Бобруйск снос

У Бабруйску зносяць стары будынак з парушэннем закона

У самым сэрцы гістарычнага Бабруйска знішчаюць будынак былога вучэбна-вытворчага камбіната, які знаходзіцца на вуліцы Маскоўскай, 41.

Як піша тэлеграм-канал “Спадчына”, з 2022 года цэнтральная частка Бабруйска мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі. Аднак будынак №41, як і шэраг іншых, не быў уключаны ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцей. Варта адзначыць, што дагэтуль адсутнічае зацверджаны праект зон аховы гістарычнага цэнтра, а гэта значыць, што ў адпаведнасці з Кодэксам аб культуры нават распрацоўка праектнай дакументацыі на тэрыторыі зоны аховы забароненая.

Нягледзячы на гэта, на Маскоўскай вуліцы сёння вядуцца працы, якія з’яўляюцца парушэннем закону. Складаецца ўражанне, што гэта адбываецца з маўклівай згоды гарадскіх уладаў, якія, здаецца, нават не спрабуюць азнаёміцца з патрабаваннямі культурнага заканадаўства.

Магчыма, гэты будынак і не мае істотнай архітэктурнай ці гістарычнай вартасці, але даваць такую ацэнку павінен навуковы кіраўнік, які будзе распрацоўваць праект зон аховы і рэгламенты іх выкарыстання.

Як распавядае “komkur.info”, на месцы старога будынка пабудуюць новы. На двух паверхах агульнай плошчай 2 181 квадратны метр размесцяцца магазін, офісныя памяшканні і рэстаран з пляцоўкай пад адкрытым небам. Прылеглую тэрыторыю выкладуць тратуарнай пліткай, абсталююць шэсць парковак, у тым ліку дзве – непасрэдна на Маскоўскай, а таксама добраўпарадкуюць сквер, які прымыкае да плошчы Перамогі. Помнік ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій захаваецца. Цалкам аб’ект плануюць здаць у другім квартале 2026 года. 

Фота: komkur.info