Дзень у гісторыі. Магілёўшчына апынулася пад уладай Расійскай імперыі. Савецкая эпоха суднаходства па Дняпры. Сусветны дзень акіянаў

Сусветны дзень акіянаў. Адзначаецца з 1992.

Акіянамі пакрыта ¾ паверхні Зямлі. Большасць вучоных падзяляюць сусветны акіян на 5 частак: Ціхі (самы вялікі, больш за ўсё сухазем’е, 180 млн. кв. км), Атлантычны, Індыйскі, Паўночны Ледавіты, Паўднёвы Ледавіты. Усе воды Беларусі належаць да басейна Атлантычнага акіяну.

global.unitednations.entermediadb.net


8 чэрвеня (28 мая) 1772 года па першым падзеле Рэчы Паспалітай утворана Магілёўская губерня ў складзе Магілёўскай, Мсціслаўскай, Аршанскай, Рагачоўскай правінцый.

У 1778-1802 гадах замест губерні існавала Магілёўскае намесніцтва, якое ў 1796 г. увашло ў склад Беларускай губерні.

11 ліпеня 1919 году Магілёўскую губерню скасавалі. 9 яе паветаў аддалі Гомельскай губерню, а Мсціслаўскі павет быў перададзены Смаленскай, Сенненскі – Віцебскай губерні.

wikimedia.org


8 чэрвеня 1922 года нарадзіўся Уладзімір Белы (1922-1994).

Вучоны ў галіне матэрыялазнаўства, акадэмік АН БССР, доктар тэхнічных навук, прафесар.

Аўтар 350 вынаходак, атрымаў 20 патэнтаў ЗША, Англіі, ФРГ, Японіі, Італіі, Францыі, Швецыі і іншых краін. Імя вучонага прысвоена Інстытуту механікі металапалімерных сістэм і скверу перад інстытутам у Гомелі.

csl.bas-net.by


8 чэрвеня 1947 года ўпершыню адкрылася суднаходства па ўсяму Дняпру ад Смаленска да Чорнага мора (2201 км). Па Беларусі 595 км.

У 1951-1990-х гадах па Дняпры перавозілі будаўнічыя, лясныя матэрыялы, збожжа. Везлі крыварожскую жалезную руду да Бреста, а потым у ГДР, а ў адваротным кірунку сілезскі вугаль.

У сувязі з абмяленнем рэчышча суднаходства ажыццяўляецца толькі ў раёне Магілёва, на мяжы з Украінай, у асноўным па Дняпроўска-бугскаму і Мікашэвіцкаму каналах і прытоку Дняпра – Прыпяці, у нізоўях Сожа – так жа прытока Дняпра. Грузазварот рачнога транспарту складае менш за 0,1%.

sun9-66.userapi.com


8 чэрвеня 1956 года памёр Язэп Фарботка. Нарадзіўся ў 1893годзе.

Беларускі паэт літаратуразнавец перакладчык, актор удзельнік грамадска-палітычнага руху Беларусі і Украіны пачатку ХХ стагоддзя.

У 1918 годзе быў кансультантам і кіраўніком справамі беларускай дэлегацыі на перамовах з Украінскай Народнай Рэспублікай, дзе абмяркоўваліся вайскова-палітычныя пытанні і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны.

З яго ўдзелам у Кіеве была створаная сумесная гандлёвая палата, Беларуска-Украінскае Таварыства Збліжэння. Быў супрацоўнікам літаратурна-асветніцкага аддзелу Наркамасветы Літоўска-беларускай ССР, адміністратарам Беларускага тэатру ў Мінску выкладаў заалогію ў Віленскім універсітэце кандыдат навук.

wikimedia.org

8 чэрвеня 1968 года пайшоў з жыцця этнічны беларус Міхал Самбікін. Нарадзіўся ў 1878 годзе.

Фізіка-географ, буйны беларускі, рускі і ўкраінскі метэаролаг, прафесар, член геаграфічнага таварыства. Удзельнік экспедыцый па барацьбе з засухамі, замаразкамі.

8 ліпеня 1941 году, калі гітлераўцы, захапілі чыгуначную станцыю Пагодзіна (Горкі), 63-х гадовы прафесар з некалькімі супрацоўнікамі мясцовай акадэміі пагнаў статак з 130 галавамі элітнага быдла на ўсход. Пад час месячнага 1100 км пераходу, пад пастаяннымі авіяналётамі, загінулі толькі 4 каровы).

histpol.pl.ua


8 чэрвеня 1991 года памёр Уладзімір Шахавец. Нарадзіўся ў  1918 годзе.

Беларускі перакладчык і пісьменнік, Заслужаны работнік культуры. Скончыў Магілеўскі рабфак БДУ. Удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі.

Аўтар паўтара дзясятка зборнікаў аповесцяў і апавяданняў, вершаў. Аўтар перакладной літаратуры.

fantlab.ru


8 чэрвеня 2018 года памёр Міхась Мушынскі. Нарадзіўся ў 1931 годзе.

Беларускі крытык, літаратуразнавец, тэкстолаг, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар.

Суаўтар шэрагу манаграфіяў, у тым ліку «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы», «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры».

Кіраваў падрыхтоўкай і ажыццяўленнем выдання 13 навукова каментырованых Збораў твораў, у тым ліку Я. Купалы, Я. Коласа, І. Мележа, М. Лынькова, М. Гарэцкага, М. Багдановіча.

wikimedia.org

 

Дзень у гісторыі. Нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі, жыццё прысвяціў абуджэнню ў беларусах пачуцця нацыянальнай самасвядомасці. Дзень памяці па Міхасю Машару, быўшы зняволеным пісаў вершы, выдадзеныя кнігай. Памёр кароль Казімір Ягелончык, за ім студэнты мелі стыпендыю

7 чэрвеня 1492 года памёр Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай, бацька 13 дзяцей.

Пры ім дзяржава «прырасла» землямі пасля перамогі над крыжакамі ў трынаццацігадовай вайне, а таксама Тэўтонскі ордэн стаў васалам.

За ягоным караляваннем аказвалася матэрыяльная дапамога студэнтам з дзяржаўнага скарбу, выдадзены першы Судзебнік, ліквідаваны ўдзельныя княствы (1471).

Таксама пакладзены пачатак палітычнага панавання шляхецкага стану.

Усе еўрапейскія каралеўскія дамы мелі, ці маюць долю крыві Гедыміна, бо паходзілі ад яго 13 дзяцей (6 сыноў, 7 дачок).

wikimedia.org


7 чэрвеня 1825 года нарадзіўся Эдвард Паўловіч (1825-1909).

Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік. Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў пад час падарожжа па Еўропе.

Ёр аўтар кнігі «Некалькі словаў ліцвіна», у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне.

Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу. Удзельнік паўстання 1863 году.

Памёр у Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.

wikimedia.org


7 чэрвеня 1880 года нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі (1880-1943).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Вацлаў Іваноўскі поплеч з братамі Луцкевічамі стаўся адным з закладчыкаў першых беларускіх палітычных арганізацыяў. Ён прысвяціў жыццё абуджэнню ў беларусах пачуцця нацыянальнае самасвядомасці, барацьбе за незалежнасць Беларусі. Афіцыйная савецкая гістарыяграфія, замоўчваючы праўду аб ім, імкнулася выкрасліць яго з гісторыі ці згадвала толькі з ганебным ярлыком калабаранта.

Вацлаў Іваноўскі займаўся выдавецкай дзейнасцю, стварыў і ачоліў першае пецярбургскае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца».

Супрацоўнічаў з газетамі «Наша доля», «Наша ніва», зрабіў адпрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы, даследчык пытанняў вырошчвання цукровых буракоў на Беларусі.

Член Беларускага нацыянальнага камітэту, міністр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі. Загадчык кафедрамі ў Варшаўскай політэхніцы, Віленскім універсітэце.

wikimedia.org


7 чэрвеня 1908 года нарадзіўся Уладзімір Галубовіч (1908-1962).

Беларускі і польскі археолаг, этнограф, тапаніміст.

У 1935-1939 гг. вёў раскопкі на тэрыторыі Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў.

Склаў археалагічныя карты даследаваных тэрыторый. Вывучаў старажытныя Вільню, Мінск, Гродна. Працаваў у Вільні, у Інстытуце гісторыі АН БССР, Торуньскім і Ўроцлаўскім універсітэтах.


7 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Ганаўка Хоцімскага раёну нарадзіўся Пятро Дзмітрачкоў (1937-2021).

Гісторык, прафесар, выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэту Магілёўскага педінстытут, дэкан геаграфічнага і дэкан гістарычнага факультэтаў МДУ імя Аркадзя Куляшова на працягу 30 гадоў (1975-2005).

Заслужаны работнік адукацыі, уладальнік медаля Францыска Скарыны. Даследчык пытанняў зараджэння і развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, этнічнай гісторыі Беларусі.

msu.by


7 чэрвеня 1972 года на Магілёўшчыне нарадзіўся Сяржук Кулягін.

Журналіст, краязнавец, паэт, бард, уладальнік аграсядзіб, сузаснавальнік фестывалю «Вялікая бард-рыбалка», член Беларускага геаграфічнага таварыства, клуба аматараў беларускай гісторыі і падарожжаў «Чароўны ўспамін», актыўны дзеяч «Зялёнага турызму».

belarus.by


7 чэрвеня 1976 года памёр Міхась Машара (1902-1976).

Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Мае багатую творчую біяграфію: рэдагаваў у Вільні газету «Наша воля», працаваў у дзіцячым часопісе «Заранка», у газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Партызанскае слова», часопісе «Полымя», «Настаўніцкай газеце», на радыё.

Вершы, напісаныя пад час зняволення ў віленскіх Лукішках тайна вынесла і выдала асобным зборнікам «Малюнкі» Зоська Верас.

Пераклаў на беларускую мову «Мёртвыя душы» М. Гогаля, «Апавяданні» Г. Сянкевіча, «Уральскія сказы» П. Бажова, «Калевалу» і інш.

wikimedia.org

Выпуск падрыхтаваны з выкарыстаннем звестак з рэсурсу Вікіпедыі

 

Дзень у гісторыі. Пачытайма скандальны для свайго часу твор Элізы Ажэшкі «Хам», у аўтаркі Дзень народзінаў. Згадайма знанага беларуса Браніслава Эпімах-Шыпілу, па ім Дзень памяці. Не забывайма жахлівы пажар у Магілёве напачатку 20 стагоддзя

6 чэрвеня 1664 года войскі Вялікага Княства Літоўскага перамаглі маскоўцаў пад Віцебскам на рацэ Лучоса падчас Трынаццацігадовай вайны.

Вясной 1664 году Масква «выпаліла і высекла» Дуброўна, Воршу, Чарэю, Талачын ды «паліла да самога Барысава». Падчас бітвы разбітыя наўгародскія казакі ўцякалі да Ноўгараду, а рэшткі маскоўскіх войск Хаванскага схаваліся ў Віцебску.

wikimedia.org


6 чэрвеня 1841 года нарадзілася Эліза Ажэшка (1841-1910), польская пісьменніца беларускага паходжання.

Дапамагала паўстанцам у 1863-1864 гг., хавала ў сябе Рамуальда Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу.

У творчасці выступала за раўнапраўе жанчын, з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў, адлюстроўвала жыццё беларускай вёскі, падзеі паўстання 1863-1864.

Двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію: у 1904 і 1909. У першы раз большасць членаў камітэту прагаласавала за творчасць этнічнага беларуса Генрыка Сянкевіча, у другі раз узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф.

У Гродна працуе Дом-музей Элізы Ажэшка, там жа ёсць вуліца яе імя і пастаўлены помнік.

wikimedia.org


6 чэрвеня 1909 года ў пажарам знішчаны будынак Магілёўскага народнага дому, які ўрачыста адкрылі ў 1900 году.

Праз год, 6 чэрвеня 1910 года здарыўся самы моцны пажар у гісторыі задняпроўскага Магілёва і самага Магілёва: за адзін дзень поўнасцю выгарала Лупалава – 700 дамоў, 2 царквы, найлепшы ў губернскім цэнтры бардэль, загінула 20 чалавек, некалькі пажарнікаў. Некалькі тысяч жыхароў засталіся без даху над галавой, сотні сталі жабракамі.

sb.by


6 чэрвеня 1934 года пайшоў з жыцця Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1859-1934).

Прафесар, член Інбелкульту, дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец.

Аўтар першай хрэстаматыі беларускай літаратуры. Адыграў значную ролю ў жыцці і творчым станаўленні Янкі Купалы. На радзіме, у вёсцы Залессе Полацкага раёну ў яго гонар паставілі мемарыяльны знак, а ў Ветрынскай СШ заснаваны музей.

