Па ўварванні ва Ўкраіну Расіі з яе рынку сышло багата заходніх кампаніяў, якія прадавалі свае брэндаваныя тавары. У Беларусі яны ў свабодным продажы і сюды кінуліся на закупы расіяне.
Расійскія турфірмы фіксуюць рост заявак на паездкі ў Беларусь і павышаны попыт на туры выхаднога дня, у якія выпраўляецца моладзь. Гэтую катэгорыю пакупнікоў мясцовыя кампаніі пачалі запрашаць у арганізаваныя паездкі ў нашу краіну па модныя брэнды.
Пакуль прапрацаваны шоп-тур у Мінск мае толькі адзін расійскі тураператар, які прапануе рэгулярныя рэйсы ў сталіцу Беларусі. Заезды з Масквы ён плануе пачаць з 25 жніўня і рабіць іх шточацвер, а з закупаў будзе вывозіць кліентаў у нядзелі, піша рэсурс Myfin.
Расіянаў у Беларусі падрыхтуюць да «палявання» на брэнды, а побыт зробяць камфортным. Жыць будуць у чатырохзоркавым гатэлі з магчымасцю замаўлення экскурсію па Мінску. Яны пройдуць «інструктаж» па пошуку ў горадзе брэндаваных тавараў ад кампаніяў NIKE, ZARA і падобных ім.
Паводле Myfin, без уліку кошту пералёту, шоп-тур з Масквы ў Мінск на дваіх абыдзецца ў 33,5 тыс. расійскіх рублёў (больш за 1,4 тыс. беларускіх рублёў), а з уключанай у цану дарогай – больш за 57,8 тыс. расійскіх рублёў (2,45 тыс. беларускіх рублёў) на дваіх.