Добрыя і дрэнныя навіны 1 снежня

Добрыя і дрэнныя навіны 1 снежня

У снежні 2022 года выраслі выплаты, тарыфы і штрафы, змяняюцца графікі працы, многія ведамствы, фірмы ўвялі змены, якія тычацца многіх беларусаў. Будзьце пільнымі.

Прыемныя навіны

Пенсіі  індэксуюцца. З 1 снежня памер працоўнай пенсіі (па ўзросту, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля) павысіцца на 5%, паведамляе Мінпрацы і сацабароны Беларусі. Абяцаюць, што сярэдні памер пенсіі па ўзросце дасягне 670 руб. у непрацуючага пенсіянера. Але памер павелічэння будзе залежыць ад працягласці стажу і велічыні заработку, улічаных пры вылічэнні яму пенсіі, а таксама ўстаноўленых даплат да асноўнай пенсіі.

Навагоднія вакацыі складуць тры дні. Беларусы будуць адпачываць 31 снежня (субота), 1 студзеня (нядзеля), 2 студзеня (панядзелак).

Не самыя аптымістычныя навацыі

Штрафы за летнюю гуму на колах аўтамабіля можна спаганяць з 1 снежня, да 1 базавай велічыні (32 руб.) у першы раз і да 5 базавых велічынь (ад 64 да 160 руб.) за паўторнае парушэнне, калі менш за год таму за гэта ўжо каралі. Таксама вадзіцелі не змогуць да 1 сакавіка прайсці тэхагляд без зімовай гумы.

У «дармаеды» са снежня залічаць тых грамадзян, якія выконваюць працы ці аказваюць паслугі, а таксама ствараюць аб’екты інтэлектуальнай уласнасці па грамадзянска-прававых дагаворах і не атрымліваюць за гэта ўзнагароду. Раней такой агаворкі не было.

Таксама прыбралі паслабленні для мужчын, якія выхоўвалі дзіця да 7 гадоў – бацькоў (айчымаў), усынавіцеляў (удачарыцеляў), апекуноў (папячыцеляў). Цяпер іх палічаць дармаедамі. 

Затое, са спісу «дармаедаў» выключылі чальцоў рад дырэктараў (назіральных рад) гаспадарчага таварыства, калі яны атрымліваюць узнагароду за сваю працу.

Цыгарэты даражэюць. З 1 снежня даражэюць 116 марак цыгарэт. 62 маркі вытворчасці “Нёман”, 28 – што вырабляюцца “Тытунь-інвест” і 26 – увозімых дзяржпрадпрыемствам “Беларусьгандаль”. Кошты вырастуць на 20 кап да 1,60 руб.

МТС падвышае кошт паслуг. МТС з 5 снежня зменіць кошт паслуг міжнароднай сувязі і некаторых дадатковых паслуг. А вось тарыфы на асноўныя паслугі і фіксаваную сувязь пакуль не павысяцца.

Графік руху цягнікоў на 2022-2023 гады змяняецца. З 11 снежня міжнародныя пасажырскія перавозкі ў зносінах Беларусь – Расія будуць арганізаваны па асноўных пасажыраўтваральных напрамках у прамых і бесперасадачных зносінах з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Адлерам, Анапай, Мурманскам і Калінінградам. Сачыце за зменамі. 

Закрываецца лазейка для ўласнікаў машын на расійскіх нумарах – цяпер ім таксама будуць прыходзіць “лісты шчасця”

Беларусь і Расія падпісалі дамову пра ўзаемнае прызнанне і выкананне рашэнняў па справах аб адміністратыўных правапарушэннях.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства Унутраных спраў Беларусі, узаемнае прызнанне адміністратывак будзе распаўсюджвацца таксама на парушэнні ПДД, зафіксаваныя камерамі назірання. Падпісанае пагадненне прадугледжвае абмен дадзенымі пра падобныя парушэнні паміж краінамі. Дагэтуль што расіяне, што беларусы, якія ездзілі па беларускіх дарогах на аўто з расійскімі нумарамі і траплялі пад фотафіксацыю перавышэння хуткаснага рэжыму, не атрымлівалі “лістоў шчасця”. 

“Не патрэбны тэхагляд. Не трэба баяцца “лістоў шчасця”. Не штрафуюць за таніроўку.” – такія плюсы нярэдка называлі аўтааматары наконт перавагаў язды на расійскіх нумарах па беларускіх дарогах на спецыялізаваных сайтах і аўтафорумах. 

“Прадам аўто на расійскім уліку (хто не ведае, у чым перавага ў параўнанні з беларускім, званіце, раскажу)” – такія паведамленні можна сустрэць на сайтах аб’яў пра продаж аўто ў Беларусі. Як правіла, у якасці пераваг звычайна называюцца ўсё тыя ж неабавязковасць тэхагляду і свабода ад штрафаў.

Варта ўлічваць, што пры такіх “плюсах” расійская рэгістрацыя аўто для беларускага аўтаўладальніка мела і шэраг мінусаў. У такіх уласнікаў існуюць праблемы з выездам на тэрыторыю РФ, з законным продажам аўто на тэрыторыі Беларусі, і шэраг іншых. Таму, кожны ўладальнік выбіраў для сябе найбольш зручную яму камбінацыю, і нярэдка адсутнасць “лістоў шчасця” станавілася важкім аргументам для таго, каб працягваць ездзіць на расійскіх нумарах па беларускіх дарогах. 

Цяпер жа, як вынікае з паведамлення аб узаемным прызнанні адказнасці за адміністратыўныя правапарушэнні, адна з перавагаў для аўто з расійскім улікам у Беларусі знікае – штрафы нарэшце павінны знаходзіць сваіх адрасатаў.  

Фота носіць ілюстратыўны характар

БРСМ даверылі разам з міліцыяй штрафаваць тых хто не правільна купаецца

Актывісты праўладнай арганізацыі ўдзельнічаюць з міліцыяй і членамі таварыства выратавання на водах у спецыяльных рэйдах, якія называюцца прафілактычнымі адпрацоўкамі.

Паводле газеты «Прыдняпроўская ніва» наведванне месцаў, якія не вызначаныя для купання праводзіцца для прафілактыкі парушэнняў заканадаўства, асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян, а таксама для выяўлення парушэнняў дарожнай бяспекі паблізу пляжаў.

Выданне адзначае, што за апошні тыдзень мінулага месяца ў выніку «прафілактычных адпрацовак» было задакументаваныя 4 правапарушэнні за купанне ў забароненых месцах на тэрыторыі трох сельсаветаў. Пакаранне за такую правіну – да трох базавых велічыняў – 96 рублёў.

фота: pniva.by