Браў удзел у дзейнасці культурна-асветнай арганізацыі «Круг беларускі», у стварэнні беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», студэнцкага «Беларускага навукова-літаратурнага гуртка», лектар на беларускай мове ў Петраградзе, старшыня навуковага «Таварыства вывучэння культурна-прамысловага стану Беларусі».

 wikimedia.org


6 чэрвеня 1950 года нарадзіўся Аляксей Дудараў.

Беларускі драматург, сакратар Саюзу тэатральных дзеячаў Беларусі, член Беларускага ПЭН-цэнтру.

Па яго сцэнарыях пастаўлены шматлікія фільмы. Сярод іх «Суседзі», «Белыя росы».

Аўтар п’ес аб гісторыі шлюбу Рагнеды і Уладзіміра, аб Другой сусветнай вайне, міжусобнай барацьбе ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, а таксама па матывах паэмы М. Гусоўскага.

Пераклаў на беларускую мову хроніку Уільяма Шэкспіра «Рычард III».

wikimedia.org


6 чэрвеня 2011 года памёр Уладзімір Конан (1934-2011).

Беларускі філосаф, гісторык, літаратурны крытык, доктар філасофскіх навук, загадчыкам аддзелу Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтру імя Францыска Скарыны.

Даследаваў тэарэтына-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі.

nov-centr.of.by

 

Дзень у гісторыі. Узгадайма апякунку Беларусі Еўфрасінню Полацкую, памятайма, што 74 гады таму заснаваная Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, адзначайма народзіны беларускага мастака, дзеяча яўрэйскага рэнесансу Іегуды Пэна

5 чэрвеня ў праваслаўных і грэка-каталікоў Дзень ушанавання апякункі Беларусі – святой Еўфрасінні Полацкай (1104-1173).

Полацкая князёўна і ігумення, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца. У паломніцтва ў 1167 году ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе цяпер Магілёў.

У 1187 годзе яе мошчы перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру.

У 1910 годзе па вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы.

mijory.by


5 чэрвеня (24 мая) 1854 года нарадзіўся Іегуда Пэн (1854-1937).

Беларускі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч «яўрэйскага рэнесансу» у беларускім мастацтве пачатку XX стагоддзя.

Уладальнік першай у Беларусі віцебскай прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897–1918).

Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі Восіп Цадкін, Леў Лейтман, Марк Шагал, Саламон Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937 г. мастак быў забіты ў сваёй віцебскай хаце. Паводле некаторых версіяў, да забойства мог быць датычны НКУС. У гонар мастака адкрыта ў Віцебску адчынена мемарыяльная дошка.

wikimedia.org


5 чэрвеня 1919 года ў Вільні выйшаў першы нумар грамадска-палітычнага і літаратурнага часопісу нацыянальна-дэмакратычнага кірунку «Беларускае жыццё».

Выдаваўся на беларускай мове лацінкай, а з верасня 1919 – кірыліцай.

Рэдактар-выдавец Францішак Аляхновіч, з 1920 г. літаратурны кіраўнік Змітрок Бядуля.

Часопіс пазіцыянаваў сябе, як пашыральнік ідэяў стварэння самастойнай беларускай дзяржавы або альтэрнатыўнай федэрацыі народаў былога Вялікага Княства Літоўскага. У ім падаваліся матэрыялы аб творчасці беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва.

kamunikat.org


5 чэрвеня 1923 года ў Вільні пабачыў свет першы нумар газеты беларускіх эсэраў «Вольны сцяг», наўзамен зачыненай «Наша будучыня».

Выходзіла тры разы на тыдзень. Апошні нумар выйшаў 14 кастрычніка 1923 году.

Па закрыцці 25 кастрычніка польскімі ўладамі працягвала выхад пад рознымі назвамі «Наш Сцяг», «Падняты сцяг» і іншыя.

itgu.ru


5 чэрвеня 1942 года – 80 гадоў Вячаславу Рагойшы.

Беларускі філолаг, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, член вучонай рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтру імя Францыска Скарыны, старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы, арганізатар міжнароднай навуковай канферэнцыі «Ракаўскія чытанні» (з 1996).

Першым дасканала даследаваў рукапісы Янкі Купалы, даследчык паэтыкі Максіма Танка.

wikimedia.org


5 чэрвеня 1945 году нарадзілася Ядвіга Яловічава.

Лідарка навуковай школы эвалюцыйнай геаграфіі Беларусі, доктарка геаграфічных навук, прафесарка, даследчыца адкладаў 307 геалагічных разрэзаў, салістка народнага ансамбля танца «Крыжачок» (1964-1972).

Даследавала Шклоўскія міжледавіковыя адклады, Ніжнінскі Роў у Шклове, навуковую спадчыну ўраджэнца Магілёўшчыны – акадэміка Гаўрылы Гарэцкага.

encrypted-tbn0.gstatic.com


5 чэрвеня 1948 года ў Заходняй Германіі адбыўся з’езд, на якім была заснавана Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ).

Рэлігійная арганізацыя беларусаў, якая мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Беларусі. Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове.

БАПЦ займаецца і культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну.

БАПЦ выводзіць сваё паходжанне ад Наваградскай мітраполіі, створанай у 1330 г. Канстанцінопальскім патрыярхам па просьбе вялікага князя Гедзіміна.

wikimedia.org


5 чэрвеня 1969 года нарадзіўся Андрэй Рыбакоў.

Беларускі вучоны ў галіне геральдыкі і генеалогіі, справаводства. Першым у Беларусі стаў кандыдатам гістарычных навук па спецыяльнасці «Дакументалістыка, дакументазнаўства і архівазнаўства».

Даследуе пытанні гісторыі архіўнай справы і справаводства ў Беларусі, методыкі і практыкі сучаснага справаводства.

belniidad.by

 

 

Дзень у гісторыі. Смаленск усё яшчэ беларускі. Браніслаў Тарашкевіч друкуе «Беларускую граматыку для школ». Памірае Юры Бушлякоў мовазнавец, журналіст, суаўтар кнігі «Беларускі клясычны правапіс»

4 (14) чэрвеня 1634 году па выніках Смаленскай вайны заключаны Палянаўскі мір». 

Да Масковіі адышоў тады толькі Сярпейск, Смаленск застаўся беларускім.

Паводле дамовы Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648), кароль польскі і вялікі князь ВКЛ, цар маскоўскі (1610-1634) адмовіўся ад прэтэнзіяў на рускі трон.

media2.nekropole.info


4 чэрвеня 1872 года. Дзень памяці па Станіславе Манюшку (1819-1872).

