Ранейшае напісанне абодвух мікрараёнаў ускладнілася і стала выглядаць малазразумелай блытанінай. Цяпер у тапаніміцы Крычава існуюць дзве ўнікальныя сваёй абсурднасцю назвы.
З сярэдзіны 2021 года блытаныя і абсурдныя найменні стала пісацца афіцыйна. Паступова на ўсіх пяці- і трохпавярховіках абодвух мікрараёнаў былі прымацаваны шыльды з новымі назвамі і нумарамі дамоў. Калі не ўлічваць дзіўнасць новых найменняў, то факт з’яўлення шыльдаў пазітыўны, бо раней іх зусім не было.
З’яўленне па-сутнасці новых гарадскіх назваў не зусім зразумела, бо менавіта папярэднія найменні (проста – мікрараён Камсамольскі, мікрараён Сож) больш дакладна і канкрэтна адлюстроўвалі сутнасць крычаўскіх жылых кварталаў (што адносяцца да часткі горада пад назвай “Мікра”).
З пункту гледжання урбанімікі і архітэктуры мікрараён – гэта тэрыторыя, не раздзеленая вуліцамі агульнагарадскога значэння і магістральнымі вуліцамі, у межах якіх размяшчаецца жылая забудова, грамадска-дзелавыя, вытворчыя аб’екты, аб’екты камунальнага прызначэння, зялёныя тэрыторыі агульнага карыстання.
Вельмі часта мікрараён мае проста агульную назву, а кожны дом адпаведна свой парадкавы нумар. Прычым зазвычай у кварталах і мікрараёнах не фарміруецца тыповай вулічнай забудовы, якая да прыкладу, характэрна для старой частцы Крычава.
Больш за тое, спалучэнне “вуліца мікрараён” гучыць проста недарэчна, бо разнастайных дарог ці чагосьці падобнага да вуліц на абодвух мікрараёнах дзясяткі.
Расказваем пра Кіраўск – даволі малады населены пункт, які быў доўгі час вядомы як паселішча Качэрычы. Новаўтвораны за савецкім часам пад назвай Кіраўск горад, на месцы маёнтка Качэрычы і вёскі Старцы, пахаваў пад сабой старадаўнія тапанімічныя рарытэты.
Упершыню паселішча згадваецца ў XVI стагоддзі як вялікакняскае сяло Качэрычы ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. На 1560 год тут было 30 двароў. Пасля ператварыліся ў фальварак, а ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Качэрычы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталіся цэнтрам воласці Бабруйскага павету.
На 1844 год у склад маёнтку Качэрычы ўваходзіла вёска Старцы, дзе ў 1845 годзе заснавалі гуту. Адзначым, што маёнтак і вёска былі рознымі паселішчамі, якія проста недалёка знаходзіліся. З інвентарнага апісання Качэрычаў 1854 года вядома, што да маёнтка адносіліся слабоды: Капусціна, Язаўка, Падлешчанка, Скрыпліца, Негаўля, Камерава, Аляксандраўка, Цейкавічы, Буда, Хамічы, Стараселле і інш.
Выпіска з інвентара, складзенага ў 1844 годзе, сведчыць аб тым, што ў памешчыкаў Качэрычаў налічвалася 17 436 дзесяцін зямлі. З іх 15 243 належалі асабіста ім, астатнія 2 193 дзесяціны былі размеркаваны паміж 1 130 душамі сялян.
Па звестках 1880-х гадоў беларускага гісторыка і публіцыста Аляксандра Ельскага, Качэрычы – сяло, цэнтр Качэрыцкай воласці, паштовая станцыя ў Бабруйскмі павеце, пры шляху з Бабруйска на Магілёў, за 23 вярсты ад Бабруйска, над ракой Алай, спадчына фон Гоера.
Традыцыйная гістарычная назва паселішча Качэрычы хутчэй за ўсё ўтварылася ад мянушкі, або дахрысціянскага беларускага імя Ка́чар.
