Магілёўскі гісторык Яўген Балбераў атрымаў афіцыйны адказ з Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі наконт земляных прац у Магілёве. “Зафіксавана грубае парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў” – гаворыцца ў дакуменце.
Як паведамлялі mogilev.media, на месцы касцёла Ксаверыя ў цэнтры Магілёва камунальнікі праводзілі земляныя работы ў 20-х чыслах красавіка, прычым археолагі пры гэтым заўважаныя не былі. Таксама мы пісалі, што падчас рамонту дарожнага палатна на вуліцы Камсамольскай у Магілёве была выяўлена магчыма дарэвалюцыйная брукаванка, якая потым канчаткова знікла.
З пытаннем пра законнасць падобных дзеянняў магілёўскі гісторык Яўген Балбераў звярнуўся ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі – пра што ён напісаў у сваім Facebook. Земляныя работы па вуліцы Камсамольскай, а таксама на падмурках былога езуіцкага касцёла Святога Францыска Ксаверыя ў г. Магілёве праводзіліся незаконна, без апавяшчэння і ўзгаднення з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі – адказалі Балбераву.
Профільны інстытут даведаўся пра правядзенне гэтых работ з публікацый у інтэрнэце. Быў неадкладна праведзены агляд, але на яго момант брук па Камсамольскай вуліцы ўжо не выяўлены, яго лёс не вядомы. Інстытутам зафіксавана грубае парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. Земляныя работы, праведзеныя з выкарыстаннем цяжкай тэхнікай, знішчаюць верхнія напластаванні культурнага пласта Шклоўскага пасада. Дадзены ўчастак знаходзіцца на тэрыторыі матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Магілёва: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт».
Фота: mogilev.media, Яўген Балбераў