Дзень у гісторыі. 26 кастрычніка. Вынайдзены аловак з грыфелем. Дзень нараджэння дзеяча ВКЛ Міхала Радзівіла, cкульптара і паўстанца Генрыха Дмахоўскага, культавага паэта Анатоля Сыса. Мілінкевіч атрымаў прэмію Сахарава

1492 год. Вынайдзены аловак з грыфелем. 

Гэта адбылося пасля адкрыцця ў Кембрыджы вялікага радовішча графіту. Першы просты аловак быў вельмі падобны на сучасны па шматлікіх параметрах.

Аловак вырабляецца ў наш час з парашку спаленай косці, змацаванага раслінным клеем. Малюнак такім алоўкам мае глыбока чорны, матавы, аксамітны тон.

Першыя каляровыя алоўкі з’явіліся на землях сучаснай Танзаніі  7 тысяч гадоў таму, і вырабляліся з сала дзікіх жывёл, вокісу жалеза, здробненых скальных пародаў.

Графітны аловак складаецца з мінералу графіту з дамешкай спецыяльных гатункаў гліны. 

Свінцовы і сярэбраны алоўкі шырока ўжываліся да ХVІ стагоддзя і вырабляліся з адпаведных металаў. Рысунак сярэбраным алоўкам мае цёмна-шэры тон, з часам набывае карычневае адценне. Рысункаў свінцовым алоўкам збераглося вельмі мала, бо ім рабілі падрыхтоўчыя накіды пры маляванні іншай тэхнікай.

1635 год. Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл. 

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага. 

Стольнік, крайчы і падчашы вялікі літоўскі, кашталян і ваявода віленскі, падканцлер вялікі літоўскі і гетман польны літоўскі.

Шчыры каталік. Фундатар навукоўцаў.

Падчас шведскіх войнаў адважна бараніў край, праявіў сябе ў бітвах за вызваленне захопленых маскоўскімі войскамі тэрыторый у вайну 1654-1667 гадоў. 

Удзельнік Хоцінскай бітвы (1673). 

Быў старостам многіх месцаў, у тым ліку гомельскім, крычаўскім, прапойскім.

wikimedia.org

 1810 год. Нарадзіўся Генрых Дмахоўскі (Генры Д. Сандэрс).

Беларускі і амерыканскі скульптар. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху на землях Беларусі, Літвы і Польшчы ў 1830-1860-я гады.

З 1852 года жыў у ЗША як Генры Д. Сандэрс. Для будынку кангрэсу ў Вашынгтоне стварыў бюсты Дж. Вашынгтона, Т. Джэферсана, Б. Франкліна, Т. Касцюшкі.

Паўстанцкі камісар Дзісенскага павета падчас паўстання 1863-1864 гадоў.

Загінуў 26 мая 1863 года ў баі з расійскімі карнікамі.

Пахаваны на курганным могільніку каля в. Бірулі Докшыцкага раёна.

У маі 2020 года на яго магіле быў усталяваны помнік.

wikimedia.org

 1842 год. Нарадзіўся Васіль Верашчагін. Найбольш вядомы рускі жывапісец-баталіст.

Вандраваў па Расіі, Заходняй Еўропе, Азіі, Кубе, ЗША.

Аўтар кніг замалевак падарожжаў, прац па тэорыі мастацтва. Меў выставы ў многіх краінах свету.

У тэматычных серыях карцін «Туркестанская», «Балканская», на тэму вайны 1812 і іншых паказаў жорсткія будні вайны. 

У яго творах рамантычнае ўвасабленне ваенных сутыкненняў саступіла месца філасофскім разважанням пра вайну («Апафеоз вайны», «Нападаюць знянацку»), выкрыццю рэлігійнага фанатызму, каланіялізму.

Загінуў у Порт-Артуры пры выбуху на браняносцы «Петрапаўлаўск» 13 красавіка 1904 года падчас замалёвак у сваім рабочым нататніку.

У яго гонар названы вуліцы ў Мінску, Брэсце.

wikimedia.org

 1880 год. Нарадзіўся Дзмітрый Карбышаў. 

