У Магілёве стварылі мабільныя групы для кантролю за скошваннем травы

Падрослая трава дала магілёўскім чыноўнікам новую нагоду для імітацыі бурлівай дзейнасці, бо цяпер можна стварыць спецыяльныя мабільныя групы для кантролю за гэтым працэсам.

Старшыня гарвыканкама Сяргей Чарткоў сабраў 3 чэрвеня 2025 года камунальнікаў, каб нагадаць: добраўпарадкаванне — справа сур’ёзная, хоць і не заўсёды патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў, піша набліжаны да ўладаў горада тэлеграм-канал “Магілёў — мой горад”.

Асаблівы акцэнт зрабілі на скошванні травы, якое раптам стала справай дзяржаўнай важнасці. Недастаткова проста падстрыгчы газоны — цяпер за гэтым будуць сачыць мабільныя групы, створаныя ў Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах. Магчыма, наступным крокам стане з’яўленне “спецыялістаў” па вымярэнні даўжыні травінак.

Мабільныя групы — гэта спецатрады паказнога клопату, якія патрулююць двары ў пошуках кустоў і газонаў, што ўхіляюцца ад добраўпарадкавання.

Працэс, безумоўна, важны. Асабліва калі трэба імітаваць актыўную дзейнасць без лішніх выдаткаў. Менавіта так выглядае сапраўдны магілёўскі падыход: калі не істотна, каб стала лепш — галоўнае, каб выглядала, быццам нехта заняты. І асабліва важна адлюстраваць гэта ў мясцовай прэсе — з 4 чэрвеня ў склад адной з мабільных груп увайдуць журналісты “Весніка Магілёва”.

Фотаздымак: “Магілёў — мой горад”

Штучная дата, але сьвята патрэбнае Магілёву – апытанка Магілёў.media у афіцыйны Дзень Незалежнасці

Дзень незалежнасці ў Магілёве праходзіў сёлета традыцыйна: мітынг, канцэрты, кірмаш, сямейнае свята, спяванне гімна, феерверк. Тэма дзяржаўнасці ў цэнтры свята, але вонкава знайсці яе адлюстраванне не так проста. 

Фотарэпартаж з гушчару падзей з рэплікамі магілёўцаў.

Свята распачалося з афіцыйнага мітынгу на  Мемарыяльным комплексе ”Буйніцкае поле”. Нічога новага ці адметнага там не было. Адабраныя прадстаўнікі калектываў выявілі вытрымку, перамогшы спёку. Цікавасці магілёўцаў у апошнія гады да падобных акцый не назіраецца. 

Цікавасць, хаця і не ажыятаж, выклікала культурная праграма. Шмат было канцэртаў.

На плошча Адзінства, якая насупраць гарвыканкаму, выступалі народны аркестр рускіх народных інструментаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і творчы калектыў школ мастацтваў. Іх канцэрт называўся “Табе нашы песні, родная Беларусь!”.

Магілёўскі краязнаўца: “Дата канечне за вушы прыцягнутая да незалежнасці нашай краіны. Гэта дзень вызвалення ад фашыстаў і не болей. А вось само свята патрэбнае. Не было б незалежнасці нашы хлопцы ўжо б у трунах з Украіны вярталіся. Пахаванні праходзілі б штодня, ну ці праз дзень…” 

Выстава-кірмаш “Горад майстроў” правялі ў тэатральным скверы. Далей пешаходнай вуліцай быў канцэрт “Квітней, мая Беларусь!”. Ён праходзіў на пляцоўцы насупраць музею Бялыніцкага-Бірулі. Далей зноў канцэрт. Гэтым разам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Яго выстапленне называлася “Беларусь – мая краіна”. Яго арганізавалі на  згаданай плошчы Адзінства.

Пенсіянер, былы дырэктар саўгаса: “Чым глыбейшы крызіс, тым больш святаў. Усё робіцца, каб людзям лягчэй пражыць цяжкія часы. Карацей, каб менш думалі пра эканоміку”. 

Ягоная жонка: “А мне падабаецца. Тым, хто ў горадзе застаўся, было куды пайсці. І пра ўсе гэтыя жахі менш думаеш”. 

Ідзем да Дняпра спускаемся у гарадскі парак Падміколле і трапляем на агульнагарадскае сямейнае свята “Мы – дзеці твае, Беларусь!”.

Таццяна – жыхарка з цэнтру: Усе было б добра, але тыдзень гэта слухаць, то занадта. Яны ж ужо колькі дзён рэпетуюць. Аглохнуць можна было ад паўтораў.

На фінішную прамую свята выйшла ў скверы 40-годдзя Перамогі. Там імпрэзай з жывой музыкай стваралі гараджанам “Святочны настрой”.

Былы актор тэатру: Свята не вельмі. А ўчора, дык увогуле магла быць паніка. Рэжысёры арганізавалі імітацыю бою з выбухамі і стралянінай. Гледачы некаторыя рэальна перапалохаліся. У сённяшніх умовах гэта было неабачліва.

Завяршацца ўрачыстасці позна ўвечары на плошчы Славы агульнарэспубліканскай акцыяй “Праспяваем гімн разам!” і феерверкам.