З’явілася петыцыя ў абарону знакамітай бабруйскай мазаікі

Як выявілася, чыноўнікі не ведаюць, што закон забараняе яе знішчаць.

Яшчэ ў пачатку 2023 года стала вядома, што першая бабруйская мазаіка аўтарства Сямёна Абрамава знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. У лістападзе пачалася рэканструкцыя хірургічнага корпуса больніцы імя У.Марзона, на якой размешчана мазаічнае пано, і ў СМІ паявілася інфармацыя, што манументальны твор мастацтва збіраюцца знішчыць – пісалі mogilev.media.

У сродках масавай інфармацыі з’явілася таксама тлумачэнне гэтага рашэння ад бабруйскіх чыноўнікаў. Так, прадстаўнік УКС горада Бабруйска заявіў, што мазаічнае палатно не ўваходзіць у пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таму будзе дэмантавана разам з будынкам. 

На тэлеграм-канале “Спадчына” адзначылі, што ў дадзеным выпадку бабруйскія чыноўнікі не разабраліся з нюансамі беларускага заканадаўства. Справа ў тым, што творы манументальнага мастацтва, да якіх адносіцца і мазаічнае пано, рэгулююцца не палажэннямі аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, а зусім іншымі нарматыўнымі актамі. Гэта Палажэнне аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372.

Паводле дадзенага акта, цытуем “Прыняцце рашэння аб стварэнні (рэканструкцыі) манументальнай скульптуры (незалежна ад крыніц фінансавання) і (або) іншага твора мастацтва (за кошт або з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў) ажыццяўляецца пасля атрымання станоўчага заключэння Міністэрства культуры аб стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва.”

Днямі стала вядома, што на сайце Petitions.by грамадскія актывісты размясцілі петыцыю ў абарону мазаікі. У ёй змяшчаецца просьба адказаць на шэраг пытанняў –, ці давала Міністэрства культуры Беларусі бабруйскім выканаўчым органам дазвол на знішчэнне мазаікі, ці прайшло рашэнне пра лёс манументальнага твора ўсе абумоўленыя заканадаўствам працэдуры. 

“Калі не, – гаворыцца ў петыцыі – то просім прыняць меры па недапушчэнні парушэння заканадаўства і паспрыяць захаванню мазаікі праз рэканструкцыю, якая прадугледжвае перанос твора мастацтва на іншае месца, або ў музейныя фонды. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае знішчэнне твораў мастацтва, бо гэта пра прамым вызначэнні з’яўляецца варварствам. Варварству не месца ў Бабруйску!”

Збор подпісаў пад петыцыяй будзе праходзіць да 22 лістапада. Падпісаць яе можна тут.

Фота: bobr.by

У Маскве знайшлі цела экс-музыканта групы “БІ-2”

Цела Мікалая Плявіна, які з 1999 па 2006 гады граў у гурце “БІ-2” як ударнік і клавішнік, было знойдзена ў здымнай кватэры ў Міскве. Паведаляецца, што музыкант быў увесь у крыві, але паводле папярэдняй версіі яго смерць мае негвалтоўны характар. Мужчыну знайшоў сын, пасля таго як беспаспяхова спрабаваў датэлефанавацца бацьку на мабільны. Апошні раз ён звязваўся з ім 10 лістапада. Цела накіравалі на судова-медыцынскую экспертызу.

Фота: НТВ

Па Бабруйску хадзілі махляры – дорага прадавалі звычайны посуд пад выглядам брэндавага

Пенсіянерка заплаціла за набор беларускімі рублямі і парай завушніц.

Як мінімум два чалавекі ў Бабруйску сталі ахвярамі гандляроў, што разносілі па дамах наборы посуду, якія выдаваліся за высокаякасныя тавары вядомага брэнда. Паведамляецца, што невядомы мужчына змог прадаць аднаму гаспадару такі набор за 400 рублёў. Потым пакупнік заўважыў, што на самім посудзе выстаўлена зусім іншая назва фірмы-вытворцы.

89-гадовая бабруйская пенсіянерка набыла падобны тавар за 500 рублёў, але грашыма расплацілася толькі часткова – аддала за набор 145 рублёў і пару залатых завушніц.