Фартыфікатар, найбуйнейшы  вучоны – ваенны інжынер, генерал-лейтэнант. Доктар ваенных навук, прафесар Акадэміі Генштаба. Герой Савецкага Саюза.

Сураспрацоўшчык і рэалізатар праекта будаўніцтва другога кальца абарончых умацаванняў Брэсцкай крэпасці (1913), рэканструкцыі яе цытадэлі (1939), праектант абарончых збудаванняў уздоўж заходняй мяжы – “лініі Сталіна”.

8 жніўня 1941 года каля ракі Дняпро каля в. Дабрэйка Шклоўскага раёна ў непрытомным стане быў захоплены ў палон.

18 лютага 1945 года ў Маўтгаўзене 500 палонных разам з Карбышавым на марозе аблівалі халоднай вадой, пасля чаго 64-гадовы генерал не выжыў.

tunnel.ru

 1890 год. Нарадзіўся Янка Пачопка. 

Беларускі аграном і публіцыст, свецкі праваслаўны і культурны дзеяч, удзельнік хрысціянскага руху пачатку XX стагоддзя.

Выдаў шэраг кніг сельскагаспадарчай тэматыкі. Выдавец рэлігійнага выдання «Праваслаўны Беларус». У 1939–1958 гадах працаваў аграномам.

Блізкі сябар Язэпа Драздовіча, які рыхтаваў ілюстрацыі да яго кніг, Міхася Машары.

Аўтар перакладаў з рускай мовы ў «Нашай Ніве», вершаў.

1944 год. На фронце, ва Ўсходняй Прусіі, загінуў Алесь Мілюць. 

Беларускі паэт.

Аўтар вершаў, артыкулаў.

Асноўныя матывы творчасці — пратэст супраць сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці, заклік да грамадзянскай актыўнасці і салідарнасці прыгнечаных, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення, апяванне хараства роднага краю, новага сацыялістычнага жыцця.

polymia.by

1959 год. Нарадзіўся Анатоль Сыс

Культавы беларускі паэт канца ХХ стагоддзя.

Сустваральнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» (1986), актыўны ўдзельнік «Талакі». 

Яго паэзія, грамадзянянская і творчая пазіцыя аказалі вялікі ўплыў на тагачаснае пакаленне беларускіх паэтаў.

Адзін з арганізатараў і прамоўцаў на першых дэмакратычных акцыях «Дзяды» 1987–1988 гадоў і мітынга супраць разбурэння Верхняга Горада ў Мiнску.

Памёр  4 мая 2005 года ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў роднай вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне.

wikimedia.org

 1999 год. Памёр Анатоль ІверсБеларускі паэт.

За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны з Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Навагрудскай (1931) гімназій.

Служыў у Польскім войску. Падчас Вялікай Айчыннай вайны — адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху на Слонімшчыне, выдаваў газету «Барацьба», партызаніў.

У пасляваенныя гады савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі слонімскую падпольную арганізацыю, А. Іверса некалькі разоў безпадстаўна звальнялі з працы.

Аўтар шэрагу зборнікаў паэзіі.

wikimedia.org

 2006 год. Беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык Аляксандр Мілінкевіч узнагароджаны Еўрапарламентам прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны «адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл». Удзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе.

У 2005-2007 гадах – старшыня Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл, у 2006-2016 гадах узначальваў Рух «За Свабоду».

wikimedia.org

Дзень у гісторыі. 6 кастрычніка. Сусветны дзень аховы месцаў пражывання. Пачатак працы Вялікага Сойма. Выраб першага трактара “Беларус”

Сусветны дзень аховы месцаў пражывання (з 1979 года). Закліканы прыцягнуць увагу чалавецтва да праблемы захавання асяроддзя абітання фаўны планеты Зямля. 

Чалавек за гісторыю сваёй цывілізацыі знішчыў каля 2-х мільярдаў гектараў землі, якія цяпер сталі пустыняй. 

