Работнікі побытавага абслугоўвання і камунальнікі ў нядзелю ўзнагародзілі самі сябе з нагоды прафесійнага свята і не асабліва звярталі ўвагу на праблемы, якія хвалююць жыхароў Магілёўскай вобласці.
У апошнюю нядзелю сакавіка ва ўсіх раёнах вобласці работнікі побытавага абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі адзначылі сваё прафесійнае свята. Аналіз раённых газет і сайтаў паказаў, што паўсюль трафарэтна вызначалі пераможцаў і скарысталіся святам для прэміравання і ўзнагароджвання сваіх калектываў. Падарункам для гледачоў паўсюль былі не толькі граматы, але і музычныя нумары, у тым ліку ў выкананні дзяцей і ўнукаў супрацоўнікаў жылкамунгасаў.
У ранейшы часы свята было яшчэ і нагодай паказаць дасягненні і перспектывы паляпшэння добраўпарадкавання гарадоў і вёсак, для чаго фіксаваліся балявыя кропкі. Магчыма, што ў дакладах і цяпер штосьці крытычнае да рэальнага стану рэчаў і было сказана, былі паабяцаны тутэйшаму люду крокі да паляпшэння сітуацыі, але ў газетных публікацыях пра гэта ні слова. У іх толькі аптымістычныя фотаздымкі.
А вось раззлаваныя з-за розных праблем жыхары вобласці ўжо прапануюць навесці татальны кантроль у надзеі навесці парадак. Як піша газета Радзіма, “сярдзіты чытач” у Глуску сам прыбраў вуліцу каля свайго дому і прапанаваў фідэафіксаваць парушэнні і бязлітасна штрафаваць суседзяў за выкінутыя на вуліцы паперкі. Ён лічыць, што “толькі страх пакарання… можа, калі не пазбавіць ад смецця, то, прынамсі, паменшыць яго колькасць на нашых вуліцах “.
Многія жыхары вобласці ўсё больш настойліва патрабуюць ад камунальнікаў не спачываць на лаўрах, а наладжваць сувязі з грамадскасцю і вырашаць тыя праблемы, якія хвалююць людзей.
Фота: “Ударны фронт”.