Судовая таваразнаўчая экспертыза паказала, што максімальны кошт кожнага прададзенага набору посуду не сягае вышэй за 229 рублёў.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Калі маці вярнулася да ванны, яе 11-месячная дачка ўжо плавала тварам уніз

Трагедыяй ледзь не завяршылася купанне двух малечаў у Бабруйску. 32-гадовая жанчына падрыхтавала ванную для сваіх дзетак, 2-гадовага хлопчыка і 11-масячнай дачкі. Пасадзіўшы малых у ванную, яна выйшла, а калі праз некалькі секунд вярнулася, то дачка ўжо плавала ў вадзе тварам уніз – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. Маці дастала дзаўчынку з вады, крыкнула мужу, той патэлефанаваў у хуткую і пачаў рабіць рэанімацыйныя мерапрыемствы. Медыкі даставілі дзяўчынку ў гарадскую дзіцячую бальніцу з дыягназам «утапленне». Яе ўдалося выратаваць. Цяпер жыццю і здароўю дзіцяці нічога не пагражае.

Паведамляецца, што сям’я характарызуецца станоўча і не знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Жанчына ў дэкрэце, яе муж часова не працуе.

Фота ілюстрацыйнае

У Бабруйску на продаж выставілі падземны камандны бункер

На электроннай пляцоўцы “БелЮрЗабеспячэнне” на продаж выстаўлены падземны пункт кіравання – вайсковы камандны бункер. Стартавы кошт 22 800 рублёў. На экзатычны лот аўкцыёна па продажы нерухомасці звярнула ўвагу выданне komkur.info.

Бункер знаходзіцца па вуліцы Кірава, каля дома 25а. Ён даўно не эксплуатуецца ваеннымі, а ў 2018 годзе перайшоў у прыватную ўласнасць. У мінулым годзе ўласнікам падземнага каманднага пункта стала ААТ “Старт-Корп”, у якой гэтая маёмасць была канфіскаваная за даўгі.

У адрозненне ад іншых падобных аб’ектаў, пункт кіравання ўнутры цалкам прэзентабельны – сцены зашытыя ў пластык, устаноўлены сучасныя свяцільні. Галоўным чынам памяшканні – скляпеністыя сцены і лямінаваную падлогу.

Аб «баявым» мінулым нагадваюць толькі браняваныя гермадзверы і прызначэнне абъекта (відавочна, ранейшае): «будынак спецыялізаваны для органаў дзяржаўнага кіравання, абароны, дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў».


З вуліцы аб’ект паходзіць на земляны вал

Агульная плошча ўсяго аб’екта складае 294 квадратныя метры. Свайго зямельнага ўчастка пункт упраўлення не мае. На аўкцыён незвычайны лот выстаўлены за пачатковую цану ў 22800 рублёў. Прэтэндэнт на куплю павінен унесці задатак – дзесяць працэнтаў ад названай сумы. Таргі прызначаны на 28 лістапада.

Фота: e-auction.by

Тры чалавекі патанулі за суткі на Магілёўшчыне – рыбак і двое палюбоўнікаў

Днём 8 лістапада на самаробным вадаёме каля вёскі Сычкава Бабруйскага раёна ў сямі метрах ад берага быў знойдзены труп жанчыны 1978 года нараджэння. Яе цела было ў вадзе ў верхняй вопратцы. Жанчына з’яўлялася жыхаркай вёскі Сычкава і нідзе не працавала. З гэтага ж вадаёма ратавальнікі дасталі таксама труп мужчыны 1968 года нараджэння, што быў сужыцелем жанчыны. Зараз праводзіцца праверка па факту гібелі – паведамляе прэс-служба МНС.

Цела яшчэ аднаго чалавека было выяўлена ў рацэ Ольса ў Клічаве. Вядома, што мужчына 1958 года нараджэння днём 7 літапада пайшоў на рыбалку і не вярнуўся. Яго труп ратавальнікі знайшлі ў вадзе каля берага ракі, у верхняй вопратцы.

