“Делай правильный выбор” – спектакль «ТыкТокеры» масава паказваюць магілёўскай моладзі

Дыпломны спектакль выпускнікоў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў выйшаў за межы навучальнай установы з блаславення чыноўніцы гарвыканкама, а пасля спектакляў з глядачамі працуюць праваахоўнікі і людзі з камісіі па справах непаўналетніх.

Па паведамленні БелТА, паказы спектакля «ТыкТокеры» з поспехам праходзяць у Магілёве і Магілёўскім раёне. Гэты праект стаў магчымым не толькі дзякуючы таленту маладых артыстаў, але і з бласлаўлення чыноўнікаў – зусім як у часы Фурцавай.

Дыпломная работа выпускнікоў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў першапачаткова павінна была застацца ў сценах навучальнай установы, але…

«Спектакль выйшаў на шырокую публіку і стаў сапраўднай падзеяй для абласнога цэнтра дзякуючы намесніцы старшыні камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага гарвыканкама Іне Караткевіч. Яна, убачыўшы экзаменацыйную работу выпускнікоў каледжа мастацтваў, была ўражана і ініцыявала яе выязны фармат» — адзначаецца ў паведамленні. А яшчэ, пасля кожнага спектакля адбываецца абавязковы “прававы палілог з удзелам усіх зацікаўленых, у тым ліку праваахоўнікаў і прадстаўнікоў камісіі па справах непаўналетніх.”

тыкток

Аўтарка п’есы — расіянка Жанна Шамай.

Фота: БелТА.

«Засмуціла адсутнасць аншлагу». Жыхары глыбінкі аб сталічным спектаклі «Час жыцця»

Група жыхароў Бялыніч наведала Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і пабачыла спектакль «Час жыцця». Пра іхныя ўражанні і саму пастаноўку апавядае Магілёў.media.

Запрашальныя квіткі бялынічам дасталіся ад актораў тэатру Уладзіміра Рагаўцова і Генадзя Аўсянікава, якія родам з Бялыніччыны. Абодва ўсё жыццё аддалі Купалаўскаму тэатру. Генадзю Аўсяннікаву 87 гадоў, а ягонаму калегу Ўладзіміру Рагаўцову – 79. Сваю акторскую кар’еру першы пачаў у далёкім 1957-ым, а другі першы раз выйшаў на сцэну ў 1964-ым.

У спектаклі «Час жыцця» Генадзь Аўсяннікаў іграе галоўную ролю – пажылога ліфцёра, які збірае ў пятніцы сяброў. На сустрэчах яны ўспамінаюць прамінулае жыццё і выказваюцца пра рэаліі цяперашняга. Жылплошчу ліфцёр дзеліць са сваім унукам. Сюжэтныя жарсці разгортваюцца вакол кватэры, дзедаўскіх грошаў і іншых жыццёвых акалічнасцяў. Урэшце ўнук са сваёй дзяўчынай разумеюць, што не толькі іхнае жыццё наперадзе, але і ў «старых» – кожная хвіліна важная і каштоўная.

Жыхарам глыбінкі, якія зрэдку бываюць на імпрэзах сталічнага ўзроўню, а ў мясцовым Доме культуры ладзяцца пафасныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да шанавання перадавікоў сельскай гаспадаркі, прафесійных святаў, юбілеяў ды сустрэч з праезджымі кіраўнікамі, спектакль спадабаўся. Уразіліся яны ігрой актораў ды нескладаным і гэтым прывабным сюжэтам, падобным на рэальныя праблемы з жыцця звычайных людзей.
Па словах бялынічан, у актораў усё атрымалася – гледачы паплакалі, пасмяяліся з простай жыццёвай гісторыі звычайнага пажылога ліфцёра.

Паказаць спектакль беларусам дазволіла Міністэрства культуры. Яго прадстаўнікі першымі пабачылі яго і вырашылі, што пастаноўка не мае крамолы.

Між тым гісторыя ў спектаклю даўняя. Яго першым паставіў славацкі драматург Освальд Заграднік у 1972 годзе ў Славацкім нацыянальным тэатры паводле п’есы «Сола для гадзінніка з боем». Потым сваю версію спектаклю прапанавалі акторы маскоўскага МХАТу. У 1974 годзе была запісана тэлеверсія спектаклю.

zviazda.by

Спектакль у купалаўскім паставіў рэжысёр Ігар Малоў. Пастаноўка пазіцыянуецца як «ува ўсіх сэнсах традыцыйная, зробленая ў манеры камерных псіхалагічных драм аб канфліктах пакаленняў».

«Нам хацелася б пазбегнуць штампаў, архаікі, паўтораў, банальнага прачытання матэрыялу. Мы вырашылі пайсці ў гэтай гісторыі ад сябе, ад уласнага ўнутранага свету. У кожнага з актораў ёсць уласны досвед узаемаадносінаў з дзецьмі і ўнукамі, на які можна абапірацца і сказаць аб чымсьці сваім глыбока асабістым…», казаў напярэдадні прэм’еры Уладзімір Рагаўцоў.

Пасля паездкі ў сталіцу бялынінчане адзначылі, што іх засмуціла не запоўненая гледачамі зала. І гэта, паводле іх, выглядала дзіўным на фоне колішніх заўсёдных аншлагаў.