Паводле Аляксандра Ельскага ў 2-й палове XIX стагоддзя Качэрычы таксама называлі Старасёламі.
Радзіма Тэфі
Маёнтак Качэрычы на мяжы XVIII-XIX стагоддзя належаў Мікалаю Самойлавічу Ланеўскаму-Ваўку – надворнаму саветніку, павятоваму маршалку Рагачова. Дарэчы, Ваўкі-Ланеўскія – старажытны польска-беларускі род герба “Корчак”. Пасля смерці Мікалая Самойлавіча вотчыннае ўладанне перайшло да яго брата Феліцыяна – павятовага маршалка ў земскім судзе г. Быхава. У сваю чаргу пасля смерці Феліцыяна маёнтак перайшоў да яго жонкі Настассі Сямёнаўны Ланеўскай-Воўк і іх дачкі Назеі ў пажыццёвае валоданне.
А вось ужо Надзея Феліцыянаўна Ланеўская-Воўк пабралася шлюбам з карнетам Інгерманландскага палка Адольфам Готфрыдам фон Гоерам (Аляксандрам Мікалаевічам на рускі капыл). Фон Гоер – абруселы нямецкі род ваеннага дваранства. У Надзеі Феліцыянаўны і Адольфа Готфрыда нарадзілася сямёра дзяцей. Якраз самая старшая з іх (дачка Варвара) у будучыні стане маці таленавітых сясцёр Лохвіцкіх (усе сталіся пісьменніцамі).
Найбольш вядомыя з чатырох пісьменніц Надзея Тэфі і яе сястра Марыя Лохвіцкая-Жыбер. Тэфі – руская пісьменніца і паэтка, мемуарыст, перакладчыца, аўтар такіх вядомых апавяданняў, як «Дэманічная жанчына» і «Ке Фер». Марыя Лохвіцкая — руская паэтэса, якая падпісвалася псеўданімам Міра Лохвіцкая. З’яўляецца заснавальніцай жаночай паэзіі “Срэбранага стагоддзя”, уладальніцай трох Пушкінскіх прэмій.
Што ж да маёнтка Качэрычы, то ў далейшым ім валодалі спачатку Віктар Аляксандравіч фон Гоер (сын Адольфа-Аляксандра), а пасля ён перайшоў да яго сыноў Уладзіміра і Льва. Усе яны праявілі сябе на розных дзяржаўных пастах у Расійскай імперыі, кожны дасягнуўшы пэўных кра’ерных поспехаў.
Фон Гоеры на тэрыторыі свайго ўладання адкрывалі невялікія прадпрыемствы, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую і мінеральную сыравіну. Спачатку ў маёнтку была адчынена гута з прыбыткам у 6250 рублёў. З 1872 года пачаў дзейнічаць бровар, на якім у 1895 годзе працавала 8 працоўных. У 1895 годзе быў уведзены паравы рухавік. Даход з яго складаў 4 тыс. рублёў.
Такім чынам, многія з нашчадкаў родаў Ланеўскіх-Ваўкоў і фон Гоераў пакінулі след у гісторыі, праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці: у ваеннай сферы, у фінансах, літаратуры і дзяржаўнай службе. Менавіта гэтых два рода амаль паўтары стагоддзя валодалі маёнткам Качэрычамі, паўплываўшы на гісторыю навакольных земляў.
Непасрэдна сам фальварак меў каля 6,5 гектар зямлі, глеба тут пясчаная, а лясы былі знішчаны. Паводле плана Качэрычаў 1904 года, маёнтак складаўся з жылога дома, флігеля, двух халодных адрынаў і скотнага двара, дома рабочых і двух стайняў, свірана, вядзянога млына, двух хлявоў, саладоўні, склепа, сукнавальні, бровара.