Фота: МНС

У Бабруйску закладчыцамі сталі маці ў дэкрэце і яе 18-гадовая сяброўка

Дзве жанчыны 23 і 18 гадоў былі затрыманыя аператыўнікамі наркакантролю Бабруйска. Старэйшая з жанчын пры гэтым знаходзіцца ў адпачынку пасля нараджэння дзіцяці. Абедзьве фігуранткі набывалі ў наркамаркеце вялікія партыі альфа-PVP, фасавалі і пакідалі ў закладках – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Пры жанчынах і ў схованках было знойдзена 40 грамаў гэтага наркатычнага рэчыва. Зараз ім пагражае да 15 гадоў зняволення.

Фота: УУС, скрыншот

Пачалася рэканструкцыя галоўнай бальніцы Бабруйска, знакамітую мазаіку на ёй – знішчаць

З будынка бабруйскай бальніцы імя У. Марзона ўжо выселілі ўсіх пацыентаў, будынак рыхтуюць да зносу – паведамляе bobr.by. На месцы старога чатырохпавярховага корпуса бальніцы плануецца пабудаваць новы, шасціпавярховы.  Разам са старым корпусам “марзонаўкі” знікне і самы пазнавальны бабруйскі арт-аб’ект – першая ў горадзе мазаіка, створаная мясцовым мастаком Сямёнам Абрамавым у 1968 годзе.

Галоўны герой на мазаічным пано – чалавек у медыцынскай масцы, які стаіць на варце грамадскага здароўя. Як толькі стала вядома аб зносе будынка, аўтар мазаікі выказаўся за захаванне свайго твора і нават прапанаваў варыянты. Але, відаць, да яго не прыслухаліся. Мазаіку разбяруць разам са сцяной, якую яна ўпрыгожвае.

Пра пагрозу знішчэння знакавага для Бабруйска арт-аб’екта mogilev.media пісалі яшчэ ў лютым гэтага года.

Вось як каментуюць чытачы рэсурса bobr.by навіну пра страту пано:

– Шкада, што знікне мазаічнае пано. Памятаю яго яшчэ з дзяцінства. І хоць гэты доктар у масцы з сэрцам у руках мне здаваўся далёка не самым добрым, усё ж аб’ект вядомы. У кожнага мастака сваё бачанне… Маглі б знайсці варыянты для захавання. Шкада, што горад губляе сваю самабытнасць і ўсё паступова зліваецца няхай і ў сучасна-адрамантаваную, але шэрую масу…

Фота: bobr.by

У Бабруйску затрымалі бутлегера з 500 літрамі алкаголю

Моцны алкаголь без акцызных марак мужчына прадаваў у інтэрнэце – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Супрацоўнікі АБЭЗ УУС Бабруйскага гарвыканкама выявілі 32-гадовага дырэктара фірмы з Мінска, які прадаваў у інтэрнэце моцны алкаголь без беларускіх акцызных марак. У яго канфіскавана амаль 500 літраў тавару на агульную суму больш за 21 тысячу рублёў. Цяпер яму пагражае штраф на 3 700 рублёў.

Фота: УУС, скрыншот

Бабруйчанка пашкадавала ў судзе свайго мужчыну і атрымала штраф 1 100 рублёў

Крымінальную справу супраць жыхаркі Бабруйска завялі за ілжэсведчанне ў судзе – паведамляе Генеральная пракуратура.

Жыхарка Бабруйска ў сакавіку гэтага года выступала ў якасці пацярпелай на судовым пасяджэнні. На гэтым пасяджэнні разбіралі справу яе сужыцеля, які пагражаў жанчыне забойствам. На папярэдніх допытах бабруйчанка давала паказанні, з якіх віна мужчыны была відавочнай, тады як на судзе яна выступіла ў абарону сужыцеля і заявіла, што ніякіх злачынных дзеянняў супраць яе ён не здзяйсняў. Супярэчнасць у паказаннях была тут жа ўстаноўленая ў зале суда, пасля чаго на жанчыну была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 401 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Падчас разгляду справы ў судзе абвінавачаная не зьявілася на першае судовае паседжаньне. У выніку суд аб’явіў абвінавачаную ў вышук і прымяніў да яе стражэйшую меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. На чарговае судовае паседжанне яна была дастаўленая канвоем са следчага ізалятара.

Падчас судовага разбору жанчына прызнала віну і раскаялася. Яна расказала, што ілжывыя паказанні ў якасці абвінавачанай дала з-за жалю да свайго сужыцеля. Ёй прызначалі пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь – 1 110 рублёў.

Фота ілюстрацыйнае