Шматгадовая карэспандэнтка праўладнай газеты «Звязда» Нэля Зігуля стала вядомай пасля таго, як у 2017 годзе ініцыявала стварэнне музэю Алеся Адамовіча на яго малой радзіме ў пасёлку Глуша. Стварыць музей у будынку, дзе месцілася пасялковая аптэка, дагэтуль не ўдалося, але ў 2019-ым у Глушы, ушанавалі пісьменніка і грамадскага дзеяча, паставіўшы яго бюст.
Арганізаваць выставу «Паміж сонцам і зямлёй» журналістцы дапамагла найстарэйшая фотасуполка Магілёва «Радуга». Дэбютантка ў фатаграфіі, прэзентуючы сваю выставу, адзначыла, што спадзяецца на паблажлівасьць масцітых фатографаў, бо ейныя «здольнасці пакуль сціплыя».
«Ейнае аматарства ў фатаграфаванні дапамагло ёй зафіксаваць у здымках тое, на што не звярнуў бы ўвагі дасведчаны фатограф», адгукаюцца пра работы Зігуля наведнікі выставы .
«Сярод прадстаўленых фатаздымкаў няма шэдэўраў і добра, што сваё аматарства прызнае іх аўтарка», – заўважае адзін з магілёўскіх фатаграфаў.
«Работы Зігулі поўныя замілавання вясковымі краявідамі, – кажа ён. – Затое яны перадаюць ейны характар: дабрыню, любоў да радзімы, фантазію ды лёгкую летуценнасць».
Каля абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава выстаўлена вялізнае крэсла для гігантаў. Яно прыцягвае ўвагу магілёўцаў і выклікае шматлікія пытанні.
Памеры крэсла сапраўды ўражваюць. Вышыня яго большая за 2 метры. Проста забрацца на крэсла звычайнаму чалавеку зусім не проста, а для большасці мінакоў немагчыма. Таму натуральна ўзніклі самыя розныя, часам экзатычныя версіі прычын яго ўсталявання.
Версія пра жаданні магілёўцаў патрапіць у кнігу рэкордаў Гінеса аказалася лагічнай па накіраванасці думкі, але непраўдзівай. У свеце ёсць і большыя крэслы для гэтых мэтаў.
Таксама не спраўдзілася здагадка пра з’яўленне ў Магілёве новага Гулівера і атракцыён з ім.
Усё аказалася больш банальна. Крэсла з’яўляецца адметным вялікім магнітам, які павінен заманіць у музей наведвальнікаў.
Справа ў тым, што ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.У.Масленікава працуе інтэрактыўная выстава “Экспірыментус”. Па сутнасці, гэта не выстава, а незвычайная экспазіцыя прыбораў і прылад, якая дэманструе фізічны бок разнастайных і дзіўных па прыгажосці з’яў. Наведвальнікам гэтага праекту адкрыюцца розныя законы фізікі, прыродныя з’явы, аптычныя ілюзіі, прынцыпы працы тэхнічных прылад і шматлікае іншае.
Выстава – гэта яшчэ і займальная вольная гадзіна для ўсёй сям’і, дзе навочна дэманструюцца прыродныя з’явы і заканамернасці. Як кажуць арганізатары, тут вялікая колькасць экспанатаў, якія не толькі можна, але і трэба чапаць, круціць, націскаць. Усе наведвальнікі нечакана для сябе становяцца даследчыкамі дзіўнага і незвычайнага.
Дзецям да 7 гадоў уваход толькі ў суправаджэнні дарослых!
А стул? Ён проста ўсталяваны замест рэкламнага шчыта. І слава Богу, што арганізатарам выставы хапіла розуму не быць банальнымі і ў гэтай частцы свайго праекту.
Эксперты рэкамендуюць беларусам і гасцям горада наведаць этнаграфічны музей – філіял абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава, каб пазнаёміцца з традыцыйнай беларускай культурай і адчуць атмасферу мінулых дзесяцігоддзяў адразу на двух новых выставах. Старажытныя абрусы і посуд выстаўлены ў этнаграфічным музеі і вабяць да сябе наведвальнікаў.
Першай пачала ў музеі этнаграфіі працаваць выстава “Гісторыя посуду: эпоха і стыль”. Паколькі посуд – адзін з любімых аб’ектаў калекцыявання, то выстава атрымалася багатай на экспанаты і вельмі атмасфернай. Тым наведвальнікам, якія прыйдуць пазнаёміцца з ранейшым посудам, прадстаўленыя экспанаты дазваляюць прасачыць гісторыю посуду і змену стылей. Посуд зацікавіць і больш дапытлівых разнастайнасцю формаў і фарбаў, майстэрствам, прыгажосцю і арыгінальнасцю выканання.
На выставе прадстаўлена больш за чатырыста артэфактаў XVII – пачатку XXI ст., якія раскрываюць гісторыю стварэння посуду, яго эвалюцыю ад глінянага гаршка да вытанчаных фарфоравых формаў. З самых цікавых экспанатаў звернем увагу на наступныя прадметы:
Кафейнік імператарскага фарфоравага завода пачатку ХІХ ст.
Маслёнка “Курачка наседка”. Гута “Нёман”.
Посуд Добрушскага фарфоравага завода.
Украінскі савецкі фарфор.
Сервізы Германіі, ГДР і ФРГ.
Талеркі Велікабрытаніі.
І г.д.
Адначасова пры жаданні можна пагрузіцца ў тэкставую гісторыю асобных прадметаў – шклянкі, кубка, талеркі, відэльца, лыжкі, нажа.
Усіх наведвальнікаў выстава адорыць сваёй атмасферай, вока парадуюць прыемныя фарбы, яна падыме настрой, а юныя наведвальнікі змогуць паспрабаваць свае сілы ў якасці мастакоў фарфоравых заводаў: размаляваць кружкі, талеркі, сподачкі і збанкі.
У гэтым самым музеі этнаграфіі пачала работу і больш сціплая па памерах, але не меньш цікавая выстава “Са скрыні маляванай абрусы падасталі…” На ёй паказаны тканыя і вышытыя абрусы і ручнікі як элементы дэкаратыўнага ўпрыгожвання інтэр`ера сялянскай хаты.
Здаўна маладая, каб паказаць якая яна майстрыха, рыхтавала прыданак – пасаг. Неад’емнай часткай яго былі абрусы – скацёркі. У зале можна паглядзець абрусы самага рознага колеру і рознага ткання.
На выставе выразна бачна, што абрусы адлюстроўваюць нацыянальны характар. Магілёўскім абрусам уласціва сціплая каларыстычная гама, простыя ўзоры. Пераважаюць срэбныя адценні шэрага рамбічнага арнаменту.