Глускія “лесавікі” вучылі калег з усёй краіны працаваць з Азіяй

Але ў саміх з-за санкцый праблемы з новым абсталяваннем.

У Глуску ведаюць як пераарыентавацца на новыя рынкі. Менавіта таму работнікі лясной гаспадаркі Беларусі тут на семінары вывучалі вопыт перапрацоўкі драўніны на перадавым заходнім абсталяванні і працы ва ўмовах санкцый і крызісу.   

Глускія “лесавікі”, падобна, становяцца лепшымі ў Беларусі. У гэтым годзе галоўны ляснічы Глускага лясгаса Мікалай Ляпко дзяліўся вопытам выкарыстання фінскага харвестара Usewood па догляду лясных культур. І вось цяпер рэспубліканскі семінар «Вытворчасць і рэалізацыя паганажных профільных вырабаў» прайшоў на базе Глускага лясгаса. 

Вытворчасць

Глусчане, як паведаміла газета “Радзіма”,  паказалі і расказалі калегам, як працуюць сучасныя лініі лесапілавання Wood-Mizer, Brodpol, Mebor, якія піламатэрыялы на іх вырабляюцца, як арганізаваны тэхнічны працэс сушкі прадукцыі ў сушыльных камерах Baschild (2010 г.) і Termolegno (2020 г.). У сталярным цэху гасцей азнаёмілі з вытворчасцю профільных дэталей і прадукцыі. Абсталяванне заходніх машынабудаўнікоў якаснае і мае добрую вытворчасць.


Даведка: Глускі лясгас размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці на тэрыторыі 75 858 га, у тым ліку пакрытых лесам 68 648 га. Працягласць тэрыторыі лясгаса з поўначы на ​​поўдзень – 55 км. і з захаду на ўсход – 40 км. У ягоны склад уваходзяць 8 лясніцтваў. Па лесараслінным раянаванні тэрыторыя лясгаса адносіцца да Цэнтральна-Прадпалескага комплексу лясных масіваў, падзоны ялова-грабавых дуброў.


Рэалізацыя прадукцыі

Работнікі глускага лясгасу таксама падзяліліся вопытам працы гандлёвай пляцоўкі. Геаграфія паставак на экспарт прадукцыі дрэваперапрацоўкі ў іх раней налічвала больш за 30 краін. Але пастаўкі ў Літву, Латвію, Польшчу і іншыя заходнія краіны практычна прыпыніліся з-за санкцый і немагчымасці пераводу грошай. Цяпер самым важным стратэгічным напрамкам работы арганізацый галіны сталі пастаўкі прадукцыі на кітайскі рынак.

Як паказаў семінар, глускія “лесавікі” здолелі пераарыентавацца на іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі і захавалі калектыў. Але праблема ў тым, што новае абсталяванне, якое яны выкарыстоўваюць, з-за санкцый практычна немагчыма набыць, а заходнія рынкі амаль цалкам закрытыя. Застаецца працаваць з Азіяй і спадзявацца на змену знешнепалітычных умоў гаспадарання.

фота: glusk.by

У апошні аграгарадок Бялыніцкага раёна правялі газ. “Грошы проста закапалі ў зямлю” – абураюцца спецыялісты

Свяцілавічы сталі апошнім аграгарадком Бялыніччыны, куды прыйшоў прыродны газ. Аднак многія спецыялісты раёна лічаць гэта марнатраўствам. 

З помпай, як умее раённае начальства, з запрашэннем дэпутатаў і кіраўнікоў вертыкалі прайшло мерапрыемства націскання ўмоўнай сіняй кнопкі падачы газа ў Свяцілавічы. Героі газазабеспячэння атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама, вяскоўцы – газ.


Аграгарадкі раёна газіфікаваны на 100 працэнтаў – паведамляе раённая газета “Зара над Друццю”.  Кошт праекту складае 971 тысячу рублёў. Усе работы па будаўніцтве газаправода, выконваліся ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.


Нібыта ўсе павінны радавацца. Але частка раённых спецыялістаў толькі паціскае плячыма: “Навошта лясному раёну газ, калі побач гіне некандыцыйная драўніна?”   

Найбольш абураюцца працаўнікі лясной гаспадарцы, у якіх забралі працу. Раней толькі мясцовая школа спажывала кубаметраў 70 дроў у год. Цяпер іх дзяваць няма куды. Плюс жыхароў вёскі прымушалі ламаць печы ў іх дамах. Суцэльная нявыкрутка. “Далі б лепш нам гэтыя грошы, якія ў зямлю закапалі. Мы б самае сучаснае абсталяванне для дрэваапрацоўкі набылі б і валюту зараблялі для раёна. А цяпер наадварот, валюту будзем расіянам аддаваць”.

Перамога газавага лобі

Эканамісты разважаюць яшчэ прасцей: “Сёння газ прадаецца Беларусі, як адзінай у Еўропе саюзніцы  Расіі па звышільготных коштах. Але ўжо заўтра кошты могуць стаць сусветнымі. І што тады рабіць? Чаму краіны Скандынавіі, Прыбалтыцы абаграваюцца за кошт драўніны, а мы наадварот? Яны што, дурнейшыя за нас?”

Сапраўды, падобныя Бялынічам райцэнтры, напрыклад Літвы, ужо гадоў 20 на ацяпленне не выдаткоўваюць ні газ, ні нафту. Яны садзяць драўніну і спецыяльнымі магутнымі камбайнамі яе косяць, нібыта жыта на палетках. Аднаўляльныя крыніцы энергіі з аднаго боку, эканомія валюты з іншага, незалежнасць з трэцяга. 

У Беларусі некалькі гадоў таму нібыта таксама хацелі ісці еўрапейскім шляхам у гэтай сферы. Пачалі былі скарачаць пракладку газаправодаў у вёскі. Але газавае лобі перамагло. 

Дзяржкантроль заняўся лясной гаспадаркай Магілёўшчыны і ўгледзеў парушэнні

Распачатыя 6 крымінальных справаў.

Апошнія некалькі тыдняў кантрольныя органы і міліцыя паведамляюць пра выяўленне масавых парушэнняў у розных сферай эканамічнай дзейнасці.

Спачатку расказвалі пра выкрыванне злодзеяў, якія крадуць у сельгаспрадпрыемстваў дзясяткамі літраў фарбаванае паліва, а таксама сотнямі кілаграмаў камбікорм і зерне.

Пазней, сталі з’яўляцца паведамленні пра злоўжыванні і нядбайнасць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія дапусцілі гібель жывёлаў на фермах.

Цяпер чарга дайшла да лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі. Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявіў там злоўжыванні:

– Утойвалася фіктыўнымі дакументамі нястача лесапрадукцыі, яе перапрацоўка і продаж;

– Камерцыйныя структуры завышалі абʼёмы паслуг па лесанарыхтоўках, хавалі лішкі драўніны з дапамогай фіктыўных актаў агляду лясных дзялянак;

– Перавышаліся паўнамоцтвы падчас выдзялення камерцыйнымі структурамі драўніны на карані, прызначанай для абʼектаў сельгаспрызначэння і сацыяльнай інфраструктуры.

Па вынікаў праверкі кантралёры завялі 6 крымінальных справаў, паведамляе інтэрнэт-рэсурс Golk.by.

фота: belprauda.com