Двое раней судзімых жыхароў Крычаўскага раёна амаль поўгады рабавалі нежылыя, альбо рэдка наведваныя дамы ў ваколіцах райцэнтра. Пачалося ўсё ў лютым 2023 года, калі першы з іх, жыхар вёскі Канцы, скраў дзіцячы ровар. Разам з жыхаром вёскі Цінькоў, яны прадалі і прапілі веласіпед, пасля чаго заняліся закінутымі сядзібамі на раёне. Звычайна бралі прадукты харчавання, спіртное, вопратку, пасцельную бялізну, посуд.
Аднак у вёсцы Асавец яны “паднялі” сталоўку прадпрыемства “Маляцічы-Агра” і мясцовы фельдшарска-акушэрскі пункт. У апошнім спіс нарабаванага стаў больш разнастайным – настойка глогу, валяр’янка, парашкі ад прастуды, таблеткі, спрэі для горла, вільготныя сурвэткі. А таксама – гематаген, злакавыя батончыкі, дзіцячы бальзам для вуснаў, глюкометр і пульсакрыметр.
Мужчыны атрымалі па 2 гады і 3, 6 месяцаў зняволення – піша раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Фота ілюстрацыйнае