мастацтва артылерыі

Яшчэ адна кніга “Вялікае мастацтва артылерыі” ў руках беларусаў

У дадатак да набытай у 2012 годзе Музеем гісторыі Магілёва кнігі “Вялікае мастацтва артылерыі” Казіміра Семяновіча на нямецкай мове, беларусы цяпер маюць старадрук на французскай.

У адносна далёкім ужо 2012 годзе акурат пад Новы год Музей гісторыі Магілёва, якім тады кіраваў цяперашні палітычны эмігрант Аляксей Бацюкоў, з дапамогай неабыякавых магілёўцаў і спонсараў набыў кнігу Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”. Як пазначана на сайце ўстановы, гэта выданне 3-е, на нямецкай мове. Старадрук быў выдадзены ў Франкфурт-на-Майне ў 1676 годзе. 

“У адрозненні ад ранейшых выданняў (1650 г., на латыні, 1652 г. на францускай мове) выданне мае дадатковую 2-ю частку, якая, паводле меркавання даследчыкаў, магла быць заснаваная на чарнавых накідах самаго К. Семяновіча. Захаванасць амаль поўная (адсутнічаюць 2 апошнія аркушы са зместам) ” – адзначаецца ў інфармацыі аб рарытэце.

І вось цяпер ініцыятыва беларусаў замежжа MALDZIS паведаміла, што выкупіла франкамоўнае выданне “Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая” (“Artis Magnae Artilleriae pars prima”) Казіміра Семяновіча, надрукаванае ў Амстэрдаме ў 1651-ым годзе.

Крыху здзіўляе пераклад з лацінскай мовы слова “Artis” – не “мастацтва” як правільна пераклалі магілёўцы, а “майстэрства”. Але такі пераклад таксама магчымы і не з’яўляецца памылковым.

“Гэтая праца, напісаная рукою беларуса – помнік навуковай і вайскова-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння” – падкрэсліваюць у ініцыятыве.

Паводле яе, кніга была набытая на аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Данэйкі, Івана Шылы і мецэнатаў, якія пажадалі застацца непублічнымі.

Захоўваць фаліянт навечна ў сябе ў MALDZIS не намераны. “У будучыні кніга будзе перададзеная ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Беларусь яна будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за мяжой” – гаворыцца на сайце. Калі плануецца такое вяртанне, там не акрэслена, але, праўдападобна, пасля ўсталявання ў Беларусі дэмакратычнага прабеларускага ладу.

Фотаздымак maldzis.world

← Усе навіны Магілёва