Кампазітар, дырыжор, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, меў дачыненне да станаўлення беларускай музычнай культуры.

Выкарыстанне ў ягоных творах беларускай мовы і апоры на беларускі фальклор мела вялікае значэнне ў гісторыі беларускай музычнай культуры. Упершыню з беларускай тэатральнай сцэны гучалі нацыянальныя мелодыі, прымаўкі і прыказкі. Гэта была не проста творчая смеласць драматурга і кампазітара, які адважыўся ва ўмовах знявагі да ўсяго беларускага адкрыта заявіць пра свае сімпатыі, а глыбока прадуманая і свядомая акцыя, што адлюстроўвала творчыя, грамадзянскія і ідэйныя пазіцыі аўтараў.

Папулярнасць кампазітар займеў дзякуючы операм «Галька», «Страшны двор». Манюшка стварыў 20 опер і аперэт, 3 балеты, 5 месаў, 2 рэквіемы і болей за 300 песень, у тым ліку і «Паходную песню літвінаў» на словы Уладзіслава Сыракомлі.

wikimedia.org


4 чэрвеня 1918 года апублікавана «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча (1892-1938), грамадска-палітычнага дзеяча, мовазнаўца, пісьменніка, акадэміка. 

«Беларуская граматыка для школ» стала першай агульнапрынятай граматыкай беларускай мовы.

Вучэбны дапаможнік Тарашкевіча ўлічваў тагачасныя дасягненні ў галіне беларускай філалогіі і быў станоўча прыняты грамадскасцю.

Граматыка перавыдавалася ў Заходняй Беларусі, ляжала ў аснове праграмаў выкладання беларускай мовы ў БССР. Першая жыццяздольная граматыка сучаснай беларускай мовы, аснова ўсіх далейшых лініяў развіцця беларускай граматыкі.

wikimedia.org


4 чэрвеня1986 года памерла Канстанцыя Буйло (сапраўднае Канстанцыя Кале́чыц,1893-1986), беларуская паэтэса.

Заслужаны дзеяч культуры БССР. Яе дэбютны зборнік вершаў «Курганная кветка» (1914) рэдагаваў Янка Купала, афармляў Язэп Драздовіч.

Яна аўтарка п’есаў, зборнікаў вершаў, кніг для дзяцей. Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку, песня «Люблю» стала народнай. Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» лічыў яе «найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай паэзіі».

wikimedia.org


4 чэрвеня 2013 года памёр Юрый Бушлякоў (1973-2013).

Мовазнавец, кандыдат філалагічных навук, журналіст і перакладчык, выкладчык Карлава ўніверсітэту ў Празе. Працаваў у штотыднёвіку «Наша Ніва», на Польскім радыё, «Радыё Свабода», дзе вёў аўтарскую перадачу «Жывая мова».

Суаўтар кнігі «Беларускі клясычны правапіс».

wikimedia.org

 

Дзень у гісторыі. Напамін, што і ў дзяцей ёсць правы. Сёння выпіце малака і згадайце журналістаў, якія ўзяліся выдаваць у 1838 годзе першую магілёўскую газету

1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей.

Заснаваны ў лістападзе 1949 году ў Парыжы рашэннем кангрэсу Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын. Упершыню Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначылі ў 1950 годзе.

Гэты дзень – напамін дарослым пра неабходнасць захавання праў дзяцей на жыццё, свабоду іх думкі, адукацыю, адпачынак і вольны час, абарону ад фізічнага, псіхалагічнага гвалту і эксплуатацыі дзіцячай працы як неабходных умоў для фармавання гуманнага і справядлівага грамадства.

nv-online.info


1 чэрвеня – Сусветны дзень малака. Адзначаецца ад 2001 году.

  • Малако – самадастатковы прадукт: не напой, а ежа, бо ў народзе кажуць «паесці малака».
  • Вымя каровы здольнае змясціць да 23 літры малака.
  • На год чалавеку патрэбна да 300 кг малочных прадуктаў.
  • У 50% дарослых на планеце малако не засвойваецца з прычыны зніжэння актыўнасці лактозы пры пераходзе на дарослы тып харчавання.
  • Кабылінае малако ўтрымлівае шмат лактозы і мала бялкоў і тлушчаў, за кошт гэтага яно лягчэй засвойваецца арганізмам. У ім ім больш вітамінаў А і С, чым у каровіным. Такое малако трэба ўжываць пры гастрытах, язвах, дысбактэрыёзе, розных жаночых захворваннях.
  • У казінага малака саладзейшы смак, чым у каровінага, у ім вышэй утрыманне вітамінаў, бялкоў. Гэтае малако здольнае ўсмоктвацца без удзелу жоўці – гэты працэс адбываецца праз вянозную сетку, абыходзячы лімфатычныя капіляры.
  • Шклянка цёплага выдатны сродак ад бяссоння.
  • Малако кісне пад час навальніцы.
  • Бялкі каровінага малака здольныя звязваць таксіны ў арганізме: тыя, хто працуе на шкодных вытворчасцях, атрымлівае бясплатнае малако.
  • Для вытворчасці 1 кг натуральнага сметанковага масла патрабуецца аж 21 літраў малака. 1 кг сыра атрымліваецца з 10 літраў малака.
  • Самае тлустае малако ў цюленяў – больш за 50% і кітоў – каля 50%.

1 чэрвеня 1434 года пакінуў свет Ягайла Альгердавіч (~1350-1434).

Князь віцебскі, вялікі князь літоўскі (1377–1392), кароль польскі (1386–1434, каранаваны пад імем Уладзіслаў II Ягайла) і вярхоўны князь літоўскі (1392–1434).

У 1410 годзе разам з Вітаўтам кіраваў саюзным войскам у час Грунвальдскай бітвы, пасля якой Тэўтонскі ордэн ужо не здолеў аднавіць сваю былую магутнасць. Ягайла заклаў падмурак для шматвяковай польска-літоўскай уніі, заснаваў дынастыю Ягелонаў – адну з самых уплывовых у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

wikimedia.org


1 чэрвеня 1838 года ў Магілёве пачалі выдаваць «Магілёўскія губернскія ведамасці» – першая газета ў рэгіёне.

Выходзіла да 1918 года. Наклад ад некалькіх сот да 2000 паасобнікаў. Да сярэдзіны XIX стагоддзя – штотыднёвік, потым друкавалася двойчы, у 1904 г. – нават тройчы на тыдзень.

