У Вільнюсе прыбіраюць савецкі ваенны мемарыял на могілках

У Вільнюсе гэтымі днямі дэмантуюць скульптуры савецкіх воінаў на Антакальніскіх могілках, паведамляе tv3.lt. Прарасійскія актывісты крытыкуюць рашэнне ўладаў, называюць яго правакацыяй і кажуць, што ў адказ на такія дзеянні ў горад увойдуць расійскія танкі.

Работы па зносе скульптур будуць каштаваць гораду 60 000 еўра. Прадстаўнік кампаніі, якая выконвае работы па дэмантажы помнікаў, Рута Леанавічэне праінфармавала, што ўсе работы з вывазам зоймуць 3-4 дні.

Паколькі ніякі музей не захацеў прыняць стэлы з мемарыяла, то іх павязуць на склад. Да наступнага панядзелка, 12 снежня, іх на могілках не застанецца.

Меркаванні розных бакоў па пытанні дэмантажу.

Скульптар Чэславас Кавалюнас, які наглядаў за мемарыялам на працягу 40 гадоў, кажа, што стэлы можна было пакінуць, дастаткова было прымацаваць да іх таблічку з адпаведным тэкстам, які нагадвае пра іх значэнне. Аднак ёсць і яшчэ адзін фактар – стэлы мемарыяла былі зроблены з украінскага каменя, вельмі няўстойлівага да літоўскага клімату. Доўга не прастаялі б – рана ці позна яны б абрынуліся, лічыць спецыяліст: 

– У камені шмат мікраскапічных расколін. 40 гадоў вада і лёд рабілі сваю справу, пашырылі расколіны. Цяпер мы аналізуем, наколькі пашкоджаны скульптуры. 

Рабочыя баяцца, што скульптуры могуць разваліцца проста падчас дэмантажу.

Мэр Вільнюса Рэмігіюс Шымашус заяўляе, што ў яго няма сумневаў у тым, што гэты мемарыял – “знак савецкай ідэалогіі, які не мае нічога агульнага з пахаваннямі”, і што яго прыбіраюць “законна і абгрунтавана”. 

Паводле яго слоў, усе неабходныя дазволы атрыманы, а заключэнні камітэта ААН не з’яўляюцца перашкодай для вывазу скульптур. Мэр адзначыў, што камітэт ААН просіць не разбураць магілы, не здымаць надмагільныя пліты і не знішчаць спадчыну, што, паводле слоў мэра, і не робіцца – помнік савецкім воінам, які складаецца з пяці стэл, будзе дэмантаваны так, каб не пашкодзіць яго. Паколькі ніякі музей не захацеў прыняць стэлы, іх павязуць на склад.

Аднак прарасейскія актывісты глухія да такіх тлумачэнняў:

– Гэта правакацыя, жадаюць абвастрыць сітуацыю з Расіяй. Каб сюды як мага хутчэй расійскія танкі прыехалі – выказаўся выданню Delfi адзін з іх, які назваўся Дзмітрыем.

Іншы прарасійскі актывіст паабяцаў прывязаць сябе да стэлы, каб іх не разбіралі.

Мэмарыял ў Борках – знаёмімся з пафасным антываенным помнікам ахвярам-беларусам, на якім амаль нічога па-беларуску

У Беларусі процьма мемарыялаў, якія сведчаць, што прынесла з сабою на тутэйшыя землі вайна. Мільёны ахвяр, скалечанае ўспрыняцце навакольнага свету. Адсюль у генах беларуса ўкаранёная думка «абы вайны не было».

Час ад часу ген абачлівасці засынае і тады беларускую натуру працінае шаленства бяспамяцтва. На парады, прымеркаваныя да гадавінаў перамог у вайсковых дзеях, выходзяць добраахвотна апранутыя ў ваеннае беларусы. 

За паўсотні кіламетраў ад Магілёва знаходзіцца вёска Боркі – месца адной з найжахлівых трагедый мірных жыхароў.

Улетку 1942 года, у наваколлі паселішча, на шашы Бабруйск – Магілёў, партызаны рэгулярна ладзілі дыверсіі супраць гітлераўцаў. Пасля адной з іх 15 чэрвеня 1942 года ў вёску быў накіраваны атрад штурмбанфюрэра СС Оскара Паўля Дырлевангера. Нацысты знішчылі блізу 2000 мясцовых жыхароў і спалілі 6 вёсак. Па вайне Боркі адрадзілі, а суседнія пасяленні засталіся ў гісторыі.

Цяпер на ўскрайку Борак стаіць пафасны мемарыял «Памяці спаленых вёсак». Большасць мемарыяльных надпісаў выканана на рускай мове – на мове, якой наўрацці добра валодалі самі ахвяры. Па руску падзеныя і ўспаміны выжылых вяскоўцаў. Пра беларускую мову стваральнікі мэмарыялу не забыліся. Ёю дублюецца агульная інфармацыя пра мэмарыял і тое, што адбывалася з беларускімі вёскамі пад акупацыяй нацыстаў.

Мемарыял часта наведваюць арганізаваныя групы турыстаў, ды зрэдку тут спыняюцца падарожныя адзіночкі. На гадавіну трагедыі сюды на жалобны мітынг звозяць дэлегацыі чыноўнікаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў ды школьнікаў. Гучаць антываенныя прамовы і згадваюцца поспехі ў эканоміцы мірнай Беларусі. Сумнае назіранне, але каля падножжа тутэйшых помнікаў не заўважна, каб штодня запальваліся свечкі, ці ўскладаліся букеты з толькі сарваных кветак. Звычайная карціна – звыкла стаяць пластмасавыя запыленыя вянкі.

Некалі на месцы мемарыялу стаяў сціплы манумент, узведзены ў 1964 годзе. Цяпер ён на вясковых могілках. Помнік не ўпісаўся ў пафас велічы.

Як будзеце ехаць бабруйскай шашою, не прамініце наведаць Боркі і памянуць забітых нацыстамі беларусаў.