У Магілёве біліся малалеткі двор на двор – відэа (асцярожна, нецэнзурная лексіка)

Дзве групы маладзёнаў старэйшага і малодшага падлеткавага ўзросту сабраліся з відавочна агрэсіўнымі намерамі пад вокнамі жылога дому. Нецэнзурнай лаянкай завадатары абедзвюх груповак запалохвалі праціўніка ды падбухторвалі паплечнікаў да эскалацыі.

Аддаліўшыся ад акон і балконаў, яны ўсчалі сутычку. У эпіцэнтры апынуліся два маладзёны, якія біліся сам на сам. Па перамозе аднаго з іх калектыўная бойка згасла і кампанія ўзбуджанай разышлася.

Калектыўная сутычка моладзі адбылася на ўскрайку вуліцы Крывуліна блізу 21 гадзіны. Амаль адразу на месца бойкі прыехала патрульная машына.

Відэа бойкі (асцярожна, шмат нецэнзурнай лаянкі!): 

 

Масавыя дваравыя бойкі – рэдкасць для цяперашняй Беларусі. Росквіт баёў «раён на раён» прыходзіўся на 1970-я 1980-я гады. Тады моладзь у гарадах і мястэчках ад няма чаго рабіць арганізоўвала групавыя ходкі для высвятлення адносін паміж жыхарамі розных мікрараёнаў.

Мяркуецца, што гэтая традыцыя сфармавалася ў выніку ўрбанізацыі, але ў найноўшы час страціла сваю актуальнасць – моладзь пераважна сядзіць па дамах, занятая гаджэтамі.