Газета падавала не толькі афіцыйную інфармацыю, загады, распараджэнні, навіны, але змяшчаліся дадзеныя аб цэнах на асноўныя прадукты харчавання, аб базарных днях, надвор’і, рэпертуары гарадскіх тэатру і кінатэатраў, аб чыноўніках і прыватных асобах, якія прыбылі ў горад, з указаннем гасцініц, дзе яны спыніліся, аб тарыфах на білеты на экіпажы, цягнікі і параходы, якія адпраўляюцца з Магілёва, і шматлікае іншае.


1-2 чэрвеня 1918 года ў Мінску працаваў з’езд беларускага каталіцкага духавенства.

У прынятай на з’ездзе рэзалюцыі вылучаліся патрабаванні шырокай аўтаноміі Беларусі ў Расійскай Федэратыўнай Дэмакратычнай рэспубліцы, навучання ў школах на беларускай мове, паступовага пераходу на беларускую мову ў богаслужэнні.

На з’ездзе пастанавілі выдаваць у Пецярбурзе беларускія кнігі для школ і беларускую газету «Бацькаўшчына». Пазней назва была зменена і замест «Бацькаўшчыны» стала выходзіць «Беларуская крыніца».

0.academia-photos.com


1 чэрвеня 1918 года ў Смаленску пачалася 4-я Паўночна-заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), якая ўхваліла Брэсцкі мірны дагавор.

3 сакавіка 1918 г. Брэсцкі мір быў афіцыйна падпісаны прадстаўнікамі Савецкай Расіі, якія адмовіліся ад далейшага абмеркавання яго ўмоў.

Цырымонія падпісання адбылася ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці. Брэсцкі мір фармальна завяршыў удзел Расіі ў Першай сусветнай вайне і з’явіўся вынікам няздольнасці Расіі працягваць вайну, краіна знаходзілася ў стане эканамічнага крызісу.


wikimedia.org


1 чэрвеня 1943 года нарадзіўся Андрэй Майсяёнак.

Беларускі вучоны ў галіне біяхіміі, гісторык медыцыны, вітамінолаг, грамадскі дзеяч, член-карэспандэнт НАНБ, доктар біялагічных навук, прафесар.

Аўтар прац па гісторыі медыцыны на Беларусі. Адзін з заснавальнікаў беларускага фонду А. Міцкевіча. 3 1991 года актыўна займаецца стварэннем нацыянальнага фонду рукапісаў, старадрукаў, рэдкай кнігі і перыёдыкі імя Я. Храптовіча.

glubmusej.by


1 чэрвеня 1945 года нарадзіўся беларускі мастак-жывапісец Аляксей Кузьміч (1945-2013).

Напачатку творчасці пісаў навакольны свет, людзей, далей пераключыўся ў сваім жывапісу на праблемы больш філасофскага плана – аб сэнсе прысутнасці чалавека на Зямлі, пра маральны абавязак, аб прызначэнні жанчыны-маці (Мадонны), аб духоўнай ролі славянскіх народаў у эвалюцыі ўсяго чалавецтва.

Разважаў пра праблемы духоўнага ўдасканалення чалавека, аб барацьбе дабра і зла. Галоўнай гераіняй яго жывапісу заўсёды была Жанчына. Крэда А. Кузьміча: «Хто любіць жанчыну, хто любіць свет, хто піша жанчыну, таму дапамагае бог». У стылістыцы твораў на тэму Мадонны стала праступаць некаторая іконная вобразнасць.

Яго пэндзлю належыць шэраг партрэтаў вядомых дзеячаў беларускай і расійскай культур: Стэфанія Станюта, Галіна Макарава, Здзіслаў Стома, Валянцін Занковіч, Міхаіла Пташука і інш. У сваіх карцінах мастак разважаў і аб беларускай ідэнтычнасці: «Памяці Гусоўскага», «Жыві і памятай», «Прысвячаецца Чарнобылю» і г.д. 1 чэрвеня 2014 г. на радзіме мастака, у в. Махро на Берасцейшчыне адкрылася імянная мастацкая галерэя – філіял музейнага комплексу Напалеона Орды.

wikimedia.org

 

Дзень у гісторыі. Віншуем нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч, слухаем творы Міхала Казіміра Агінскага і адмаўляемся ад курэння

31 мая – Сусветны дзень культуры.

У Беларусі каля 6 тысяч арганізацый культуры: клубаў, бібліятэк, музеяў, тэатраў, канцэртных установаў, цыркаў, паркаў ды заапаркаў. У сістэме міністэрства культуры 403 дзіцячыя школы мастацтваў, 20 устаноў сярэдняга спецыяльнага і 3 установы вышэйшай адукацыі.

З 2010 г. праводзіцца акцыя «Культурная сталіца года». У горадзе, які атрымлівае статус сталіцы, рэалізуюцца інавацыйныя праекты ў галіне нацыянальнай культуры. Першым званне культурнай сталіцы культуры атрымаў старажытны Полацк, потым працягнулі эстафету Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, Брэст, Маладзечна, Бабруйск, Наваполацк, Пінск, Ліда.

cis.minsk.by

У 2022 г. сталіцай абвешчана Ворша.


31 мая – Сусветны дзень без тытуню. Адзначаецца ад 1987 году.

У свеце 1,2 мільярдаў чалавек, якія кураць. За хвіліну прадаецца 10 мільён цыгарэт.

Штогод больш за 6 мільёнаў чалавек паміраюць ад звязанага з тытунём інфаркту міякарда, інсульту, раку, хваробы лёгкіх і іншых хвароб. Яшчэ 600 тысяч чалавек паміраюць ад пасіўнага курэння.

У Беларусі сярод насельніцтва ва ўзросце 18-69 гадоў паліць тытунь каля 26,7% (2021 г., крыху раней было 29,9%).

Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што да 2025 год колькасць спажыўцоў тытуню зменшыцца на траціну з прычыны актыўнай антынікатынавай прапаганды, прапаганды здаровага ладу жыцця, павышэння коштаў на цыгарэты і іншыя захады.

Тытунёвы дым атрымоўвае звыш 4 тысяч хімічных злучэнняў, большасць з якіх таксічныя, мутагенныя ці канцэрагенныя.

media.istockphoto.com

31 мая – Сусветны дзень бялянак.

Сярод беларусаў траціна бялявых. Але бялянак удвая больш, чым бялявых мужчын.

Колькасць людзей з натуральным светлым колерам валасоў імкліва скарачаецца, і да 2200 г. яны могуць канчаткова знікнуць, сцвярджаюць навукоўцы.

