У літоўскай Клайпедзе працуе адзіны ў краіне рэгулярны экалагічны маршрут па ўнутраных водах – паведамляе atviraklaipeda.lt.
Два водныя аўтобусы пачалі курсіраваць у тэставым рэжыме з 16 чэрвеня па рацэ Данге, па маршруце Стары горад – мост Таўралаўкіа, хаця спачатку планавалася даць старт 15 мая. Маршрут пакуль працуе ў тэставым рэжыме.
Пра планы запусціць водны гарадскі транспарт у Клайпедзе 10 красавіка 2023 пісалі mogilev.media.
Пішам пра гарады-пабрацімы Магілёва і гарадоў Магілёўскай вобласці, каб нягледзячы на смугу прапаганды зразумець рэальнае развіццё блізкіх грамадстваў праз іх роднасныя адносіны з нашым рэгіёнам.
Водныя аўтобусы эксплуатуе муніцыпальнае прадпрыемства «Клайпедас паслаўгос» – былы Клайпедскі аўтобусны парк.
Паездка па рацэ прывабная тым, што можна ўбачыць горад з ракі. Гэта дае магчымасць мець зносіны з прыродай гараджанам і гасцям, з’яўляецца альтэрнатывай іншым відам гарадскога транспарту, цікавосткай для турыстаў.
Водны аўтобус умяшчае 10 чалавек, прадугледжана адно месца для інваліднага вазка. Кошт разавага білета – 3 еўра, дзейнічаюць і льготы. З Картай клайпедчаніна праезд – 2 еўра 40 цэнтаў.
Аплачваць паездкі можна электронным квітком, бескантактнай банкаўскай картай і іншымі электроннымі спосабамі, але не наяўнымі.
Паездка ў адзін бок займае 1 гадзіну 20 хвілін. Усяго на маршруце 6 прыпынкаў: «Стары горад», «Мост Ліепу», «Данэс зляняй», «Сянваге», «Батанікас содас» і «Мост Таўраўлаўкіа». Водныя аўтобусы курсіруюць па 8 разоў на дзень.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго, ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды – Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Фота: atviraklaipeda.lt.