Дзень у гісторыі: 4 верасня. Дзень беларускага пісьменства. Нарадзіліся: пісьменнік Сакрат Яновіч і юрыст, палітзняволены Максім Знак. Памёр мастацтвазнаўца Міхаіл Раманюк

Дзень беларускага пісьменства.

Адзначаецца з 1994 году.

Ініцыятыва аб запачаткаванні Дня беларускага пісьменства сыходзіла з Міністэрства культуры і друку Беларусі. Нагадой для яго стала 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны.

Першапачаткова гэты Дзень быў прымеркаваны да выдання першай друкаванай беларускай кнігі – 6 жніўня 1517 году. З 1998 году яго адзначаюць у першую нядзелю верасня.

Месца для правядзення фэстаў Дня беларускага пісьменства штогод мяняецца. Сёлета гэта Добруш.

1831 год. Памёр Юзаф Пешка.

Жывапісец, прадстаўнік акадэмічнага класіцызму.

Працаваў у розных беларускіх гарадах і мястэчках, выкладаў у Школе прыгожых мастацтваў, у Ягелонскім універсітэце.

Пасля падарожжаў па Беларусі пакінуў выявы краявідаў Магілёва і Шклова, Магілёўскай губерні, Віцебску, Нясвіжа, Мінску.

Аўтар партрэтаў гістарычных дзеячаў, работ па гісторыі Рэчы Паспалітай.

Яго пейзажы асабліва каштоўныя для вывучэння архітэктуры Мінску.

1884 год. Нарадзіўся Хведар Імшэнік.

Беларускі літаратуразнаўца, мемуарыст, педагог.

Па запрашэнні Максіма Багдановіча пераехаў у Яраслаў выкладаць у прыватнай мужчынскай гімназіі.

Працаваў дырэктарам Бабруйскага, Рагачоўскага, выкладчыкам Гомельскага педагагічных тэхнікумаў.

Напісаў успаміны пра Максіма Багдановіча і газету «Наша ніва».

Арыштаваны 15 ліпеня 1930 па справе «Саюзу вызвалення Беларусі». Сасланы на 5 гадоў ва Уфу. Далейшы лёс невядомы.

1891 год. Памёр Міхаіл Каяловіч.

Гісторык, славянафіл.

Даследчык гісторыі ўніяцтва, царкоўнай і агульнай гісторыі, народнага руху Заходняга краю.

1906 год. Нарадзіўся Ігнат Дуброўскі.

Пісьменнік, навуковец.

Загадваў сектарам аграрных праблем Інстытуту эканомікі савецкай Беларусі, даследаваў эканоміку.

Аўтар шэрагу аповесцяў ды нарысаў.

Пачынальнік аналітычнага нарысу ў беларускай літаратуры.

1936 год. Нарадзіўся Сакрат Яновіч.

Пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч Беласточчыны.

Працаваў у газеце «Ніва», ачольваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне. У створным ім асяродку Villa Socrates праходзілі беларускія і міжнародныя інтэлектуальныя сустрэчы.

Аўтар зборнікаў апавяданняў і мініяцюр, каля 30 кніг.

Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Янкі Брыля, п’есу Яўгена Шабана «Шрамы» для Драматычнага тэатру імя Вянгеркі ў Беластоку.

1981 год. Нарадзіўся Максім Знак.

Юрыст, адвакат і палітык.

Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітзняволеным.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 году быў юрыстам штабу кандыдата на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Уваходзіў у склад Каардынацыйнай Рады па арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу.

Абвінавачаны ў стварэнні і кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. Асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Узнагароджаны прэміямі Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў за ўнёсак у абарону правоў чалавека «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы.

1991 год. Прынята пастанова ўраду савецкай Беларусі «Аб ўвекавечанні памяці Францыска Скарыны за мяжой».

Помнікі Скарыну стаяць у Вільнюсе, Калінінградзе, Празе, Кішынэве.

1997 год. Памёр Міхаіл Раманюк.

Мастацтвазнаўца, мастак, этнограф.

Даследчык народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі і беларускага народнага адзення ХІХ– пачатку ХХ стагоддзя.

Аўтар альбомаў, кніг, серыі паштовых марак з народным адзеннем, сцэнічных касцюмаў для мастацкіх калектываў, альбому «Беларускія народныя крыжы».


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.