Суд у Бабруйску прызнаў вінаватым раней судзімага мужчыну, які ў стане алкагольнага ап’янення збіў мясцовага міліцыянера, у тым ліку зламаўшы яму нос.
Як паведамляе Магілёўскі абласны суд, здарэнне адбылося ноччу 12 студзеня 2025 года, калі мужчыну спрабавалі затрымаць за нейкае дробнае хуліганства. «Аднак абвінавачваны, з мэтай перашкоды законнай дзейнасці міліцыянера, наўмысна нанёс яму ўдар кулаком у галаву, ад чаго той паваліўся на тратуар і газон. Пасля гэтага абвінавачаны нанёс пацярпеламу яшчэ адзін удар рукой у галаву, пасля чаго яго дзеянні былі спынены іншымі супрацоўнікамі міліцыі, і ён быў затрыманы», — гаворыцца ў паведамленні суда.
Пазней высветлілася, што ў пацярпелага міліцыянера, у прыватнасці, быў зламаны нос. Суд кваліфікаваў гэта як лёгкае цялеснае пашкоджанне.
Абвінавачаны прызнаў сваю віну і раскаяўся. Аднак, адзін з бакоў працэсу не пагадзіўся з прысудам і падаў апеляцыю. Магілёўскі абласны суд прызнаў рашэнне бабруйскага суда справядлівым. У выніку мужчына атрымаў два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да гэтага тэрміну дадалі яшчэ паўгода неадбытай часткі пакарання па папярэднім прысудзе. Акрамя таго, яму забаронена кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін чатыры гады, тры месяцы і 11 дзён.
Варта адзначыць, што ў Бабруйску не рэдкія праявы негатыўнага стаўлення грамадзян да супрацоўнікаў міліцыі. Так, у чэрвені 2020 года стала вядома, што бабруйчанін, які скраў у краме бутэльку віна, пры затрыманні ўдарыў міліцыянера.
У лістападзе 2018 года міліцыянера ў цывільным адзенні збілі падлеткі.
Таксама часта здараліся выпадкі, калі грамадзяне спрабавалі аказаць супраціў супрацоўнікам міліцыі, якія ўжывалі неабгрунтаваную сілу ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.
Фотаздымак з адкрытых крыніц