Сам аўтар ужо шэсць месяцаў сядзіць у СІЗА. У час затрымання ён працаваў над кнігай пра міліцыянераў і чэкістаў.
Гісторык з Бабруйска Ігар Мельнікаў быў затрыманы ў студзені 2024 года. Доўгі час прычына яго затрымання не была вядомая, а нядаўна з’явілася інфармацыя, што 10 верасня яго пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе па ч. 1 арт. 361-4 КК – “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”.
23 жніўня суд Цэнтральнага раёна горада Мінска прыняў рашэнне аб уключэнні некалькіх кніг гісторыка ў спіс “экстрэмісцкіх” – піша Reform.news. Гэта наступныя выданні:
- Нічыпарук П.К., Мельнікаў I. B. Адысея палешука / Павел Нічыпарук, Ігар Мельнікаў. — Мінск: «Альфа-кніга», 2017. — 328 с.;
- Мельнікаў, I. B. Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах / Ігар Мельнікаў — Мінск: «Альфа-кніга», 2018. — 224 с.;
- Мельнiкаў, I.B. На «мяжы цывілізацый». Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі / Ігар Мельнiкаў. — Мінск: «Альфа-кніга», 2020. — 352 с.
Ігар Мельнікаў займаецца вывучэннем гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў міжваенны час, а таксама ваеннай гісторыяй. У той час, калі адбылося яго затрыманне, ён працаваў над кнігай «Прыступіць да ліквідацыі».
Па словах гісторыка, яна мусіла распавядаць пра «гісторыю барацьбы савецкіх міліцыянераў і чэкістаў супраць былых нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў… [і ўтрымліваць] унікальныя факты пра здраднікаў з батальёна «Дальвіц», паліцыяў і іншых памагатых нацыстаў, якія не давалі вярнуць мірнае жыццё ў БССР».
Фота з сацыяльных сетак Ігара Мельнікава.