Калі тэндэнцыі не зменяцца, то праз некалькі пакаленняў «сусветны дзень аховы месцаў пражывання» можа стаць «днём памінання месцаў пасялення».

Штодня з твару Зямлі знікаюць беззваротна больш за 70 відаў фауны і флоры.

Дзень архівіста Беларусі (з 2000 года). 

Зацверджаны ў гонар заснавання першага цэнтралізаванага дзяржаўнага архіва на тэрыторыі краіны — Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг (1863 год).

У беларускіх архіўных сховішчах знаходзіцца больш за 12 мільёнаў дакументаў.

Архіўнай справай займаюцца 169 арганізацый. 

У 2006 годзе выйшла першая беларуская энцыклапедыя «Архівісты Беларусі».

1677 год. Памёр Альбэрт Каяловіч. 

Беларускі пісьменнік, палеміст, гісторык  Вялікага Княства Літоўскага. Рэктар Віленскай акадэміі.

Аўтар багаслоўскіх трактатаў, біяграфіяў езуітаў, твораў з гісторыі ВКЛ, «Гісторыі Літвы», «Летапісу Радзівілаў», звестак пра Мінск.

1745 год. Нарадзіўся Францішак Смуглевіч. 

Жывапісец і графік. 

Працаваў у жанры партрэта, аўтар карцін на гістарычныя тэмы, распісваў беларускія цэрквы, касцёлы.

Памёр у Вільні ў 1807 годзе.

1788 год. У Варшаве пачаў працу Чатырохгадовы Сойм, Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай.

Працаваў з 6 кастрычніка 1788 па 30 чэрвеня 1792 года. 

Правёў шэраг радыкальных рэформаў у эканамічнай, палітычнай і сацыяльных сферах. 

Найвышэйшае дасягненне – прыняцце канстытуцыі 3 траўня 1791 года.

1809 год. Памёр Францішак Бялінскі. 

Генерал-маёр войска кароннага Рэчы Паспалітай, пісар вялікі каронны, асветнік, прыхільнік усеагульнай адукацыі.

Сябар Адукацыйнай камісіі. 

Падчас паўстання 1794 года – генеральны камісар правіянту і фуражу, галоўны кватэрмайстр войска, кіраўнік  Генеральнага Камісарыяту паўстання.

 

 1876 год. Нарадзіўся Ян Булгак. 

Адзін з піянераў мастацкай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст.

Ураджэнец Беларусі. 

Віленскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, «бацька польскай фатаграфіі».

Яго творчасць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і Польшчы.

Памёр ў 1950 годзе.

1908 год. Нарадзіўся Алесь Мілюць. 

Беларускі паэт.

Асноўныя матывы творчасці — пратэст супраць сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці, паэтызацыя маральнага самаўдасканалення, апяванне хараства роднага краю.

Загінуў на фронце ў 1944 годзе.

1929 год. Памёр Чэслаў Янкоўскі

Польскі паэт, крытык, публіцыст, гісторык-краязнавец. 

Ураджэнец Беларусі.

Аўтар вершаў, нарысаў, перакладаў, падарожных запісаў, 4-томавага даследавання «Ашмянскі павет», «Этнаграфічная Польшча».

Верагодны аўтар беларускамоўнай лірычнай мініяцюры «Ужо птушкі пяюць усюды», якая прыпісваецца Уладзіславу Сыракомлю.

1953 год. З галоўнага канвеера Мінскага трактарнага завода сышоў першы серыйны трактар «Беларус». 

МТЗ быў заснаваны 29 траўня 1946 года. За сваю гісторыю вырабіў больш за 3 мільёна трактараў. 

Мае за мяжой 22 зборачныя вытворчасці ў 10 краінах Азіі, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і Еўропы. 

У 1990-я гады кожны 10 трактар у свеце быў “Беларус”. 

1965 год. Нарадзіўся Андрэй Манакоў. 

Доктар геаграфічных навук, прафесар Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Даследчык расійска-беларускага памежжа, беларускай тапанімікі, асаблівасцей насельніцтва Беларусі.