Расце колькасць змешаных шлюбаў, светлавалосыя нацыі нараджаюць значна радзей, чым насельнікі паўднёвых краін.

kolobok.ua


31 мая 1556 года нарадзіўся Юры Радзівіл (1556-1600).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ, першы каталіцкі кардынал (1583) з ВКЛ. У 1582 г. на ўласныя сродкі адкрыў Віленскую духоўную семінарыю. Дарадца караля, у 1596-1597 гг. вёў перамовы пра далучэнне Рэчы Паспалітай да антытурэцкай каталіцкай лігі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Брэсцкай уніі.

wikimedia.org


31 мая 1640 года нарадзіўся Міхал Вішнявецкі (1640-1673).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1669-1673). У лістападзе 1663 году ўдзельнічаў у вайсковай кампаніі ва Украіне супраць маскоўскіх войскаў, камандаваў уласным палком пяхоты з 600 чалавек.

wikimedia.org


31 мая 1800 года памёр Міхал Казімір Агінскі (1730-1800).

Вялікі гетман літоўскі, мецэнат, кампазітар, генерал-маёр, сваяк кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. Ініцыятар і фундатар будавання Агінскага канала, які злучаў басейны Балтыйскага і Чорнага мораў праз палескія балоты.

Заснаваў балетную школу «Дэпартамент балетных дзяцей», уладальнік уласнага тэатра, для якога сам пісаў оперы. Аўтар паланэзаў, опер і песень на ўласныя вершы, аўтар літаратурных твораў. Выдатна выконваў на розных інструментах свае скрыпічныя і іншыя музычныя творы, за што сярод сучаснікаў атрымаў мянушку «гетман-кларнэт».

У 1791 г. перадаў амаль усе свае маёнткі сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму.

wikimedia.org


31 мая 1863 года схоплены адзін з лідараў паўстання, вядомага як паўстанне Каліноўскага, Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Расійскі ваенны суд прысудзіў за ўдзел у паўстанні да смяротнага пакарання, але яно было замененага на катаргу ў Сібіры. У 1868 атрымаў дазвол на вяртанне на радзіму.

Беларускі грамадскі дзеяч, афіцэр (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгэльма палка, член Віленскай археалагічнай камісіі. У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак каталікоў.

wikimedia.org


31 мая 1892 года на Беларусі нарадзіўся Міхаіл Кікоін (1892-1968).

Беларускі і французскі мастак парыжскай школы. У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі знаходзіцца адзін твор мастака, яшчэ 6 – у калекцыі «Белгазпрамбанк». Аб мастаку зняты фільм «Михаил Кикоин. Поэтический мир на холсте».

problr.by


31 мая 1948 года нарадзілася Святлана Алексіевіч, беларуская пісьменніца, Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры 2015 г. за «поліфанічную творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час».

Аўтарка кніг «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю», «Чарнобыльская малітва», «Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)» (пра Вялікую Айчынную вайну, Аўганскую вайну, Чарнобыльскую катастрофу, час «перабудовы» і развал СССР; даследуюцца феномены мыслення савецкага чалавека, сацыялізму).

wikimedia.org


31 мая 1996 года ў Іркуцку (Расія) утварылася Таварыства беларускай культуры імя Івана Чэрскага.

У яго складзе 11 аддзяленняў. Да 2021 г. таварыства ачольваў ураджэнец Полаччыны Алег Рудакоў, які ў 2021 г. вярнуўся на радзіму.

haradok.info


31 мая 2020 года асвечана адноўленая Пакроўская царква Пустынскага манастыра.

Царква рэканструюецца ад 2010 году. Адноўлены будынак царквы – частка комплексу, заснаванага ў 1380 году мсціслаўскім князем Сімяонам Альгердавічам. Званіца манастыра мае вышыню 60 м (у першапачатковым варыянце – 74) са 6 званамі – вялікім і 5 малымі.

У XVI ст. Пустынскі манастыр быў адным з найбуйнейшых на беларускіх землях. У 1601-1839 гадах ім валодалі уніаты.

У 1925 г. савецкая ўлада зачыніла манастыр. У Пустынках працавалі школа-інтэрнат, школа. Манастыр стаў інтэнсіўна разбурацца з 1970 гадоў.

planetabelarus.by

 

Дзень у гісторыі. Гадавіна трагедыі на Нямізе, нарадзіўся знаны беларус Вітаўт Кіпель. 7 гадоў Вялікаму магілёўскаму пікніку

30 мая 1888 года ў Магілёве нарадзіўся Сяргей Мігай (1888-1959). Артыст оперы (барытон).Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У горадзе яго імем названы завулак. Сяргей Мігай спяваў у Вялікім тэатры, Ленінградскай оперы, прафесар Маскоўскай кансерваторыі, Народны артыст РСФСР.

bis.nlb.by


30 мая 1896 года ў Рагачове Магілёўскай губерні нарадзіўся Канстанцін Саннікаў (1896-1965), беларускі і савецкі рэжысэр, актор, Народны артыст БССР, Лаўрэат двух Сталінскіх прэміяў. Канстанцін Саннікаў дзед Андрэя Саннікава, палітычнага і грамадскага дзеяча, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 году.

bis.nlb.by


30 мая 1927 года нарадзіўся Вітаўт Кіпель. Беларуска-амерыканскі грамадскі дзеяч і публіцыст, намесніка Старшыні Рады БНР, доктар мінералогіі, ганаровы доктар Гродзенскага ўніверсітэту, адзін з кіраўнікоў скаўцкага руху беларусаў у эміграцыі і амерыканскага скаўцкага руху. У 1993 г. у Мінску выйшла яго манаграфія «Беларусы ў ЗША».

nashaniva.com


30 мая 1946 года ў Віцебску нарадзіўся Вальдо Калінін. Беларускі цыган, паэт. Пісаў па-цыганску і беларуску. Яшчэ ён перакладчык. Пераклаў Біблію на цыганскую мову. Працаваў у Віцебскім Інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. Цяпер – грамадзянін Вялікай Брытаніі.

lit-bel.org


30 мая 1975 года ў Магілёве нарадзіўся Зміцер Грумо. Намеснік дырэктара Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАНБ, геабатанік, эксперт міжнародных праектаў Глабальнага экалагічнага фонду і праграмы развіцця ААН па пытаннях стварэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, развіцця экатурызму, другаснага забалочвання. Аўтар першай кнігі па асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Магілёўскай вобласці.

fme.msu


30 мая 1999 года ў пераходзе станцыі мінскага метрапалітэну «Няміга» у выніку масавай таўкатні загінулі 53 чалавекі і пацярпела больш за 250 чалавек. Большасць загінулых маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў. Людзі ў пераходзе хаваліся ад дажджу з градам. У краіне была абвешчана трохдзённая жалоба. На месцы трагедыі, 30 мая 2002 г. усталяваны помнік Крымінальную справу спынена 25 сакавіка 2002 г. у сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці. Вінаватых у трагедыі не назвалі.


