музей славы могилев

Што не так з “Музеем Славы Магілёўшчыны”?

Напачатку ліпеня ў мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» адбылося адкрыццё «Музея Славы Магілёўшчыны». Музей амаль цалкам прысвечаны толькі нямецка-савецкай вайне.

Калі зазірнуць на сайт музея (на якім нават няма беларускай версіі), то згодна схеме маршруту па экспазіцыі, слава Магілёўшчыны ўмяшчаецца толькі на невялікім адрэзку часу – ад канца 1930-х гадоў да пасляваенных працоўных будняў. Ёсць адна зала, прысвечаная жыхарам вобласці, якія ўдзельнічалі ў ганебнай і бясслаўнай для Савецкага Саюза вайне ў Афганістане, і на гэтым усё. 

“Ці ёсць у музеі ўнікальныя экспанаты? Мяркуючы па інфармацыі дзярж-СМІ, то іх амаль няма. У двухпавярховым музеі – бутафорскія скульптуры (чырвонаармейцы, мірныя жыхары, ворагі), здымкі ўдзельнікаў вайны, супрацьтанкавая міна, курыльная люлька пісьменніка Канстанціна Сіманава…”, – піша тэлеграм-канал арганізацыі “Беларускі інстытут публічнай гісторыі”. Паводле яго, экспазіцыя носіць прапагандысцкі характар. Напрыклад, у першых дзвюх залах з назвай «Магілёў даваенны» – фігуры курсантаў школы НКУС. 

У новым музеі абсалютна няма згадкі пра іншыя імгенні вайсковай славы, што здараліся на землях Магілёўшчыны ці з удзелам магілёўскіх ваяроў. Няма нічога пра славутага военачальніка, графа “на Шклове Мышы і Быхаве” Яна Караля Хадкевіча, які здабыў неверагодную перамогу над шведамі пад Кірхгольмам. Няма нічога пра  Магілёўскае паўстанне 1661 года, калі жыхары горада знішчылі цэлы гарнізон маскоўскіх акупантаў. Няма інфармацыі пра спаленне Магілёва і іншых навакольных гарадоў расійскім царом Пятром І і іх наступную адбудову. Таксама не адлюстроўваюцца падзеі вайны 1812 года на тэрыторыі вобласці і абласнога цэнтра. Нічога не распавядаецца пра Першую Сусветную вайну, напрыканцы якой мяжа паміж краінамі – Германіяй і Савецкай Расіяй – прайшла па Дняпры праз цяперашні Магілёў. 

Фотаздымак СБ-Беларусь сегодня