Магілёўскія могілкі – прадстаўляем лепшае, бадай, месца для альтэрнатыўнай “Ночы музеяў”

Сёння ў Магілёве праходзіць “Ноч музеяў”. Mogilev.media публікавалі праграму мерапрыемстваў, падрыхтаваных магілёўскімі музеямі. А яшчэ мы хочам прапанаваць альтэрнатыўны маршрут на “Ноч музеяў”. Для тых, хто па нейкіх прычынах не хоча альбо не можа наведаць самі музеі, але з задавальненнем прысвяціў бы вечар і ноч дакрананню да гісторыі. Ці для тых, хто пасля наведвання музея хацеў бы працягнуць яскравыя пачуцці, паказытаць сабе нервы.

Магілёўскія могілкі – гэта адразу некалькі насычаных і арыгінальных лакацый, раскіданых па розных кутках горада. Яны цікавыя ўнікальнымі і арыгінальнымі помнікамі, некаторыя з якіх выдзяляюцца нават у агульнабеларускім маштабе.

Каталіцкія могілкі на вуліцы Лазарэнкі, Яўрэйскія і Машэкаўскія ў мікрараёне Юбілейны (за запраўкай “Беларуснафты”) – багатыя, велічныя комплексы помнікаў, што здольныя часам здзівіць вытанчанасцю манументальных кампазіцый, архітэктурным хараством. Але перш за ўсё, уражвае спалучэнне эстэтычнай асалоды з непазбежным суперажываннем чалавечым лёсам, з думкамі пра вечнасць.

Але пачынаць сваё знаёмства з магілёўскімі могілкамі, даруйце за тафталогію, лепш за ўсё з Успенскіх. Яны знаходзяцца на вуліцы Чалюскінцаў, насупраць офіса “Белдзяржстраха”. Чаму лепш з іх? Таму што тут захаваўся самы старажытны і загадкавы помнік, так званая “пліта Валовічаў”.

Спецыялісты адзначаюць, што выяўлены на пліце герб адпавядае асабістаму гербу канцлера ВКЛ Астафея Валовіча, які ў 1550-х гадах быў магілёўскім старастай. Але сам Валовіч быў пахаваны ў склепе пад рэфармацыйным зборам у Сідры пад Гародняй. Пагэтаму гісторыкі называюць помнік абцякальна “плітой роду Валовічаў”, паколькі невядома, хто дакладна можа быць пад ёй пахаваны. Нягледзячы на гэта, пліта цікавая ўжо тым, што гэта самы старажытны з усіх вядомых артэфактаў, што маюцца ў гарадской прасторы Магілёва.

Але – не толькі знакамітыя і велічныя асобы прыцягваюць увагу на старажытных могілках. Часам уражваюць простыя, ажурныя карункі крыжоў на безыменных магілах.

Альбо шчырыя, вусцішныя словы тых, хто моваю гранітных эпітафій імкнецца праз стагоддзі звяртацца да жывых.

Самы маштабны некропаль у Магілёве, бадай што – Яўрэйскія могілкі. Дзясяткі, нават сотні старажытных надмагільных пліт захоўваюць памяць пра людзей, цесна знітаваных з гісторыяй горада. Імёны многіх пахаваных тут людзей насілі дамы па вуліцы Ленінскай, Першамайскай, Пажарным завулку.

Многія пліты былі рабітыя, іх знішчалі дрэвы, хмызняк, непагадзь. Зараз, аднак, ідзе грунтоўнае аднаўленне некропаля. 

На суседніх Машэкаўскіх могілках старажытныя помнікі размешчаныя не так кампактна, але тут таксама ёсць на што паглядзець. Самае прыгожае радавое пахаванне тут, напэўна, належыць роду Саковічаў.

“Приидите ко Мне, вси труждающиися и обремененнии, и Аз упокою вы. Боже, Заступник мой еси Ты, и милость Твоя предварит мя” – можна прачытаць на пліце калежскага саветніка Івана Саковіча, што памёр у 1904 годзе. Што цікава – як мінімум на трох пахаваннях стаяла скульптура Ісуса Хрыста. Дзве ўпалі, адна захавалася дагэтуль.

Адзін з самых старажытных тут помнікаў – гіганцкае, складанае надмагілле калежскага асэсара Фёдара Галынскага 1842 года. З масонскім знакам на вяршыне. Уся стэла складаецца з пяці розных пліт.

Цікавостка на адной з дарожак Машэкаўскіх могілак – сямейнае пахаванне 1825 і 1845 гадоў бацькі і сына Круцілавых, у якое уварваўся нехта з ХХ стагоддзя.

Васіль Круцілаў, бацька, як паведамляе эпітафія, быў колішнім ратманам Магілёўскага магістрата. Гэта значыць, ён заспеў апошнія часы, калі горад Магілёў заставаўся вольным і кіраваўся магдэбургскім правам.

Гэта было толькі беглае і вельмі павярхоўнае знаёмства з магілёўскімі могілкамі. Глыбока раскрыць гэтую тэму не здольная будзе, бадай, нават навуковая манаграфія. Але і мэтай нашага матэрыяла было менавіта – зацікавіць. Памятайце, што могілкі – гэта такая ж важная частка культурнай памяці, як і архітэктурныя помнікі.

Фота: mogilev.media

Што з самым старажытным артэфактам Магілёва – расказвае гісторык Яўген Балбераў

Выйшла новая серыя Youtube-праекта Правая Дубравенка, што знаёміць з адметнымі героямі сучаснай магілёўскай гісторыі. Папярэдні ролік быў прысвечаны легендарнаму гадзіннікаваму майстру Генадзю Галоўчыку. Гэтым разам у серыі “Парадоксы памяці” гісторык Яўген Балбераў сам становіцца героем сюжэта і расказвае пра самы старажытны артэфакт у Магілёве. 

Пліта з гербам рода Валовічаў была выяўленая на Успенскіх могілках горада яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Артэфакт, які па меркаванні даследчыкаў быў створаны ў XVI стагоддзі – самы старажытны элемент сучаснай гарадской прасторы. На пліце выяўлены асабісты герб, які адпавядае гербу канцлера ВКЛ, аднаго са стваральнікаў Статута ВКЛ Астафея Валовіча.

Цяперашні стан пліты гаротны – яна паступова разбураецца пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя, а калісьці можа быць страчаная назаўсёды. Гісторык Яўген Балбераў зладзіў чарговую ўборку гастарычнай каштоўнасці і падзяліўся сваімі меркаваннямі на конт унікальнага аб’екта.

Фота, відэа: Правая Дубравенка