30 мая 2015 года ў Магілёве на беразе Дняпра ўпершыню арганізаваны талакой гарадскі пікнік, які пазней перарос у Вялікі гарадскі пікнік.

Цэнтр гарадскіх ініцыятыў арганізаваў свята, на якім было прадэманстравана як можна танна, весела і культурна бавіць час на прыродзе з сям’ёй і сябрамі без тытуню і алкаголю. Гарадскія пікнікі ладзіліся ў Магілёве да 2020 году.

websmi.by

 

Дзень у гісторыі. Падзенне “Другога Рыму”, расстрэл літаратара Фабіяна Шантыра, пачатак гісторыі “Магілёўхімвалакно”

29 мая – Міжнародны дзень міратворцаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Адзначаецца ад 2002 году.

У 1948 годзе першая міратворчая місія «Орган ААН па назіранні за выкананнем умоў перамір’я« пачала аперацыі ў Палестыне.

У 1988 годзе міратворчым сілам ААН была прысуджана Нобелеўская прэмія міру.

У Беларусі існуе міратворчая рота. 2 жніўня 2010 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ «Аб накіраванні вайскоўцаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міра і бяспекі ў Ліванскай Рэспубліцы». Вайсковы кантынгент складаў 9 чалавек.

www.un.org

29 мая 1453 года Канстанцінопаль захапілі войскі султана Асманскай імперыі Мехмеда II. Цяпер гэта горад у Турцыі – Стамбул.

Акупацыяй Канстанцінопалю быў пакладзены канец 1100-гадовай гісторыі хрысціянскай Візантыйскай імперыі.

Пра падзеі 1453 году «Хроніка Быхаўца» сціпла паведамляе:

«29 траўня туркі ўзялі Царград». Беларускія летапісы адзначалі, што гэты год адзначыўся непагаддзю.

lampada.in.ua


30 мая 1780 года закладзены Іосіфаўскі кафедральны сабор у Магілёве. Адзін з найбольш ранніх помнікаў класіцызму ў культавай архітэктуры Беларусі.

Зруйнаваны ў 1937 годзе згодна з генеральным планам забудовы Магілёва, які збіраліся зрабіць сталіцай Беларусі. На месцы святыні пабудавалі гатэль «Дняпро».

У кастрычніку 2011 году агучваліся планы гарвыканкаму аб аднаўленні сабора.

static.auction.ru


29 мая 1792 года завяршыўся Чатырохгадовы Сойм (Вялікі Сойм) Рэчы Паспалітай, які працаваў у Варшаве з 6 кастрычніка 1788 да 30 чэрвеня 1792. Сойм увёў рэкрутчыну паводле тэрытарыяльнага прынцыпу, пастанавіў павялічыць войска, ураўнаваў у правах мяшчан з шляхтаю, надаў правы габрэям і праваслаўным, зацвердзіў канстытуцыі 3 траўня.

У 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Чатырохгадовы Сойм праходзіў, калі беларускія землі ўжо былі захопленыя Расіяй. У пачатку 1795 гэтая Рэч Паспалітая была цалкам акупаваная і знікла з мапы Еўропы.

be-tarask.wikipedia.org


29 мая 1920 года ў Навазыбкаве (цяпер – Бранская вобласць Расіі) бальшавікі расстралялі Фабіяна Шантыра (1887-1920), беларускага літаратара і дзяржаўнага дзеяча.

У 1914-1917 гадах служыў наглядчыкам палявога ваеннага шпіталю ў Бабруйску. Быў жанаты на Зосьцы Верас. Лідар левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады, член Беларускіх нацыянальных арганізацый, Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый, загадчык Смаленскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыяту, камісар па нацыянальных справах Часовага ўраду БССР, супрацоўнік Менскага губернскага ваеннага камісарыяту і Асобай харчовай камісіі Заходняга фронту.

be-tarask.wikipedia.org


29 мая 1945 года ў Копысі нарадзіўся Аляксей Кароль (1945-2015).

Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, кандыдат гістарычных навук, журналіст, рэдактар газеты «Новы час» (2007-2015). Аўтар манаграфіі пра Ўсевалада Ігнатоўскага, прац пра рэабілітацыю Змітра Жылуновіча, пра «нацдэмаў», рэпрэсаваных у 1920-1930 гады. Сузаснавальнік Партыі народнай згоды. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. быў даверанай асобай Аляксандра Казуліна.


29 мая 1946 года прынята пастанова Савету міністраў СССР аб будаўніцтве Мінскага трактарнага заводу.

У 1990 г. выпускаў 110 тысячаў трактароў у год (кожны 10-ы у свеце). Цяпер каля 30 тыс. На экспарт пастаўлена больш за 2,6 млн адзінак тэхнікі ў больш чым 100 краін свету. У лютым 2022 г. выраблены чатырохмільённы трактар.

wikimedia.org


29 мая 1965 года прынята рашэнне Савету Міністраў СССР аб будаўніцтве ў Магілёве камбіната сінтэтычнага валакна.

Першую прадукцыю беларускага лаўсану вырабілі 5 лістапада 1968 г.

Першую чарга камбінату ўвялі 9 ліпеня 1971 году. Пра чатыры гады ён стаў галаўным на створаным Вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно».

31 снежня 2002 году прадпрыемства было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. На сёння прадпрыемства выпускае дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат, поліэфірнае валакно, лаўсан, тэхнічныя ніці, нятканыя матэрыялы і шмат іншай прадукцыі.

Па выніках 2020 году кампанія мела выручку 580,2 млн руб. (223 млн дол. ЗША), чыстых страт на 6 тыс. руб. (2300 дол. ЗША), не размеркаваных страт у 119,8 млн руб. (46 млн дол. ЗША).


29 мая 1975 года на Беларускім аўтазаводзе пачалася вытворчасць самага буйнога ў СССР грузавіка «БелАЗ-7520» грузападымальнасцю 110 тон.

