1831 год. Памёр Ян Ходзька.
Пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, масон, удзельнік паўстання 1830-1831 гг.
Працаваў старшынёй Галоўнага цывільнага суда ў Мінску. Быў суарганізатарам масонскіх лож у Мінску і Вільні. Выступаў за пашырэнне адукацыі сярод народа.
Ганаровы член Віленскага ўніверсітэта, інспектар школ Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў.
Па палітычных матывах і за ўдзел у паўстанні арыштоўваўся ў 1826, 1830 гг.
Быў вязнем Петрапаўлаўскай крэпасці, сасланы ў Сібір.
Аўтар п’ес, камедый, мемуараў, прац па гісторыі Міншчыны.
1853 год. У Магілёве пачаў працаваць міжгародні тэлеграф.
Перадаваў тэлеграмы на рускай, французскай і нямецкай мовах. Пошта ў Магілёве размяшчалася ў будынку на рагу вуліцы Валікай Садовай (зараз – Ленінская) і Пажарнага завулка.
1910 год. Нарадзіўся Змітрок Астапенка.
Беларускі паэт і празаік. Вучыўся ў Мсціслаўскім (разам з А. Куляшовым), Белпедтэхнікумах, БДУ. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў.
Двойчы арыштоўваўся (1933 і 1936) і асуджаўся як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі». Пакаранне адбываў у Сібіры (некаторы час разам з М. Лужаніным).
Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі. Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).
Перакладчык з украінскай і рускай моў, у тым ліку рамана М. Горкага «Маці» (1932).

Па афіцыйнай версіі загінуў ў Чэхаславакіі 7 кастрычніка 1944 года пад час боя групы выведнікаў з фашыстамі. Але існуюць дакументы, сведчанні, што ён у 1949 годзе быў зноў асуджаны і сасланы ў Сібір.
