Ні этыкетак, ні цэннікаў – у Магілёве зачынілі дзве прыватныя крамы

Гандаль тысячамі тавараў у Магілёве праходзіў з такімі грубымі парушэннямі, што нават спецыялісты дзяржкантроля не вытрымалі. “У продажы знаходзіліся больш за 3 тыс. найменняў нехарчовых тавараў (адзенне, абутак) без прадстаўлення пакупнікам усёй неабходнай інфармацыі аб тавары (аб вытворцу, памеры вырабу, складзе сыравіны і інш.) і без наяўнасці цэннікаў” – паведамляе прэс-служба ведамства. Больш чым на 1 800 найменнях тавараў наогул не было ніякіх сродкаў ідэнтыфікацыі.

У выніку, дзве прыватныя крамы ў Магілёве былі зачыненыя. У прэс-службе Камітэта дзяржкантроля не паведамляецца, пра якія менавіта крамы вядзецца гаворка, але сыходзячы з асартымента і інавацыйнага падыхода да арганізацыі гандлю, гэта можа быць штосьці накшталт крамы з кітайскімі таварамі на Мінскім рынку – дапускае аддзел аналітыкі mogilev.media.

Фота: onliner

У Магілёве пройдуць “Дні цвярозасці” з-за заканчэння навучальнага года

У Магілёве 24 траўня і 13 чэрвеня будзе абмежаваны продаж алкагольных напіткаў.

У межах акцыі “Дзень цвярозасці” 24 траўня з 00:00 да 24:00 на тэрыторыі абласнога цэнтра будзе абмежаваны продаж алкагольных напіткаў, за выключэннем рознічнага гандлю на аб’ектах грамадскага харчавання ў разліў. Пра гэта піша Mycity са спасылкай на Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал. 

Забарона звязана з тым, што ў гэты дзень у дзявяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў прагучыць апошні званок.

Таксама ў сувязі з правядзеннем выпускных вечароў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі абмежаванне на продаж алкаголю будзе дзейнічаць з 00:00 да 24:00 13 чэрвеня.

Дарэчы, у 2024 годзе колькасць “Дзён цвярозасці” ў першай палове года была на адзін большая. Тады такі дзень абвяшчалі яшчэ 27 красавіка, прымеркаваўшы яго да адкрыцця веласезона.

Фота: Mogilevnews