У Глускім раёне пракуратура арганізавала эксгумацыю парэшткаў ахвяр Другой сусветнай вайны, ператварыўшы вядомае мясцовым жыхарам месца памяці ў аб’ект ідэалагічнай акцыі.
Як піша Mayday, гаворка ідзе пра парэшткі двух жыхароў вёскі Сцяг — бацькі і сына з сям’і Мікулічаў. У 1944 годзе іх расстралялі нямецкія акупанты. На месцы лясной магілы сваякі ўсталявалі крыж і шмат гадоў даглядалі за пахаваннем.
Тым не менш, праз восем дзесяцігоддзяў магіла апынулася ў цэнтры ўвагі праваахоўнікаў. У межах справы пра так званы генацыд беларускага народа, якую Генеральная пракуратура распачала яшчэ ў 2021 годзе, была праведзеная эксгумацыя. Работы выканалі вайскоўцы 52-га асобнага пошукавага спецыяльнага батальёна Міністэрства абароны пад наглядам пракурора Глускага раёна Андрэя Ларкіна.
Нягледзячы на тое, што асобы загінулых даўно вядомыя, а месцазнаходжанне магілы ніхто не аспрэчваў, парэшткі накіравалі на дадатковыя даследаванні ў Бабруйскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Пасля атрымання афіцыйнай высновы парэшткі абяцаюць перапахаваць.
Мясцовыя жыхары і родныя забітых адзначаюць, што ўсё гэта больш падобна на дэманстрацыйную акцыю: памяць пра загінулых захоўвалася і без лішняга шуму, а цяпер на месцы адасобленай магілы засталіся сляды раскопак.
Пры гэтым пракуратура настойвае: эксгумацыя праводзіцца ў межах «важнай дзяржаўнай працы па зборы доказаў масавага знішчэння беларускага народа».
Раней паведамлялася, што ўжо больш за год на ўскраіне Магілёва ў Казіміраўскім лесе пракуратура раскопвае месцы масавых расстрэлаў часоў нямецка-савецкай вайны і водзіць туды экскурсіі.
Фотаздымак: Mayday