Магілёўскі скульптар прадставіў макет помніка мастаку Марку Шагалу. Дзе і калі ён з’явіцца невядома

Замысліў паставіць помнік Шагалу магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў. Аб сваёй задуме ён расказаў на творчай сустрэчы ў магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі.

На макеце адлюстраваны сімвал Парыжу – Эйфэлева вежа і летуценны чалавек, які цягнецца да яе, нібы, ляціць. Летуценнік двухаблічны, бо ў ім спалучаныя – жаночы і мужчынскі вобразы адначасова. Ён глядзіць у будучыню – бачыць свой Парыж, але ўглядаецца назад у свае віцебскія карані.

Пакуль невядомыя горад і месца, дзе будучы помнік Шагалу маглі б паставіць. Хаця, па словах Вераб’ёва, ужо знаходзіўся заказчык, які быў гатовы ўкласці грошы ў яго выраб. Помнік плануецца адліць з бронзы памерамі больш за 3 метры.


Андрэй Вераб’ёў лічыцца самым пладавітым магілёўскім скульптарам. Яго творы ўпрыгожваюць Быхаў, Горкі, Круглае, Клічаў, Магілёва. Ён аўтар знакамітых кампазіцыяў са львамі на Дняпроўскім мосце, скульптураў «Гімнасткі» ля Палаца гімнастыкі, «Маленькага прынца» у Камсамольскім скверы і многіх іншых. Вялічэзная скульптура «Кароль і каралева або Пясочны гадзіннік» усталявана і ў Нанкіне – кітайскім горадзе пабраціме Магілёва.


Творчую сустрэчу з Андрэем Вераб’ёвым арганізавала кіраўніцтва музею Бялыніцкага-Бірулі. Яе прысвяцілі 135-годдзя Марка Шагала. На ёй Вераб’ёў апавёў пра сваё першае знаёмства з работамі знакамітага мастака, пра ўражанні ад наведвання шагалаўскіх мясцін у Парыжы і ўплыў Шагала на яго творчасць.

Паводле Вераб’ёва найулюблёнымі тэмы яго творчасці зʼяўляюцца каханне і аўтапартрэт.

Па словах скульптара, ім яшчэ не створаная работа, якая б цалкам адлюстравала яго светапогляд. Але, як лічыць ён, найбольш блізкі яму твор з пясочным гадзіннікам і двума чалавечымі галовамі, якія, нібы, перацякаюць адна ў адну. Станковы варыянт гэтай работы знаходзіцца ў Беларусі, а вялікі помнік упрыгожвае Нанкін.

Андрэй Вераб’ёў кажа, што ў гадзінніку кожная з галоў па чарзе знаходзіцца то знізу, то зверху, а потым наадварот. Адсюль яднанне іх, і адначасова непаразуменні паміж імі.

«Гэта як жанчына і мужчына бачаць свет з розных бакоў, хаця разам і складаюць еднасць і часцяком мяняюцца месцамі», – заўважае ён.

На месцы Траецкай царквы абяцаюць паставіць макет святыні. А як выглядаюць яе падмуркі цяпер – фота

Падмуркі Траецкай царквы ў Магілёве былі знойдзены ў 2015 годзе падчас рэканструкцыі маста імя Яшына цераз Дняпро.

Саму царкву пабудавалі ў 1792 годзе ў Задняпроўі. Храм быў пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны, а ў 1950-х гарадскія ўлады знішчылі яго канчаткова.

Траецкая царква на фотаздымку пачатку ХХ ст.

Доўгі час у магілёўскіх асяродках краязнаўцаў бытавала перакананне, што адну з апор маста на праспекце Пушкіна ўзвялі непасрэдна на падмурках Траецкай царквы. Рамонтныя работы 2015 – 2016 гадоў абверглі тое. Падмурак знойдзены на невялікай адлегласці ад дарожнага палатна.

Дзеля захавання падмуркаў былі ўнесены тэрміновыя змены ў план рэканструкцыі, вакол рэшткаў фундамента стварылі адмысловую зону адпачынку ў выглядзе амфітэатру.

Для падмуркі доўгі час знаходзіліся без мераў па кансервацыі, што абярнулася павольным разбурэннем. Цагляная кладка – а можна сустрэць нават знакамітую магілёўскую цэглу-пальчатку – рассыпаецца ў друз, неахайна прыкрытая пластыкавымі палотнішчамі.

У чэрвені 2022 года, да Дня гораду, на месцы царквы плануюць паставіць яе мініяцюрны макет. Адмысловы конкурс на выкананне макета быў праведзены сярод устаноў прафесійнай адукацыі – паведамляе БелТА.

Фота: БелТА