Па ўспамінах старажылаў, сядзіба была маляўнічая. Тут раслі ліпы, каштаны, лістоўніцы, коркавае дрэва. Працякала рэчка Ала, прабіваліся ключы і крынічкі. Былі сад, гароды, ворныя землі, сенакосы. З архіўных крыніц вядома, што мясцовасць была роўная, з правільнымі схіламі, без камянёў. У пачатку ХХ стагоддзя дзве дзесяціны зямлі былі заняты англійскім паркам, які часткова захаваўся да нашых дзён і сёння з’яўляецца помнікам садова-паркавай архітэктуры Кіраўска.
У 2000 годзе яго цалкам рэканструявалі: пабудавалі фантан, зоны адпачынку, невялікі заапарк.
Тэатр тапанімічнага абсурду
Пасля ўсталявання савецкай улады на беларускіх землях, Качэрычы з 1924 года ўваходзяць у склад Старцаўскага сельсавета Бабруйскага раёна.
12 лютага 1935 года ўтвараецца Кіраўскі раён, што названы ў гонар застрэленага камуністычнага дзеяча Сяргея Кірава (які да таго ў сваю чаргу масава расстрэльваў так званых контррэвалюцыянэраў, у тым ліку святароў і вернікаў).
Цэнтр раёна знаходзіцца ў вёсцы Старцы, якая 20 красавіка 1939 года была перайменавана ў вёску Кірава. Пры гэтым Кіраў не мае абсалютна ніякіх адносінаў да дадзенай мясцовасці і наогул да Беларусі. У гэты ж час каля вёскі Старцы-Кірава на месцы фальварака Качэрычы быў пабудаваны пасёлак Кіраўск, куды пазней быў перанесены раённы цэнтр. Вось такі тэатр тапанімічнага абсурду.
Толькі ў 1955 годзе вёска Кірава (былыя Старцы) злілася з пасёлкам Кіраўск, што паўстала на месцы былога маёнтку Качэрычы. Яшчэ пазней 17 лістапада 1959 года раённаму цэнтру Кіраўску быў нададзены статус гарадскога пасёлка. Па перапісе насельніцтва 1959 года ў новаствораным Кіраўску налічвалася 2 980 жыхароў, а ўжо ў 1971 годзе пражывала ўжо 4,7 тыс. чалавек. У 1977 годзе ў склад гарадскога пасёлка была ўключана вёска Селішча.
У 1972 і 1980 гадах былі распрацаваны генеральныя планы пасёлка, у адпаведнасці з імі цэнтральная частка забудоўвалася 2-3-павярховымі дамамі.
Непасрэдна на месцы былога фальварку Ланеўскіх-Ваўкоў і фон Гоераў быў адкрыты санаторый ў гонар ураджэнца гэтых мясцінаў героя Савецкага Саюза і героя сацыялістычнай працы Кірыла Пракопавіча Арлоўскага. Санаторый знаходзіцца якраз у самым цэнтры маляўнічага і велічнага парку былога маёнтка Качэрычы.
Такім чынам, сённяшні раённы цэнтр Кіраўск як адзінае паселішча паўстаў толькі ў пасляваенны час, калі вёска Старцы злілася з былым фальваркам Качэрычы, у выніку чаго ўтварылася мястэчка. Аднак на гэтым не спыніўся працэс зліцця з навакольнымі паселішчамі і пазней у склад Кіраўска ўвайшла яшчэ вёска Селішча.
Адзначым, што найменне райцэнтра абумовіла знаходжанне на цэнтральнай плошчы паселішча помніка Сяргея Кірава, які знаходзіцца каля будынка мясцовага райвыканкама, і замяняе звыклы манумент Леніна.
Па-харошаму, каб аднавіць гістарычную справядлівасць, раённы цэнтр павінен мець іншую назву: Качэрычы – назва маёнтка, на грунце якога ўзнікла сённяшняе паселішча або Старцы – вёскі, што сталася асновай сучаснага раённага цэнтра. Галасы гучаць розныя, аднак вырашаць мясцовым жыхарам, якая назва ім больш даспадобы.
