Пасля трагедыі ў Быхаве, дзе 11 ліпеня на кар’еры засыпала пяском 10-гадовага хлопчыка, праверкі на бяспеку гаспадарчых кар’ераў пракаціліся па ўсёй вобласці. У Мсціслаўскім раёне, у прыватнасці, эколагі і ратавальнікі правялі маніторынг усіх сямі наяўных кар’ераў, пяці агульнагаспадарчых і двух прамысловых – піша “Святло Кастрычніка”.
Недахопы былі знойдзены – у адрас арганізацый інспекцыяй былі накіраваны інфармацыйныя лісты аб устараненні парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Ратавальнікі праінфармавалі зацікаўленыя службы аб недапушчальнасці знаходжання на тэрыторыі кар’ераў дзяцей і пабочных асоб.
Крычаўляне неаднаразова звярталі ўвагу на небяспечную і неналежную бакавую агароджу ўздоўж возера Маладзёжнае, асабліва на скрыжаванні вуліц Пугачова і Маладзёжнай. Справа ў тым, што агароджа досыць кволая і не зможа стрымаць аўтамабіль, які, не разлічыўшы, будзе ехаць на вялікай хуткасці. У такой сітуацыі ён патрапіць наўпрост у вадаём.
У сувязі з гэтым крычаўская аўтаінспекцыя на ўчастку дарогі каля былога кар’ера правяла праверку бакавой агароджы і высветліла, што яна не адпавядае тэхнічным патрабаванням арганізацыі дарожнага руху. Пытанне пра небяспечную бакавую агароджу на ўчастку дарогі ўздоўж возера Маладзёжнага на працягу года будзе вынесена на абмеркаванне ў раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху, для прыняцця рашэння па ўсталяванню надзейнай бар’ернай агароджы згодна з ўсімі тэхнічнымі патрабаваннямі –паведамляераённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Возера Маладзёжнае – былы кар’ер, які распрацоўвалі для патрэб мясцовага цэмзавода, а яго глыбыня сягае больш за 30 метраў.
У Крычаве ўрачыста адкрылі экалагічны гарадок недалёка ад берага возера Маладзёжнае. Па задумцы мясцовых чыноўнікаў гэты культурны аб’ект павінен стаць зонай адпачынку для гараджанаў.
На тэрыторыі гарадка на сённяшні момант зроблена шэсць драўляных альтанак для адпачынку, усталяваны дзве біяпрыбіральні, кантэйнеры для смецця, ёсць асвятленне і дзіцячая пляцоўка. Таксама абсталявана месца для палення вогнішчаў.
Мясцовыя жыхары адзначаюць, што комплекс з чатырма драўлянымі лавамі і шасцю валунамі размешчанымі па коле, у цэнтры якога знаходзіцца месца для вогнішча, нагадвае язычніцкае капішча.
Уваход на тэрыторыю экалагічнага гарадка пачынаецца з плутара дзясяткаў валуноў розных парод, якія размешчаны лініяй, што пазначае межы аб’екта адпачынку. Кампазіцыя крыху нагадвае мінскі парк-музей камянёў, створаны ў 1985 годзе навукоўцамі-геолагамі.
Пабудавана была і аглядная пляцоўка, агароджаная жалезнымі парэнчамі па перыметру. З пляцоўкі адкрываецца прыгожы выгляд на водную роўнядзь сённяшняга возера Маладзёжнае, а ў далечыні бачны карпусы старога цэментна-шыфернага камбіната і розныя будынкі двух гарадскіх раёнаў (т.зв. “Вакзал” і “Цэмзавод”).
Адзначым, што возера Маладзежнае – гэта былы кар’ер, у якім здабывалі сыравіну для вытворчых патрэбаў цэментнага завода. Глыбіня кар’ера больш чым 30 метраў, што аўтаматычна робіць яго дастаткова небяспечным водным аб’ектам для адпачынку.
На тэрыторыі старога цэментнага завода хоць і спынілі вытворчасць з 2015 года, аднак праз год ТАА «Кровельные материалы Беларуси — Восток» стала арандаваць у цэментнікаў вытворчую лінію. Цяпер бліжэйшыя планы кампаніі заключаюцца ў тым, каб мадэрнізаваць шыферную вытворчасць. А гэта ў сваю чаргу не ўвязваецца з ідэяй “экалагічнага гарадка” як месца адпачынку мясцовых жыхароў, бо хутчэй за ўсё вытворчасць не будзе экалагічнай. Дарэчы, дзейнасць цэментнага завода, які пачаў працаваць з 1933 года, доўгі час забруджвала экалогію Крычава і ваколіц.
Месца размяшчэння экалагічнага гарадка ставіць пад сумнеў таксама ажыўленая шаша, што пралягае побач. Пры гэтым не менш прыгожыя і досыць ціхія месцы для адпачынку ў Крычаве існуюць на беразе ракі Сож, што цячэ ў старой частцы горада, насычанай багатай гісторыяй.