У TikTok з’явіўся ролік з пралётам БПЛА, падобным на расійскі баявы дрон, зняты над Магілёвам у раёне Слаўгарадскай шашы. Акрамя характэрнага сілуэту, лёгка пазнаецца яго гук, за які падобныя лятальныя апараты празвалі “мапедамі”.
Гледзячы па роліку, яго аўтар знаходзіўся ў прыватным сектары Магілёва, здымаючы відэа з пралётам дрона. У кадр трапіў сам апарат, чуваць крык дзіцёнка: “Як блізка!”. У каментарах знайшлося некалькі чалавек, што бачылі БПЛА над Магілёвам таксама.
Іншыя каментатары пішуць, што дрон – грамадзянскі, пушчаны для фіксацыі наступстваў учорашняй навальніцы. Але гэта супярэчыць словам аўтара роліка, які адзначае, што здымаў відэа яшчэ за дзень да ўрагану.
Каментатары з іншай катэгорыі сыплюць на аўтара пагрозы.
Гэта ўжо не першая фіксацыя беспілотных апаратаў над Магілёвам. Пра ранейшы такі выпадак mogilev.media пісалі 12 сакавіка.
Фота: скрыншот