Магілёў можа ганарыцца яго спадчынай ужо цяпер.
Блогер, вікіпедыст, стваральнік тэлеграм-канала “Спадчына” і архітэктар Уладзіслаў Чаховіч быў затрыманы сілавікамі – што вынікае з прыніжальнага відэа, апублікаванага на Tik-Tok акаўнце panviezha.
Чаховіч працаваў у Магілёве ў “Магілёўграмадзянпраекце”, мае дачыненне да такіх аб’ектаў, як рэканструкцыя “гарбатага” маста на Першамайскай (каля Політэхнікума), будаўніцтва новага дома па Ленінскай-59, які прызнаны адным з самых крутых сучасных гарадскіх жылых будынкаў.
Так, у сваім матэрыяле “Круче чем в Минске” Onliner заклікаў сталічных архітэктараў адпраўляцца ў Магілёў каб зразумець, што такое сучасная архітэктура.
Уладзіслаў Чаховіч з’яўляецца аўтарам дзясяткаў афіцыйных зваротаў да ўладаў горада Магілёва і вобласці з пытанняў захавання архітэктурнай спадчыны. У сваім блогу Чаховіч сярод іншага называе сябе “назіральнік за Магілёвам”.
Тэлеграм-канал «Спадчына» расказвае пра гістарычную і архітэктурную спадчыну Беларусі, падымае пытанні захавання і рэстаўрацыі помнікаў. На яго падпісаны больш за 2800 карыстальнікаў. У Twitter на яго падпісана больш за 1 300 падпісчыкаў.
Прычыны затрымання застаюцца невядомымі.