Знаёмімся з мінуўшчынай мястэчка, якое адначасна мела дзве назвы, а блытаніна з датай заснавання паселішча доўгі час не дазваляла высветліць сапраўдную гісторыю Хоцімска.
Год заснавання раённага цэнтра
На ўяздным знаку Хоцімска, а таксама на сайце мясцовага райвыканкама заснаванне раённага цэнтра адносяць да 1430 года. Такую ж самую інфармацыю можна знайсці ў артыкуле пра Хоцімск у рускай Вікіпедыі. Сапраўды, доўгі час была прынята думка аб тым, што гэты населены пункт вядзе сваю гісторыю з першай паловы XV стагоддзя.
У гістарычнай літаратуры ХІХ стагоддзя часта памылкова сцвярджалася, што Хоцімск нібыта згадваецца ў лепапісных крыніцах як вёска Хоцімль – уладанне вялікага князя Свідрагайлы часоў ВКЛ. Такое напрявільнае датаванне і атаесамленне Хоцімска тыражуецца да сённяшняга часу як у краязнаўчай літаратуры і нават зрэдку ў энцыклапедычных выданнях.
Сур’ёзныя гістарычныя і археалагічныя даследаванні паказалі, што ніякага паселішча ў XV стагоддзі на тэрыторыі Хоцімска не было, а з’явілася яно значна пазней. Як сцвярджае даследчык гарадоў Магілёўскага Пасожжа Андрэй Мяцельскі, гістарычныя крыніцы ў XVІ-XVІІ стагоддзях на тэрыторыі Хоцімскага раёна згадваюць няшмат населеных пунктаў.
Невялікая колькасць населеных пунктаў можа тлумачыцца неспакойным жыццём усходніх межаў Рэчы Паспалітай і наяўнасцю агрэсіўнага суседа – Вялікага княства Маскоўскага. Увогуле, двухсотгадовы перыяд амаль бесперапынных войнаў паміж Вялікім княствам Маскоўскім і Вялікім княствам Літоўскім, а пасля Рэчы Паспалітай і Расіяй прывёў да таго, што на мяжы з абодвух бакоў існавала пэўная слабазаселеная паласа лясоў.
Як сведчаць гістарычныя крыніцы па гісторыі Крычаўскага староства, значная колькасць населеных пунктаў на яго ўсходзе ўзнікае ў пачатку XVІІІ стагоддзя. Падобная карціна назіраецца і з расійскага боку. Толькі пасля заключэння “”вечнага міру” паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй у 1686 годзе памежная зона абедзьвух дзяржаў перастае быць тэрыторыяй ваенных канфліктаў і пачынае актыўна асвойвацца. Сённяшні раённы цэнтр Хоцімск згадваецца як слабада Хоцімск ў інвентары Крычаўскага староства 1709 года. Прычым у ім жа пазначаецца, што Хоцімск будзе на “слабадзе” да 1710 года. У сваю чаргу слабада – гэта буйное сельскае пасяленне, жыхары якога часова вызвалены ад выплаты падаткаў на карысць уладальніка зямлі.
Улічваючы, што слабоды даваліся на 10-15 гадоў, то можна меркаваць, што Хоцімск быў засвананы недзе ў 1695-1700 гадах. Такой пазіцыі прытрымліваецца вядомы гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, які даследаваў мінуўшчыну Хоцімска.
Асаблівасці заснавання і наймення мястэчка
На працягу трох дзесяцігоддзяў вёска Хоцімск або Хоцімск Вялікі, як пісалі назву паселішча ў гістарычных крыніцах, развіваўся актыўна, павялічваючыся ў колькасці насельніцтва і тэрыторыі. Аднак у далейшым паселішча стала занепадаць, а колькасць жыхароў імкліва скарачацца.
Прычынай гэтаму стаў горад Радзівілаў, які быў заснаваны насупраць вёскі Хоцімск, на левым баку ракі Бесядзь. Паводле інвентара Крычаўскага староства, мястэчка было заснавана па прывілею канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла ў 1714 годзе, які і назваў новаўтворанае паселішча ў свой гонар. Праз дзесяць год, у 1724 годзе, населенаму пункту Радзівілаў быў нададзены статус горада.
У сваю чаргу вёска Хоцімск размяшчалася на правым беразе Бесядзі – на той частцы сучаснага аднайменнага раённага цэнтра, якая і зараз вядома сярод мясцовага насельніцтва як “стары Хоцімск”. Такім чынам, сучасны Хоцімск ўтварыўся у выніку зліцця вёскі Хоцімск, заснаванай у канцы XVІІ стагоддзя і мястэчка Радзівілаў, заснаванага ў 1714 годзе. Падобныя высновы пацвярджаюцца археалагічнымі матэрыяламі, бо найбольш раннія знаходкі (фрагменты керамікі, кафлі), якія сустракаюцца тут, адносяцца да XVІІІ стагоддзя.
Не менш цікава было і з назвай мястэчка, якое пэўны час называлася двума назвамі – і Хоцімск, і Радзівілаў. Так працягвалася некалькі дзесяцігоддзяў. Па нейкіх прычынах назва Радзівілаў дрэнна прыжывалася на новым месцы і ўвесь час збівалася на назву размешчанай побач вёскі – Хоцімск. Магчыма, пры заснаванні горада сюды была пераселена частка жыхароў Хоцімска – адсюль і заняпад вясковага паселішча.
Нават калі староства перайшло ад Радзівілаў пад уладу Мнішкаў у 1760 годзе, то афіцыйная назва заставалася ранейшай – Радзівілаў. Хоць найменне Хоцімск таксама актыўна выкарыстоўвалася, і нават пазначаецца на тагачасных картах.
У 1772 годзе адбываецца першы падзе Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ўсходнія межы краіны, у тым ліку і Крычаўскае староства, апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Новая адміністрацыя, відаць, і вырашыла пытанне з дваістай назвай горада на карысць Хоцімска.
Так, у “Описании Кричевского графства или бывшего староства 1786 г.” Андрэя Мейера згадваецца толькі мястэчка Хоцімск, а пра Радзівілаў у яго няма ніякіх звестак. Так з цягам часу назва Радзівілаў сціраецца з памяці і застаецца толькі назва Хоцімск.
Значэнне наймення і гарадская легенда
Назва Хоцімск антрапанімічнага, адыменнага паходжання. Яна пайшла ад стараславянскага аднаасноўнага імя Хоцім, у якім аснова ад славянскага *xoteti “хацець” пашыраная фармантам -im-. Цікава, што гэты фармант балцка-славянскага паходжання, бо ўжываўся не толькі ў славянскай, але і ў пруска-літоўскай антрапаніміі. Акрамя Хоцімска, з падобнымі назвамі вядомы паселішча Хаціслаў і Хацімцы. Ёсць звесткі аб тым, што ў мінулым слова Хоцімск вымаўлялася з націскам на і — Хацімск.
Двухасноўныя імёны з асновамі xot- далі таксама такія тапонімы абапал цяперашняй мяжы Беларусі і Расіі як Хатовіж, Хіславічы, Хацясловічы, Дабрахотаўка, Самахотаўка. У гэтым трансгранічным рэгіёне больш за два дзясяткі такіх адыменных назваў.
Разам з навуковым тлумачэннем наймення Хоцімска прысутнічае і легендарнае. У раённым цэнтры існуе гарадская легенда пра князёўну Хаціму, якая нібыта стала заснавальніцай Хоцімска. У свой час паданне натхніла ўраджэнца раёна, беларускага паэта Пятра Прыходзьку на стварэнне паэмы «Дар князёўны». Паэтычны твор мае рамантычны змест, у якім распавядаецца пра князёўну Хаціму, якая злучыла свой лёс з маладым Ладам, што моцна пакахалі адзін аднаго. Вобраз князёўны натхніў і супрацоўніка мясцовай газеты, паэта Аляксандра Аляксандрына на стварэнне п’есы, прысвечанай Хаціме.
А напачатку 2018 года ў райцэнтры нават паставілі скульптуру легендарнай Хаціме вышынёй больш за два метра. Князёўна выраблена з кампазітнай поліэфірнай смалы, якая па сваіх характарыстыках мала чым адрозніваецца ад металу або бронзы. Скульптуру Хацімы ўсталявалі ў цэнтральным скверы райцэнтра.
Знаёмімся са старымі назвамі сённяшняга Слаўгарада, а таксама мінуўшчынай горада, што шчыльна знітавана з найменнямі раённага цэнтра.
Здавалася б, сённяшні невялічкі раённы цэнтр Слаўгарад нічым асабліва непрыкметны, але калі глыбей капнуць гісторыю старадаўняга паселішча, то можна знайсці масу цікавостак. Прычым адметнасць і ўнікальнасць горада схаваная нават у старой яго назве – Прапойск.
Дзясятак найменняў горада
Летапісны Прапойск першапачаткова ва Устаўной грамаце 1136 г. смаленскага князя Расціслава Мсціславіча называецца Прупой. Магчыма, назва Прупой абазначала хуткае цячэнне р. Проня пры ўпадзенні яе ў Сож, бо горад якраз стаіць на высокім правым яе беразе.
У гістарычных дакументах сустракаецца назва Прапошаск (Пропошеск), а таксама і іншыя яе формы: Пропышеск, Пропашеск. І гэта яшчэ не ўсё. На старых картах і ў старых дакументах фіксуюцца наступныя напісанні назвы ўсходнебеларускага горада: Пропостк, Пропостес і нават Пропорск.
Мясцовае вымаўленне назвы горада ў ХІХ стагоддзі запісалі этнографы і самі прапайчане ў сваіх прашэннях. Прычым запісы фіксуюць яшчэ і іншыя варыянты вымаўлення сённяшняга Слаўгарада – Пропольск, Прополск.
Такім чынам, на працягу гісторыі формы наймення гэтага горада былі розныя, але аднакарэнныя. Вось яшчэ якія варыянты назвы захаваліся ў мясцовых гаворках: Прупоў, Прупойск, Прапуйск, Прапосіск, Прапошыск, Прапоськ, Прапось, Прапосік, Прапойсік, Прапойсык, Прапойсак, Прапойісык, Прапольск, Прапоськ. Напрыклад: “Пайшоў у Прупой і пацулуваў у прабой”.
У сваю чаргу жыхароў старадаўняга горада называлі наступным чынам: прапойскія людзі, прапойсцы, прапосцы, прапасцы.
Загадкі старадаўняй назвы
Даследчыкі вытлумачваюць назвы горада Прапойска і яго шматлікій аднакарэнных варыянтаў ад слова “пропасць”. Атаясамленне Прапойска с “пропасцю” звязана з гістарычнай назвай рэчкі Проня – Пропасць. Між іншым найменне Пропасць адпавядае сутнасці ракі, бо на ёй было шмат віроў і дно небяспечнае, зменлівае.
Таксама словам “прапой” (прупой) у ранейшыя часы называлі віры ў зліцця рэк, а Слаўгарад пачаўся на высокім пагорку ля зліцця ракі Проні з Сожам, адсюль і назва, якая мела сэнс “каля моцнага віра на зліцці рэк”.
Ёсць і легендарныя вытлумачэнні назвы старадаўняга Прапойска. Адзін з варыянтаў народнай этымалогіі назвы горада палягае ў тым, што прапойскія землі заўсёды станавіліся пропасцю (г.зн. сустракалі тут свой канец) для усіх варожых войскаў, якія прыходзілі ў гэты край.
