У Глуску жанчына першы раз нараджае ў 28 гадоў, а выходзіць замуж, як правіла, у 34.
Раённая газета “Радзіма” пацікавілася дэмаграфіяй Глушчыны за 2022 год і між іншым апублікавала загадкавыя звесткі пра ўтварэнне сям’і і нараджэнне дзяцей у раёне.
Паводле звестак рэестра ў Глускім раёне ў 2022 годзе сярэдні ўзрост нявесты быў 34 гады, а жаніха – 39 гадоў. Самай малодшай нявесце было ўсяго 16 гадоў, а самаму маладому жаніху – 20. А вось самая ўзроставая нявеста выйшла замуж у 63 гады, а жаніх – у 65.
У аддзеле зарэгістраваны два шлюбы з грамадзянамі Расіі і адзін з грамадзянінам Рэспублікі Мальта.
Як распавяла кіраўнік аддзела ЗАГСа Ганна Марціновіч, з кожным годам урачыстая рэгістрацыя праходзіць з усё меншай колькасцю сваякоў, найчасцей у вельмі блізкім сямейным крузе. Больш таго, усё больш маладых адмаўляюцца ад цырымоніі і проста прыходзяць падпісаць і атрымаць пасведчанне аб шлюбе.
А вось з нараджэннем немаўлятаў усё застаецца традыцыйна. Сярэдні ўзрост мамак у 2022 годзе быў 28 гадоў, а бацькоў 30 гадоў. У той жа час самай малодшай маці было 16 гадоў, а 19-гадовы хлопец стаў самым маладым бацькам. Самай узроставай маці споўнілася 40 гадоў, а найстарэйшым бацькам стаў мужчына ў 49 гадоў.
Лідарства сярод імёнаў дзяўчынак у 2022 годзе было падзелена Вікторыяй і Евай. Акрамя таго, маленькіх дзяўчат называлі: Марыя, Міраслава, Ганна, Вера, Дарыя, Анастасія, Злата, Арына, Эвеліна, Эмілія. Самыя арыгінальныя і рэдкія імёны – гэта немаўляты: Бажэна, Мія, Каталія, Васіліса, Рамін.
Лідарства сярод мужчынскіх імёнаў у 2022 годзе захапілі Дзмітрый і Матвей. Таксама часта хлопчыкам давалі імёны: Марат, Міхаіл, Марк, Растыслаў, Юрый, Дамір, Максім, Уладзімір, Цімур, Канстанцін, Мікалай. Самыя рэдкія імёны: Маркус, Эмір, Гордзі, Дэвід.
Выходзіць так, што дзяўчаты, сапраўды, у Глускім раёне ў сярэднім нараджаюць раней, чым іх завуць замуж? Адгадка заключаецца ў тым, што жанчыны цяпер па некалькі разоў выходзяць замуж. За кошт другіх і трэціх шлюбаў атрымоўваецца такая розніца ў сярэдніх лічбах паміж нараджэннем дзіця і выхадам замуж.