42-гадовая бабруйчанка Вераніка з сынам, малодшым школьнікам, у адчаі ад немагчымасці знайсці працу ў сваім горадзе.
Нягледзячы на вышэйшую адукацыю і гатоўнасць разглядаць розныя вакансіі, жанчына сутыкаецца з пастаяннымі адмовамі і, як сама прызнаецца, пачынае губляць надзею, піша komkur.info.
У Веранікі двое дзяцей. Старэйшая дачка ўжо дарослая і жыве асобна, а малодшы сын наведвае пачатковую школу. Жанчына вымушана самастойна забяспечваць сям’ю, бо бацька хлопчыка не ўдзельнічае ў яго выхаванні і не аказвае матэрыяльнай падтрымкі.
Па адукацыі Вераніка – эканаміст, скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Аднак па спецыяльнасці ніколі не працавала: пасля вучобы далучылася да сямейнага бізнесу, які заключаўся ў вядзенні невялікага гандлёвага павільёна, які належыў яе маці. Сітуацыя змянілася ў 2020 годзе пасля яе смерці. Вераніка спрабавала працягнуць справу самастойна і нават зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік, але праз паўтара года была вымушана закрыць бізнес.
“Спадзявалася вярнуцца да гандлю, але для гэтага патрэбны стартавы капітал, якога не было”, – тлумачыць яна.
Пасля закрыцця крамы жанчына пачала актыўна шукаць працу. У першую чаргу разглядала вакансіі, звязаныя з эканомікай і дакументазваротам, аднак працадаўцы патрабуюць досведу, якога ў яе няма. І атрымліваецца замкнёнае кола, бо атрымаць досвед, не працуючы, немагчыма.
Жанчына таксама мае абмежаванні па графіку: ёй неабходна забіраць сына са школы. Тым не менш, яна гатова разглядаць і зменную працу. Чаканы ўзровень заробку – ад 1500 рублёў, але на практыцы прапанаваныя сумы часта значна ніжэйшыя.
За час пошуку Вераніка адправіла дзясяткі рэзюмэ – на пазіцыі ўлікоўшчыка, кладаўшчыка, менеджара па турызме, страхавога спецыяліста і нават прадаўца. У большасці выпадкаў яна атрымлівае адмовы або застаецца без адказу.
“Бывала, што на сумоўі ўсё нібыта добра, але потым – цішыня. Або прапануюць 700–800 рублёў. Як на гэтыя грошы жыць з дзіцем?” – пытаецца Вераніка.
Паводле назіранняў жанчыны, працадаўцы неахвотна наймаюць самотных маці, асцерагаючыся частых бальнічнага. “Адразу намякаюць: “Будзеце з дзіцем сядзець”. І на гэтым усё”, – адзначае яна.
Спробы ўладкавацца ў іншыя сферы таксама не прынеслі поспеху. Напрыклад, у анлайн-школе прапаноўвалі працу, звязаную з тэлефоннымі продажамі, але, паводле Веранікі, гэта не яе моцны бок.
Нягледзячы на працяглы пошук, у цэнтр занятасці яна пакуль не звярталася. Кажа, што мае пэўныя стэрэатыпы наконт яго эфектыўнасці.
Пакуль жанчына жыве на зберажэнні і дапамогу родных. Аднак прызнаецца: сітуацыя становіцца ўсё больш цяжкай. “Я ўжо проста ў адчаі. Не думала, што знайсці працу такі квэст”, – кажа бабруйчанка.
Фота ілюстрацыйнае
