Так пастанавіў урад сумесна з Нацыянальным банкам. Афіцыйна дакумент пакуль не апублікаваны.
У тэлеграм-канале ўраду гаворыцца, што выкананне даўгавых абавязкаў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацыянальнага банку на дату плацяжу.
Такую меру ўрадоўцы называюць вымушанай і абумоўленай немагчымасцю плацежнага агента і іншых удзельнікаў міжнароднай разьлікова-клірынгавай сістэмы гарантаваць паўнату і своечасовасць пералічэння сродкаў усім трымальнікам еўрааблігацыяў.
Урадоўцы сцвярджаюць: ёсць факты неатрымання асобнымі ўладальнікамі купоннага даходу па еўрааблігацыях, пералічанага Міністэрствам фінансаў у лютым.
Мінфін яшчэ ў сакавіку паведаміў, што ўлады Беларусі маюць намер разлічвацца па даўгах ураду, беларускіх банкаў і кампаніяў з «недружалюбнымі» краінамі не ў той валюце, у якой бралі крэдыты, а ў беларускіх рублях.
Раней аб абслугоўванні свайго знешняга доўгу ў нацыянальнай валюце – расійскіх рублях – таксама аб’явілі ў Маскве.
27 чэрвеня заходнія СМІ паведамілі аб «сімвалічным» дэфолце Расіі па валютных дзяржаблігацыях з-за таго, што напярэдадні, 26 чэрвеня, скончыўся льготны перыяд па аплаце каля 100 млн долараў пратэрмінаваных плацяжоў па каштоўных паперах Масквы.
Згодна з дамовай Расія павінна была заплаціць у замежнай валюце, аднак у Крамлі настойваюць, што ўнеслі суму ў рублях, і на гэтай падставе называюць сцвярджэнні аб яе дэфолце неправамернымі.