26 ліпеня 1875 года нарадзіўся Марцін Кухта.
Друкар, выдавец кніг на беларускай, польскай і літоўскай мовах.
23 лістапада 1906 году надрукаваў першы нумар газеты «Наша ніва». Часам друкаваў яе ў крэдыт.
Друкаваў творы Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа.
У апошнім вершы Багдановіч напісаў: «…Я не самотны, я кніжку маю / З друкарні пана Марціна Кухты».
1887 года ў Варшаве надрукавана брашура «Міжнародная мова» на мове «эсперанта».
Выдаў яе ўраджэнец Беластоку акуліст Людвіг Заменгоф пад псеўданімам Эсперанта.
У кнізе на выдуманай мове былі апублікаваныя малітва «Ойча наш», урывак з Бібліі, арыгінальныя вершы Заменгофа, пераклад верша Генрыха Гейнэ.
Цяпер на эсперанта гавораць у свеце блізу 2 мільёнаў чалавек. У Беларусі ёсць лічаныя спецыялісты.
1931 года памёр Міхал Пятроўскі.
Хрысціянскі дэмакрат, каталіцкі святар.
Прыхільнік беларусізацыі касцёлу ў Беларусі, беларускага характару школьніцтва, культурнай і грамадскай дзейнасці.
Прамаўляў казанні на беларускай мове.
26 ліпеня 1941 года Магілёў акупаваны фашысцка-нямецкімі захопнікамі.
Перад вайной жыло больш за 100 тысяч чалавек. 28 жніўня 1941 году, паводле звестак акупацыйнай адміністрацыі, засталося 45,2 тысячы. На 1 ліпеня 1944 году – 10,1 тысячы.
У Магілёве і раёне загінула больш за 70 тысяч чалавек, каля 30 тысяч вывезена на працу ў Нямеччыну.
Гітлераўцы стварылі 5 лагераў смерці, уключаючы Грабянёўскі, Лупалаўскі, 341-ы перасыльны, гета на Дубравенцы.
Горад быў вызвалены ад нацыстаў Савецкімі войскамі 28 чэрвеня 1944 году.
26 ліпеня 1965 года нарадзіўся Зміцер Саўка
Мовазнаўца.
Вучыўся ў ЗША, занатоўваў успаміны амерыканскіх беларусаў. Аўтар і суаўтар прац «Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі. Бібліяграфія», «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы», «Беларускі клясычны правапіс».
1997 год – пачаўся Другі з’езд беларусаў свету.
Быў прысвечаны «Праблемам захавання беларускай прысутнасці ў свеце».
Прысутнічалі 123 дэлегаты і 111 гасцей з Аўстраліі, Бельгіі, Вялікай Брытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Кыргызстану, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Эстоніі.
У выніковай заяве З’езду было адзначана: «Краіна перажывае сістэмны крызіс, які ахапіў усе бакі грамадскага жыцця. Своеасабліваю вехаю ў яго развіцці стаў лістападаўскі рэферэндум 1996 году, які раскалоў беларускую нацыю. Частка народу прыняла яго вынікі і новы парадак у краіне, другая засталася абыякаваю. Трэцяя ўспрыняла яго, як канстытуцыйны дзяржаўны пераварот, лічыць нелегітымнымі новыя органы заканадаўчай улады, ацэньвае змены, як пераход да аўтарытарнага рэжыму з тэндэнцыяй ператварэння ў таталітарны. Вынікі рэферэндуму, яго легітымнасць не прызнаныя многімі дзяржавамі свету. Беларусь усё больш аказваецца ў міжнароднай ізаляцыі, эканоміка краіны ў крытычным стане»
У публікацыі выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў