Каб нагадаць пра экалогію, мастак намаляваў гіганцкую пластыкавую бутэльку ў швейрцарскім парку

Вялізарная карціна выканана ў стылі ленд-арт і выяўляе бутэльку для хатніх жывёл, якую выкінулі на траву ў парку Луі-Буржэ ў швейцарскай Лазане. 

Швейцарска-французскі мастак намаляваў гіганцкі мурал са змятай пластыкавай бутэлькай проста на траве швейцарскага парка, каб прыцягнуць увагу да забруджвання навакольнага асяроддзя.

34-гадовы творца пад мянушкай SAYPE выкарыстоўваў крэйду і вугаль для стварэння вялізнай карціны, якая па даўжыні і шырыні прыкладна роўная тром тэнісным кортам. Выява размяшчаецца ў парку Луі-Буржэ ў Лазане на беразе Жэнеўскага возера.

Гіганцкі мурал яшчэ будзе дадаткова пафарбаваны, што можа заняць у мастака шмат часу ад двух да трох тыдняў – паведамляе інфармацыйнае агенства Reuters.  

Фото Reuters

У Мікалаеве абмяркоўваюць пяць праектаў па пасляваенным аднаўленні горада

Мікалаеву прапануюць пяць праектаў, якія дапамогуць аднавіць горад, пачынаючы ад жылых раёнаў да набярэжнай – паведамляе news.pn. 

Міжнародная каманда экспертаў адначасова з генпланам Мікалаева распрацоўвае пяць пілотных праектаў для  рэалізацыі – “Жылы мікрараён”, “Культурная спадчына”, “Прамысловасць і набярэжная”, “Інавацыйны раён”, “Зялёныя і грамадскія прасторы”.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Жылы мікрараён

Ён уключае рэканструкцыю і мадэрнізацыю існуючых жылых дамоў і ўвядзенне новых жылых элементаў у схему забудовы. Пры рэгенерацыі будуць выкарыстаны палепшаная ізаляцыя для павышэння энергаэфектыўнасці, мадэрнізаваныя модульныя надбудовы для павелічэння колькасці паверхаў, абноўленая вертыкальная цыркуляцыя і актыўная генерацыя аднаўлення энергіі на ўзроўні кварталаў.

Рэканструкцыя жылля будзе адбывацца з ужываннем цыклічнага падыходу з выкарыстаннем мясцовай прамысловасці і перапрацоўкі смецця.

Культурная спадчына

Праект засяроджаны на рэканструкцыі цэнтра Мікалаева, на вяртанні гораду тэрыторыі, якая з’яўляецца асабліва значнай з гістарычнага і культурнага пункту гледжання.

Прамысловасць і набярэжная

Праект накіраваны на рэгенерацыю двух прамысловых аб’ектаў у прыбярэжнай зоне, на стварэнне новых грамадскіх прастор, аб’ектаў інфраструктуры, паркаў і іншых аб’ектаў змешанага выкарыстання для стымулявання эканамічнага развіцця і забяспячэння свабоднага доступу насельніцтва горада да набярэжнай.

Інавацыйны раён

Ён аб’яднае інавацыйны патэнцыял навуковых паркаў з сучаснымі падыходамі да стварэння мікрараёна. Будуць створаны новыя жылыя схемы, гнуткія шматкватэрныя будынкі, якія будуць садзейнічаць эканамічнаму развіццю горада дзякуючы інавацыйным даследчым кампаніям. 

Зялёныя і грамадскія прасторы

Праект накіраваны на перапланіроўку трох прыбярэжных тэрыторый са стварэннем новых грамадскіх паркаў, якія дапамогуць падтрымаць сетку зялёных зон, забяспечыўшы грамадзянам лепшы доступ да рэк, новых грамадскіх зон, новых месцаў для адпачынку каля набярэжнай. Горад атрымае стратэгію пераўтварэння набярэжнай у зялёную зону, якая будзе садзейнічаць пешаходнай даступнасці і актыўнай мабільнасці.

Архітэктары, інжынеры і міжнародныя кансультанты будуць распрацоўваць праекты, а потым маштабаваць вопыт на астатнюю тэрыторыю горада.

Замест дошкі ў гонар Пушкіна – новы мурал.

Пакуль гараджане абмяркоўваюць праекты рэканструкцыі пасляваеннага Мікалаева, у горадзе з’явіўся новы чарговы мурал – гэта анёл-захавальнік, які пралятае над горадам – піша інтэрнет-часопіс NikLife. 

Мурал намалявалі мастачкі Я. Кручыніна і А. Маркітан па эскізе 10-гадовай Е.Казярэвіч. Малюнак з’явіўся на месцы, дзе раней знаходзілася мемарыяльная дошка Пушкіну. Яна была дэмантаваная.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Назаві першым, дзе ў магілёве знаходзіцца гэты мурал і атрымай прыз – віктарына выхаднога дня на Магілёў.media

Прыз – квіткі на выставу, прысвечаную 150-годдзю Бялыніцкага-Бірулі.

У 2021 годзе ў адным двары Магілёва з’явіўся вось гэты незвычайны сценапіс – музычная кружэлка з выявамі архтэктурных помнікаў. Яна адзіная і ўнікальная ў горадзе. Падобнага архітэктурнага глобуса падаецца больш і на Магілёўшчыне няма. Да таго ж кружэлка вельмі сімпатычная, нейкая душэўная. А яшчэ знаходзіцца сценапіс у зацішным месцы і таму малавядомы. 

Для таго, хто першым у каментах у нашых сацыяльных сетках ці ў месенджары правільна ўкажа адрэс будынка, на якім намаляваны гэты роспіс, рэдакцыя падорыць квіткі на дваіх чалавек на выставу ў музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Гэтая выстава якраз прысвечаная 150-годдзю славутага мастака, выхадца з нашага рэгіёна.

 

Тры “салодкія” муралы ад Сасюры ўпрыгожылі Магілёўшчыну, два ў Магілёве і адзін у Бабруйску

Адзін з твораў стаў лепшым новым муралам свету, але амаль не вядомы самім жыхарам горада.

«Бацькоўскі кут» Яўген Сасюра нядаўна намаляваў на будынку па праспекце Міра, 61. Гэта не першы мурал аўтара ў горадзе. У 2020-м падобны “салодзенькі”, як кажуць дызайнеры, твор упрыгожыў вуліцу Першамайскую, а яшчэ адзін радуе вока бабруйчан. 

Аматары вулічнага мастацтва ў Магілёве адразу звярнулі ўвагу на падабенства новага мурала і дзяўчынкі на Першамайскай. І яны сапраўды пазналі руку аднаго майстра. Стылёва муралы шмат у чым падобныя, а вось па сімволіцы маюць адрозніванні. Дапытлівым гледачам ёсць пра што паразважаць і на што паглядзець. 

“Бацькоўскі кут” на праспекце Міру

Арт-аб’ект нанесены на тарэц будынка па праспекце Міра, 61. Плошча роспісу – 330 квадратных метраў. Манументальны роспіс працягвае рэспубліканскі праект “Традыцыі дзеля будучыні”, які здзяйсняецца ў гонар 100-годдзя Беларусбанка.

Стваральнік мурала – вядомы беларускі вулічны мастак Яўген Мutus Сасюра. Насамрэч, Яўген не адзіны аўтар твора. Над роспісам працавалі мастакі і дызайнеры арт-супольнасці @urbansignal. 

 “У аснове кампазіцыі — выява гнязда, сімвал роднай хаты і Пачатку. Сюжэт з гняздом на Дрэве жыцця часта сустракаецца ў беларускім фальклоры… На карціне намалявана маладая жанчына над “горадам-гняздом” з Магілёўскай ратушай унутры. Дзве птушкі прыносяць у гняздо залаты ключ і манету… На працягу ўсёй гісторыі Магілёў быў адным з найбагацейшых гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Дзякуючы прадпрымальнасці і ўпартай працы яго жыхароў” – растлумачыў мастак сваё бачанне твора. 

“Дзяўчынка з птушкай” на Першамайскай

Першы падобны “салодкі” мурал ад Сасюры месціцца на вуліцы Першамайская 50 на рагу з вуліцай Карабанаўская і ўжо мае сваю гісторыю.  У 2020-м амаль тузінам муралаў горад упрыгожыў Цэнтр гарадскіх ініцыятыў. Самым манументальным і рэзанансным у свеце стала менавіта “Дзяўчынка з птушкай”. Яна была прызнана ў год стварэння (па версіі галасаванкі на сайце аднаго з аўтарытэтных мастацкіх часопісаў Еўропы) адным з лепшых новых муралаў свету. 

Так атрымалася, што мурал дзяўчынкі з птушкай на Першамайскай застаўся ў самім горадзе малавядомым. Нягледзячы на міжнародны поспех, у Магілёве яго мала хто ведае. Тарэц дома №50 непрыкметны, а розгаласу ў горадзе не было. 

Бабруйскі мурал 

Для параўнання і ўяўлення пра стыль аўтара варта паглядзець мурал, да якога зноў мае дачыненне Сасюра, толькі цяпер у Бабруйску. Тут зноў мы бачым дзяўчынку на арэлях над старажытным горадам і вельмі мілы сюжэт. Пра яго ўжо пісаў наш сайт

Кампазіцыі ва ўсіх выпадках, асабліва ў магілёўскіх, трымае мілы вобраз дзяўчыны ці жанчыны. Адразу кідаецца ў вочы, што аўтары эксплуатуюць жаночую прыгажосць, жаночы пачатак для стварэння пазітыўнага настрою карціны. 

Вобраз птушкі таксама нязменны элемент беларускага фальклёру. Павы, стрыжы, галубы, каршуны, крумкачы – каго толькі няма ў нашай народнай творчасці. Птушкі сімвалізуюць людзей, якія разлятаюцца па свеце, але заўсёды вяртаюцца дамоў. Больш таго, у беларускіх казках і песнях часта сустракаецца вобраз дзяўчыны-птушкі: «Абярнулася падчарка шэрай птушкай, запела і паляцела». Што хацелі сазаць вобразам птушкі, самі стваральнікі не патлумачылі, але відавочна, што гэта нейкая добрая вестка ці істота.  На карціне адна з птушак нясе залаты ключ – традыцыйны сімвал пачатку вясны, адраджэння жыцця, другая – трымае манетку, якая сімвалізуе дабрабыт.

Дзяўчына ці жанчына з птушкай, па шчырасці, заежджаная ў мастацтве тэма. У залежнасці ад талента мастака атрымоўваецца па рознаму, але заўжды міла, хаця часцяком так міла, што аж ці не прыкра. Нягледзячы на розныя густы, як правіла, падобныя творы падабаюцца мясцовым жыхарам. Алергію і спрэчак, у адрозненні ад канцэптуальных карцін, такія творы, не выклікаюць. Яны супакойваюць нэрвовую сістэму, і добра. 

Пры стварэнні мурала на праспекце Міру, аўтары відавочна пайшлі далей ад проста стварэння мілага вобразу. Тут сімвалізм нашмат больш складаны. У цэнтры кампазіцыі – выява гнязда як сімвал роднай хаты, сям’і. Гераіня карціны – увасабленне кахаючай жанчыны і маці, клапатліва глядзіць на свой “горад-гняздо”, нібыта яго ахоўвае. У самім гняздзе размешчаны горад з ратушай, якая з даўніх часоў лічыцца не толькі адміністрацыйным будынкам, але і ўвасабленнем сталасці, “самастойнасці” горада.

Падобныя па стылю малявання муралы, карціны, фотаздымкі многія мастацтвазнаўцы і дызайнеры называюць “салодкімі” і лічаць самім лёгкім шляхам да масавага гледача. Але варта прызнаць, што яны сапраўды ўпрыгожваюць гарады і маюць права на жыццё. 

«Беларусбанк» малюе муралы. Адзін з іх з’явіўся ў Бабруйску

У Бабруйску манументальную мастацкую карціну назвалі «Адраджэнне».

Яе намалявалі ў межах праекту «Беларусбанка» – «Традыцыі дзеля будучыні». Ён задуманы да стогадовага юбілею фінансавай установы, як іміджавая кампанія.

Праект прадугледжвае стварэнне манументальных мастацкіх твораў у дзесяці гарадах Беларусі. Муралы акрамя Бабруйску ўжо зʼявілася ў Пінску, Мазыры і Полацку.

citydog.io

У кожным горадзе аўтары ў муралах ствараюць сучасныя сюжэты, якія натхняюць беларусаў рухацца наперад, абапіраючыся на багаты культурны бэкграўнд краіны.

У Бабруйску над муралам працавалі трое мастакоў. Ганна Дзюкава з Мінску стварыла эскіз, а перанёс яго на будынак пінскі мураліст Яўген Сасюра з калегам з Бабруйска Леанідам Ніфёдавым.

Агульная плошча іх бабруйскага твору – 400 квадратных метраў. Яго стварэнне было зрасходавана 300 кілаграмаў фарбы.

 

 

 

У Магілёве паявіўся новы мурал – летуценнае дзяўчо ад вядомага стрыт-арт мастака MUTUSа

Арт-аб’ект з’явіўся на вуліцы Камсамольскай, насупраць прыпынка “Драматычны тэатр”.

Як паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”, новы мурал створаны ў межах праекта “Дамы”. Гэты праект стартаваў яшчэ ў 2021 годзе і мае на мэце стварэнне шэрагу насценных роспісаў у Магілёве. 

Мурал на Камсамольскай гораду падарыў вядомы пінскі стрыт-арт мастак Яўген Сасюра, які цяпер пастаянна жыве ў Мінску. У Магілёве ўжо ёсць іншыя яго працы – каля абласной бібліятэкі, Мінскага рынку.

Мурал Яўгена MUTUS Сасюры на вул. Ленінскай, 50 у Магілёве

Фота ўзята з інстаграма мастака