Расія дамагаецца закрыцця сайту са звесткамі аб злачынствах расійскіх вайскоўцаў ва Ўкране

Расійскія дыпламаты просяць ААН прымусіць улады Ўкраіны закрыць сайт «Міратворца».


На сайце «Міратворца» падаюцца звесткі аб асобах, якія ўяўляюць пагрозу для бяспекі Украіны. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання на ім размяшчаецца інфармацыя аб меркаваных злачынствах расійскіх вайскоўцаў. У Расіі «Міратворца» заблакаваны.


Расійскія дыпламаты ў лісце генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу называюць дзейнасць праекту «Міратворца» «злачыннай» і просяць зрабіць неабходныя крокі для «закрыцця яго».

Аўтараў ліста, паведамляе выданне Медуза, абурае, што ў базу «Міратворца» уносяць не толькі дарослых, але і дзяцей.

Да звароту ў ААН Масква двойчы скардзілася на «Міратворца» былому кіраўніку ЮНІСЕФ Генрыеце Фор. Расійскія дыпламаты лічыць, што ўдзел гэтай арганізацыі ў вырашэнні пытання «быў вельмі фармальным» і не змяніў сітуацыі.

Да поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны адміністратары «Міратворцы» абяцалі закрыць свабодны доступ да сваёй базы. А прэзідэнт Уладзімер Зяленскі даводзіў, што не мае паўнамоцтваў для прымусовага закрыцця сайту, бо ён не парушае заканадаўства.

Расійскія войскі атакавалі Ўкраіну 24 лютага 2022 году. За пяць месяцаў вайна некалькі мільёнаў украінцаў сталі ўцекачамі. Тысячы былі забітымі. Сярод іх некалькі сот дзяцей. Зафіксаваныя факты злачынстваў расійскіх войск супраць мірнага насельніцтва. Зруйнаваныя гарады і паселішчы. Шкода эканоміцы краіны ацэненая ў мільярды долараў.

фота: natocdn.net

 

2 тысячы еўра за распаўсюд расійскай прапаганды ў Балгарыі

Расія плаціла за фармаванне грамадскай думкі балгарскім палітыкам, журналістам, аналітыкам, палітолагам і іншым асобам, якія з’яўляюцца ў грамадскіх медыях.

Пра тое заяўляе кіраўніца апарату прэм’ер-міністра краіны Лена Барыславова. Яна настойвае, што балгарскія спецслужбы маюць дадзеныя, паводле якіх Расія плаціць каля 2000 еўра ў месяц за распаўсюджванне сваёй прапаганды.

З яе словаў вынікае, што расійскія спецслужбы адсочваюць выступленні некаторых спікераў, «якія прывыклі ўводзіць публіку ў зман, гуляюць з ілжывымі ўяўленнямі і страхамі».

«Усім, хто бясплатна плюе на ЕС і НАТА, а таксама падтрымлівае дзеянні Пуціна ва Украіне, павінны ведаць. Вы аблажаліся. Тыя, хто натхняе вас на гэта, атрымліваюць грошы. Штомесяц», – падае словы ўрадоўкі выданне Euractiv.

Заява Барыславовай прагучала на фоне дыпламатычнага скандалу з расійскімі дыпламатамі. 

70 прадстаўнікоў амбасады Расіі ў Балгарыі мясцовыя ўлады звінавацілі ў супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі. Сцвярджаецца, што свой статус яны выкарыстоўвалі, як прыкрыцце. Іхную шпіёнскую дзейнасць выкрылі балгарскія спэцслужбы.

Дыпламатаў абвясцілі персонамі нон-грата і абавязалі выехаць з краіны. 3 ліпеня яны пакінулі Балгарыю.

Амбасадарка Расіі ў Балгарыі Элеанора Мітрафанава прыгразіла закрыццём расійскага пасольства і звярнулася з такой прапановаю да Міністэрства замежных справаў. Рэакцыя расійскага боку застаецца пакуль невядомай.

фота: euractiv.com

 

 

Сітуацыя ў Балгарыі. NATO лічыць высылку расійскіх дыпламатаў суверэнным рашэннем. Амбасадар Расіі страшыць закрыццём дыпмісіі

NATO заклікае паважаць рашэнне балгарскага ўраду. Прэс-сакратар арганізацыі Іаана Лунгеску адзначае, што ў альянсе салідарны з Балгарыяй.

Па словах Лунгеску саюзнікі катэгарычна асуджаюць спробы Расіі ўмешвацца ў дэмакратычныя працэсы і інстытуты, а таксама замах на бяспеку еўрапейскіх грамадзян.

Паводле балгарскага боку прычынай выдварэнне з краіны прадстаўнікоў расійскай амбасады стала абвінавачванне іх ў працы на спецслужбы Расіі. Балгарскі ўрад настойвае, што іх дыпламатычная дзейнасць была прыкрыццём шпіёнскай.

Амбасадар Расіі Элеанора Мітрафанава, у сваю чаргу, падала ў МЗС Балгарыі ноту з пратэстам адносна выдварэння дыпламатаў. Яна прыгразіла: калі рашэнне ўраду не будзе адмененае да 1 ліпеня, то дыпламатычнае прадстаўніцтва Расіі будзе зачыненае.

Калі тэрмін ўльтыматуму сышоў, кіраўніца дыпламатычнай місіі заявіла, што звернецца да кіраўніцтва Расіі з прапановай закрыць амбасаду. Гэта адбылося пасля таго як яе нота ў МЗС Балгарыі была праігнараваная.

«Адказнасць за далейшыя наступствы гэтага кроку цалкам ляжыць на ўрадзе Кірыла Пяткава», – гаворыцца ў пазіцыі, апублікаванай на сайце расійскай амбасады.

Тым часам, расійская прэса піша пра пратэсты ў Балгарыі ў сувязі з высылкай дыпламатаў. Адзначаецца, што нязгодныя з рашэннямі ўладаў сабраліся ля будынку дыпламатычнай місіі, а таксама ля храма-памятніка Аляксандра Неўскага і патрабуюць ад ураду перагледзець сваю пазіцыю.

фота: rus.bg