэзіі, шэрагу кнігі публіцыстыкі. Піша для дзяцей: зборнікі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду», «Жыцень», «Мы – грамацеі», «Золкая зёлка».

У перыядычным друку выступае па праблемах сучаснага літаратурнага працэсу.

1997 год. Урачыстая каранацыя Папай Рымскім абраза Маці Божай Каралевы Палесся – Лагішынскага абраза.

Цудадзейны абраз Маці Божай Лагішынскай быў урачыста каранаваны. Кароны, благаслаўлёныя Папам Янам Паўлам II, былі прывезеныя ў Беларусь і ўскладзеныя на абраз кардыналам Казімірам Свёнткам, які ў той час быў ардынарыем Пінскай дыяцэзіі. Маці Божая ў Лагішыне была ўрачыста абвешчана Каралеваю Палесся і заступніцаю Пінскай дыяцэзіі.

2005 год. Каля Брандэнбургскіх варот ў Берліне адкрыты мемарыял ахвярам Халакосту.

Падчас Халакосту загінула 6 000 000 габрэяў.

На плошчы 19 000 квадратных метраў (два футбольных поля) у шахматным парадку ўстаноўлены 2 711 шэрых блокаў  вышынёй ад  0,2 да 4,7 м – камены лабірынт, выхад з якога наведвальніку трэба шукаць самастойна. Пад зямлёй на плошчы 800 квадратных метраў пабудавана Месца інфармацыі з матэрыяламі аб Халакосце, яго прычынах і наступствах.

У прыватнасці, прадстаўлены спіс з ізраільскага комплексу Яд Вашэм, які змяшчае імёны каля 3 000 000 загінуўшых.

На цырымоніі адкрыцця музея прысутнічала ўся нямецкая палітычная эліта, у тым ліку прэзідэнт, федэральны канцлер і старшыня бундэстага, а таксама каля 1 000 гасцей з усяго свету, сярод якіх было некалькі чалавек, якія перажылі Халакост.

Фота з адкрытых крыніц

Не стала Алега Судлянкова – калекцыянера экслібрысаў

Памёр Алег Судлянкоў на 83 годзе жыцця. 8 мая ў яго быў дзень народзінаў.

Пра тое, што Алег Судлянкоў пайшоў ад нас паведаміў 13 чэрвеня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кнігазнавец, культуролаг, бібліятэкар Алесь Суша.

scontent-frt3-1.xx.fbcdn.net

«Не стала аднаго з найлепшых у Беларусі бібліяфілаў, збіральніка кніжнай графікі, уладальніка непараўнальнай калекцыі экслібрысаў, нястомнага творцы і папулярызатара высокага мастацтва гравюры… Алега Судлянкова», – напісаў ён.

Нарадзіўся Алег Судлянкоў 8 мая 1940 года ў Хабараўску, але большая частка яго жыцця звязаная з Беларуссю. Па адукацыі ён быў інжынерам.

scontent-frt3-1.xx.fbcdn.net

Збіраць экслібрысы (знакі, ярлыкі, які наклейваюцца на ўнутраны бок вокладкі або пераплёту кнігі) пачаў ад 1966 года. Ягоная калекцыі налічвае тысячы экспанатаў.

Алег Судлянкоў быў арганізатарам, удзельнікам выставачных праектаў.

«Шмат з ім што мы рабілі ў апошнія месяцы, шмат кантактавалі: выставы і конкурсы беларускага экслібрыса, экспанаванне меднай дошкі 17 ст. і друк з яе цудоўных гравюр, выставы прац майстроў венскай школы разцовай гравюры і твораў Лембіта Лыхмуса, выставы французскіх суперэкслібрысаў, экспанаванне адшуканых у Горадні архіваў даўніх друкарань і мільён іншых ініцыятыў», – адзначае ў сваім допісе Алесь Суша.

scontent-frx5-1.xx.fbcdn.net

Аўтар некралогу заўважае, што «не паспелі годна прэзентаваць яго апошнюю кнігу «История белорусских книжных знаков XVI-XX вв», хаця планавалі тое зрабіць у маі. І не з’ездзілі разам на Міжнародныя з’езды экслібрысістаў, хаця столькі разоў збіраліся.