Уся маёмасць магілёўскага завода “Строммашына выстаўленая на таргі за 26,6 мільёны рублёў – паведамляецца на сайце аўкцыённай пляцоўкі “Белрэалізацыя”. Гэта аб’екты нерухомасці (больш за 70 000 м2), энергетычнай інфраструктуры, добраўпарадкавання.
Стартавы кошт складае 26 692 149,17 бел. руб., а мінімальны, за які гатовыя прадаць завод – крыху больш за 21 мільён. Падача заявак пачалася сёння, 15 чэрвеня, а самі таргі адбудуцца 17 ліпеня.
Увесну гэтага года «Строммашына» была прызнана банкрутам.
Летась магілёўскае прадпрыемства «Строммашына» пасля ўвядзення санкцый страціла кантрактаў больш чым на 9 мільёнаў даляраў, а працаўнікі былі пераведзеныя на няпоўную занятасць – пісалі mogilev.media год таму.
Санкцыі Еўрапейскіх краін супраць Беларусі цягам апошніх трох год уводзіліся за гвалт у адносінах да ўдзельнікаў пратэстаў, якія былі не згодныя з абвешчанымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. За прымусовую пасадку самалёта кампаніі Ryanair у траўні 2021 году, а таксама іміграцыйны крызіс. Нагодай для апошніх санкцыйных абмежаванняў стала падтрымка Беларуссю расійскай вайны ва Украіне.
Фота: mogilev.media