Паводле другога падання, назва Прапойск паходзіць ад слова “пропуск”, гэта тлумачыцца тым, што на Проні, каля вёскі Чырвная Слабада і ніжэй Прапойска, на Сожы, каля Гайшына, ёсць брады. Па іх у Вялікую Айчынную вайну, у час вайны са шведамі і французамі войскі нібыта пераходзілі гэтыя рэкі.
Як прапівалі Прапойск
У пачатку ХІХ стагоддзя Прапойск разам з суседнімі вёскамі належаў Дзмітрыю Яншыну, які меў вялікія багацці. Яншын быў чалавек адукаваны, любіў выяўленчае мастацтва і музыку і быў знаўцам у іх. Быў добры, дабрачынны, але нягледзячы на велізарныя багацці, не ўмеў справіцца з нястрымнасцю шырокай натуры, з цягай да бляску і раскошы, з бязмежнай дабрачыннасцю.
Пышныя палаты яго змяшчалі скарбы: бібліятэку, карцінную галерэю, мармуровыя і мазаічныя вырабы, каштоўныя антычныя бронзы і тысячы розных прадметаў, якія шмат каштавалі, але не мелі пэўнага прызначэння. У прапойскія ўладанні з’язджаліся аматары гулянак з розных блізкіх і аддаленых месцаў Расійскай імперыі. Піры і абеды ва ўладаннях Яншына карысталіся гучнай папулярнасцю, бо на іх былі розныя гастранамічныя дэлікатэсы.
Пры гэтым дабрачыннасць Яншына не мела межаў. Многія злоўжывалі яго дабрынёй, бо пад п’яную руку ён дарыў багацці людзям, якія зусім таго не вартыя. Аднойчы прыезджы вершатворца, падчас гулянкі, па жаданню гаспадара застолля прамовіў экспромтам чатырохрадкоўе:
Не Димитрий ты Донской,
И не Дмитрий Самозванец;
Но Димитрий Пропойской,
Словом – пьяница из пьяниц.
Гэтыя вершаваныя радкі так спадабаліся Яншыну, што ён адразу падараваў іх аўтару цэлую вёску. Вядомаму польскаму пісьменніку Юзафу Быхаўцу, які доўга ў яго гасціў, падараваў на развітанне пятнаццаць тысяч рублёў. Так усё пакрысе пайшло прахам і шматмільённае багацце Яншына, а сам ён памёр на саломе.
Чаму змянілі старадаўнюю назву
Знакаміты савецкі пісьменнік Канстанцін Сіманаў таксама вельмі просталінейна чытаў найменне горада і напісаў у 1943 годзе невялікі верш, прысвечаны назве Прапойска – «Сказка о городе Пропойске». Назву Сіманаў патлумачыў наступным чынам:
Должно быть, название это
Недаром Пропойску дано,
Должно быть, и зиму и лето
Там пьют беспробудно вино.
Калі ў 1945 годзе паўстала пытанне пра наданне назвы воінскаму падраздзяленню, якое вызначылася ў баях за Прапойск, то савецкае кіраўніцтва палічыла, што прыстаўка «Прапойская» будзе абразай для салдат. Па гэтай прычыне горад перайменавалі ў Слаўгарад.
Так горад згубіў сваю ўнікальную, хоць для кагосьці і немілагучную назву. Цікава, што назва Прапойск была адзіная такая ў свеце, і адлюстроўвала старадаўнюю гісторыю паселішча і тутэйшы рэльеф мясцовасці, у той час як найменне Слаўгарад не ўнікальнае. Паселішча з такой жа назвай існуе ў Алтайскім краі ў Расійскай Федэрацыі. Апроч таго, аднайменныя сяло і мястэчка ёсць на ўсходзе Украіны.