золата

Залатая афера пад Магілёвам: ашуканцам далі па 7 гадоў калоніі

У Магілёўскім раённым судзе вынесены прысуд па гучнай справе аб крадзяжы залатых зліткаў у пажылой жанчыны. Трое мужчын прызнаныя вінаватымі ў групавым махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Як паведамляе Магілёўскі абласны суд, следства ўстанавіла, што абвінавачаныя загадзя спланавалі аферу і дзейнічалі з карыслівых памкненняў. Яны падзялілі паміж сабой ролі: нехта тэлефанаваў патэнцыйным ахвярам і прадстаўляўся супрацоўнікам праваахоўных органаў або банкаў. Каб «зберагчы» ашчаджэнні, даверлівым людзям прапаноўвалі перадаць каштоўнасці «кур’еру» для часовага страхавання.

Ахвярай гэтай схемы стала 70-гадовая жыхарка Магілёўскага раёна. Падчас перапіскі праз Viber ашуканцы даведаліся, што жанчына захоўвае дома залатыя зліткі. Яны пераканалі яе, што для іх захавання трэба перадаць каштоўнасці «кур’еру».

Двое выканаўцаў прыехалі да пацярпелай і забралі чатыры залатыя зліткі агульнай вагой 700 грамаў. Кошт выкрадзенага склаў 217 133 рублі. Потым вярнуць удалося толькі нязначную частку — усяго 1 500 рублёў.

На судзе абвінавачаныя адмаўлялі датычнасць да арганізаванай групы і настойвалі, што не ведалі пра махлярскія намеры. Аднак доказы іх віны для суда аказаліся пераканаўчымі.

Такім чынам, суд Магілёўскага раёна прызнаў іх вінаватымі ў завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), здзейсненым арганізаванай групай у асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса). Кожнаму прызначана пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічынь (8 400 рублёў).

Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з асуджаных усю суму прычыненай шкоды — больш за 215 тысяч рублёў — на карысць пацярпелай, а таксама дзяржаўную пошліну амаль 11 тысяч рублёў у даход дзяржавы. На дадзены момант прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Фотаздымак ілюстрацыйны з адкрытых крыніц