На сёння, у ТОП-5 сусветных вытворцаў суперсамазвалаў уваходзяць: БелАЗ 75710, 496 т; амерыканскі Terex MT 6300AC, 400 т; нямецкі Liebherr T 284, 400 т;.японскі Komatsu 980E-4, 360 т; амерыканскі Caterpillar 797F, 345 т.

wikimedia.org


29 мая 1977 года нарадзілася Святлана Зелянкоўская, беларуская актрыса.

Працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. У ліпені 2017 сышла з тэатру. Жонка спявака Сяргея Міхалка. Вядома гледачам па ролях у фільмах «Казка пра зорнага хлопчыка», «Ідзі і глядзі», «Анастасія Слуцкая» (роля княгіні Анастасіі).

stuki-druki.com


29 мая 2008 года памёр ураджэнец в. Красная Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласці Валянцін Рабцэвіч (1934-2008).

Беларускі гісторык, археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар, заснавальнік беларускай нумізматыкі.

Вывучаў гісторыю грашовага звароту на землях ВКЛ і Кароны, тапаграфію манетных скарбаў на Беларусі. Аўтар класічных манаграфіяў па нумізматыцы. Стваральнік нумізматычнага кабінета БДУ. Дзякуючы яго намаганням на Беларусі застаўся ўнікальны скарб з паясамі Вітаўта, які збіраліся прадаць у Расію.

wikimedia.org

Дзень у гісторыі, 27 мая. 388 гадоў таму беларусы адстаялі Смаленск, а ў 1989-ым адбыўся першы конкурс «Міс Магілёў»

27 мая 1606 года ў Маскве выбухнула паўстанне супраць цара (1605-1606) Дзмітрыя Самазванца I (кан. XVI ст.-1606) і шляхцянкі, царыцы Марыны Мнішак (1588-1614, адзіная каранаваная жанчына ў Расіі да Кацярыны I).

Паўстанне прывяло да забойства Дзмітрый і 524 выхадцы з Рэчы Паспалітай, галоўным чынам, з Беларусі.

Мнішак пазней стала жонкай цара (1607-1610) Дзмітрыя Самазванца II. У выніку гэтай і наступных падзей, на маскоўскі трон быў абраны кароль і вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Уладзіслаў ІY Ваза.


27 мая 1634 года ў сяле Сямлёва (Смаленская вобласць, Расія) пачаліся перамовы між прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай і Масковіяй аб заканчэнні Смаленскай вайны 1632-1634 гадоў.

«Палянаўскі мір» быў заключаны 4 (14) чэрвеня 1634 году. Тады прэтэнзіі маскавітаў на Смаленск не былі задаволеныя.

Да Масковіі адышоў толькі Сярпейск. Паводле дамовы кароль і вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648) адмовіўся ад далейшых прэтэнзіяў на маскоўскі трон.

Маскоўскім царом ён быў у 1610-1634 гадоў.


27 мая 1871 года ў вёсцы Кульшыцы (Слаўгарадскі раён) нарадзіўся Ісак Сербаў (1871–1943), этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, фатограф, Правадзейны член геаграфічнага таварыства і Інстытуту беларускай культуры.

Настаўнічаў шмат дзе, напрыклад, у Вільні, Мінску, Хоцімску. У 1910-1913 гадах арганізаваў этнаграфічную экспедыцыю геаграфічнага таварыства па вывучэнні творчасці і матэрыяльнай культуры беларусаў.

Узначальваў работы па збіранні і ахове помнікаў, кафедру этнаграфіі БДУ.

Сабраў багатыя калекцыі народнага адзення, мастацтва, на падставе якіх быў выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951).

Першым сабраў вялізную фотатэку з фіксаваннем тыпаў адзення на Палессі, жытла, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў.


27 мая 1897 года ў Магілёўскай Васкрасенскай царкве (не захавалася) з ініцыятывы Еўдакіма Раманава быў адкрыты царкоўна-археалагічны музей, як епархіяльнае сховішча.

У музеі была экспазіцыя на 140 кв. м прыдатная для правядзення экскурсіяў. Музей працаваў штодня і бясплатна.

У 1904 годзе ў музеі было 6000 экспанатаў. Вялікую каштоўнасць уяўлялі 26 каралеўскіх прывілеяў XVI-XVIII стагоддзяў, грамата Стэфана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву 1577 году, інвентар гораду, замка і воласці 1604 году.

Музей зачынілі ў 1918 годзе і ў 1919 г. усе экспанаты перададзены Магілёўскаму губернскаму музею.


27 мая 1895 года нарадзіўся Ігнат Дварчанін (1895-1937), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, скарыназнаўца, навуковец, паэт, пісьменнік, доктар філасофіі.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, падпаручнік, быў членам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратаром культурна-асветніцкага аддзелу Беларускім нацыянальным камітэце камісарыянт у Маскве, Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэту, Цэнтральнай беларускай школьнай рады.

Ён быў укладальнікам «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры» (1927). У 1930 г. рэпрэсаваны польскімі ўладамі (8 год турмы), але ў 1932 г. трапіў пад абмен палітвязнямі паміж СССР і Польшчай.

Працаваў у акадэміі навук БССР у камісіі вывучэння Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства.

Арыштаваны ў 1933 годзе. Высланы на Салаўкі, расстраляны 8 снежня 1937.

Загінуў у лагерах і ягоны родны брат Іларыён Дварчанін, беларускі грамадскі дзеяч Ігнат Дварчанін.


27 мая 1896 года нарадзіўся Міхась Філіповіч (1896-1947), беларускі жывапісец, графік, этнограф, педагог, адзін з першых айчынных мастакоў, хто звярнуўся да нацыянальнай тэматыкі.

Вялікую значнасць маюць замалёўкі народнай вопраткі, зробленыя Філіповічам на Міншчыне, Случчыне, Магілёўшчыне, Палессі. Творы Філіповіча вызначаюцца яркім нацыянальным каларытам, самабытнасцю.


27 мая 1957 года нарадзіўся этнічны беларус Алег Латышонак, беларускі і польскі гісторык, доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, аўтар і суаўтар кніг і падручнікаў «Гісторыя Беларусі ад паловы XVIII да канца XX ст»., «Ад белых русаў да беларусаў» (аб фарміраванні беларускай народнай тоеснасці), «Жаўнеры БНР», «Нацыянальнасць – Беларус» (асвятляюцца пытанні этнагенезу беларусаў).

Узнагароджаны Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы.

pics.livejournal.com


27 мая 1989 года ў Палацы культуры ВА «Хімвалакно» прайшоў першы ў гісторыі гораду конкурс «Міс Магілёў-89». Пераможцай стала Ларыса Каўдобіна.

фота: wikimedia.org