З’явіўся “Пашпарт вандроўніка па Беларусі”, Бабруйскі касцёл трапіў у топ-3 славутасцяў

У Беларусі пачалі выдаваць Пашпарт вандроўніка. Гэта невялікая, стылізаваная кніжачка, у якой пазначаны 65 лакацый па ўсёй Беларусі, дзе рэкамендуецца абавязкова пабываць. Наведвальнік мясціны атрымае налепку “быў – бачыў”, альбо “была – бачыла”, якой неабходна запячатаць патрэбную старонку. Кожная славутасць прафесійна праілюстраваная ў стылістыцы сярэдневяковых гравюр, а назвы падаюцца на беларускай мове і лацінкай. Наогул, праект такога пашпарта – гэта захапляльны квест – адзначаюць аўтары.
пашпарт вандроўніка па беларусі


Яны асобна падкрэсліваюць, што адна з іх мэтаў – гэта зацікавіць да наведвання невідавочных славутасцяў, якія могуць апынуцца ўбаку ад традыцыйных маршрутаў. “Гэтым летам, мы заклікаем вас паехаць… – і гэта не Мірскі замак” – кажуць яны ў дэманстрацыйным роліку і называюць свой топ славутасцяў, у якіх абавязкова трэба пабываць. На першым месцы – пасёлак Відзы, у якім знаходзіцца самы высокі касцёл у Беларусі. На другім месцы вёска Сар’я з неагатычным храмам, які стаў сімвалам каханню. Нумар тры – гэта “самы незвычайны пад’езд у Беларусі”. Так аўтары называюць шматпакутны касцёл у Бабруйску, да якога ў савецкія часы прыбудавалі хрушчоўку ў якасці новага фасада.
касцёл у Бабруйску

“Пашпарт вандроўніка” можна набыць за 47 рублёў у Мінску, альбо за 51 рубель – з дастаўкай па краіне. Ёсць нават опцыя каб замовіць яго з-за мяжы.
вандроўкі

Пакуль што незразумела, наколькі поўна прадстаўлена ў пашпарце Магілёўшчына, але дакладна вядома, што Мсціслава, напрыклад, у ім пакуль няма.

Фота: https://www.instagram.com/vander_groop/