Былы палітвязень Ілля Бохан распавёў пра тое, як за кратамі ў бабруйскай калоніі №2 палітычных зняволеных крок за крокам пазбаўляюць чалавечых умоў: ад забароны на адукацыю да спання на голых дошках у халодных камерах.
Ілля правёў некалькі гадоў у бабруйскай папраўчай калоніі і называе яе адной з самых цяжкіх для палітвязняў. Як ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, яшчэ ў 2022 годзе сітуацыя была больш-менш прымальнай: зняволеным дазвалялі атрымаць адукацыю, наведваць бібліятэку, хадзіць у царкву і нават гуляць у футбол. Але ўжо праз год для палітычных вязняў пачаліся татальныя абмежаванні: забаранілі ўсе гурткі, адклікалі аплачаныя курсы і пачалі масава чысціць паліцы бібліятэк ад «няправільных» кніг, асабліва гістарычных і польскамоўных.
«Некаторыя за свае грошы запісаліся на курсы ЕШКО, але іх проста выкраслілі з усіх спісаў», — узгадвае Ілля.
Працоўныя будні: холад, штрафы і пустыя кішэні
Ілля працаваў на ўчастку перапрацоўкі сырой гумы з «Белшыны». Гуму трэба было здабываць самастойна, бо брыгадзір адмаўляўся яе выдаваць палітвязням. Як вынік — пастаянна не выконвалася норма. За гэта адміністрацыя накладала штрафы і «прэсавала».
Пальчаткі выдавалі толькі раз на месяц, і яны рваліся ўжо праз некалькі дзён. Узімку ў вялікім двухпавярховым цэху быў ледзь не мароз. Пры гэтым зарплату за цяжкую працу зняволеныя амаль не бачылі: у месяц — капейкі, якія нават не траплялі на рукі.
Замест лекаў — таблетка ібупрафену
З медыцынскай дапамогай было яшчэ горш. «Усе твае хваробы лячылі адной таблеткай ібупрафену», — кажа Ілля. Пашкоджаная на гульні нага не стала падставай для вызвалення ад працы: праз дзень пасля траўмы Ілля з мыліцамі мусіў прыходзіць у цэх.
«Калі толькі паміраеш, тады могуць даць бальнічны. Зубны лекар наогул адмаўляўся лячыць — толькі вырываць», — з чорнай іроніяй кажа ён.
Штрафны ізалятар: смурод, цвіль і дошкі замест ложка
Аператыўнікі ў калоніі вырашалі, як «зламаць» палітвязняў псіхалагічна. Пагрозы «крытай турмы», новай крымінальнай справы ці «петушатні» былі штодзённай зброяй ціску.
Незадоўга да вызвалення Ілля правёў у штрафным ізалятары 42 дні. Афіцыйная прычына — нібыта парушэнне рэжыму і мат у адрас начальніка атрада. Камера ШІЗА — гэта некалькі крокаў у даўжыню, смурод і цвіль, драўляная падлога і дошка замест ложка.
«Першыя 15 дзён я думаў, што звар’яцею. Потым зразумеў: трэба проста дацягнуць да вызвалення», — кажа Ілля.
«Сёння ў Бабруйску сядзець яшчэ горш»
Зняволеным не дазваляюць мець стасункі паміж сабой, дзяліцца рэчамі, нават піць разам гарбату. Палітвязняў могуць пасадзіць у ШІЗА за любую дробязь — за размову, за кубак чаю, ці проста за «проста так».
Ілля ўспамінае, што падчас ягонага тэрміну ў штрафніках трымалі і іншых вядомых палітычных вязняў — Эдуарда Бабарыку, Ігара Салаўя.
«Цяпер умовы яшчэ горшыя, — кажа ён. — Былы вязень, які нядаўна выйшаў, казаў: «Там цяпер проста немагчыма сядзець». І я веру кожнаму слову».
Даведка “Вясны”:
Ілля Аляксандравіч Бохан — фігурант справы аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу), узбуджанай па падзеях у Пінску ў ноч пасля выбараў 9 жніўня.
У судзе Ленінскага раёна Брэста 21 кастрычніка 2021 года вынеслі прысуды двум фігурантам “пінскай справы”. Палітзняволенага Іллю Бохана і Сцяпана Дразда суддзя Андрэй Грушко прызнаў вінаватым па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і асудзіў да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі адпаведна. Менавіта такое пакаранне запрасіла для іх пракурорка Алена Ціхановіч. Гэта ўжо трэцяя асуджаная група па “пінскай справе” — агулам за ўдзел у акцыях пратэсту ў Пінску з 9 на 10 жніўня пазбавілі волі 26 чалавек.
У сярэдзіне лютага 2022 праваабаронцам стала вядома, што Ілля быў пераведзены з СІЗА-7 у бабруйскую ПК № 2. Быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Выйшаў на волю 17 красавіка 2024 г. Зараз знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.
Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”