На месцы Траецкай царквы абяцаюць паставіць макет святыні. А як выглядаюць яе падмуркі цяпер – фота

Падмуркі Траецкай царквы ў Магілёве былі знойдзены ў 2015 годзе падчас рэканструкцыі маста імя Яшына цераз Дняпро.

Саму царкву пабудавалі ў 1792 годзе ў Задняпроўі. Храм быў пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны, а ў 1950-х гарадскія ўлады знішчылі яго канчаткова.

Траецкая царква на фотаздымку пачатку ХХ ст.

Доўгі час у магілёўскіх асяродках краязнаўцаў бытавала перакананне, што адну з апор маста на праспекце Пушкіна ўзвялі непасрэдна на падмурках Траецкай царквы. Рамонтныя работы 2015 – 2016 гадоў абверглі тое. Падмурак знойдзены на невялікай адлегласці ад дарожнага палатна.

Дзеля захавання падмуркаў былі ўнесены тэрміновыя змены ў план рэканструкцыі, вакол рэшткаў фундамента стварылі адмысловую зону адпачынку ў выглядзе амфітэатру.

Для падмуркі доўгі час знаходзіліся без мераў па кансервацыі, што абярнулася павольным разбурэннем. Цагляная кладка – а можна сустрэць нават знакамітую магілёўскую цэглу-пальчатку – рассыпаецца ў друз, неахайна прыкрытая пластыкавымі палотнішчамі.

У чэрвені 2022 года, да Дня гораду, на месцы царквы плануюць паставіць яе мініяцюрны макет. Адмысловы конкурс на выкананне макета быў праведзены сярод устаноў прафесійнай адукацыі – паведамляе БелТА.

Фота: БелТА