Чэмпіянат свету па футболе ў Катары падарыў чалавецтву эпічны фінал і вярблюджы грып

Аргенціна і Месі ў неверагоднай барацьбе перамаглі Францыю і Мбапэ ў фінале фіналаў чэмпіянатаў свету.  Але адначасова тысячы балельшчыкаў абмяняліся вірусамі новага для чалавецтва вярблюджага грыпу і ўжо старога кавіду. 

Фінал фіналаў!

Менавіта так называюць апошні матч чэмпіянату свету па футболе аглядальнікі. Драматургія матчу – наўмысна не прыдумаеш. Лік 3:3 (4:2 па пенальці)! Галы пасля неверагодных камбінацый, драматычныя пенальці і два камбэкі зборнай Францыі. Але ў канцы была тая справядлівасць, якую Месі заслужыў усім сваім футбольным жыццём.

Аргенціна гуляла лепш за французаў амаль увесь матч і вяла 2 мячы. Французы першы ўдар па варотах зрабілі недзе на 75 хвіліне. Здавалася, вось яна аргенцінская перамога. Але як ужо было не раз, каманда Месі дазволіла зраўняць лік у канцы гульні. Новы французскі футбольны кароль сказаў сваё важкае слова.  І тут Аргенціна паплыла.

У апошнія гады ў падобнай сітуацыі ў поглядзе Месі была нейкая наканаванасць паразы. Здавалася, што ён апускаў рукі, калі супернік паказваў характар. Але не на гэтым чэмпіянаце. Тут Месі – злы мужык, які вядзе сваіх мальцаў наперад. Ён мацюкае супернікаў пасля матчу, ругае судью, паказвае прыклад… 

І быў дадатковы час. Месі ізноў вывеў Аргенціну наперад. Але дурная рука, пеналь ад Мбапэ, і зноў лік роўны 3:3. У серыі пенальці футбольны божанька аднавіў справядлівасць: 4:2, і Аргенціна чэмпіён. А Месі афіцыйна каранаваны. Нарэшце ён чэмпіён свету.

Справядлівасць

Такая драматычная перамога нават лепш, чым калі б Аргенціна ўтрымала свае 2:0 у асноўны час. І галоўнае – усё гэтым разам справядліва. 

Польскі суддзя даваў пенальці па ходу матчу ў абодвы бакі. Гульцы гралі чэсна, за выключэннем аднаго правакацыйнага выпрошвання пенальці ад французаў. Але суддзя разабраўся.

Аргенціна была лепшай. Яна была камандай. Яна больш жадала перамогі, і яна яе атрымала. І была б страшэнна няправільнай, нелагічнай перамога Францыі. А такі шанц быў у канцы асноўнага часу. Вось тады б усе пісалі пра несправядлівасць лёсу. А цяпер кароль футбола афіцыйна каранаваны. У Аргенціне – нацыянальнае свята. 

Для ФІФА таксама лепш не прыдумаеш. Такая вывеска! Аргенціна супраць чэмпіёнаў свету з Францыі. Месіі супраць Мбапэ. Усё супер. Месі забіў два галы (плюс 1 у серыі пенальці), Мбапэ – тры (+1) і стаў лепшым бамбардзірам чэмпіяната. Але чэмпіён – Месі, які згуляў сваю апошнюю гульню на чэмпіянатах свету.

Вярблюджы грып

Пасля чэмпіянату медыкі прагназуюць успышку новага грыпу (MERS). Аб яго небяспецы спецыялісты папярэджвалі яшчэ да чэмпіянату. 

Першы дыягназ гэтага грыпу быў пастаўлены дзесяць гадоў таму – у 2012 годзе. За гэты час па ўсім свеце было зарэгістравана 2600 выпадкаў – у асноўным на Аравійскім паўвостраве, пра гэта піша Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Лічыцца, што вярблюды з’яўляюцца прыроднымі носьбітамі віруса, які адносіцца да таго ж сямейства вірусаў, якое выклікала пандэмію Covid.

Сімптомы новага віруса: ліхаманка, кашаль, ваніты. Да гэтага часу няма спецыяльнага лячэння гэтага захворвання, таму лекары проста спрабуюць палегчыць сімптомы пацыента. Каля 35% хворых MERS паміраюць.

Успышка букета з грыпу, кавіду і страўнікаваых інфекцый ужо назіраецца ў некаторых краінах Бліжняга Ўсходу. Бальніцы забіты пацыентамі.

Футбольныя фанаты, якія знаходзіліся ў Катары ці тыя, хто ўжо прыехаў дадому, павінны слухаць свой арганізм. 

Новага чэмпіёна Аргенціну і вярблюджы грып – вось такую неспалучальную спадчыну можа падарыць нам чэмпіянат свету па футболе ў Катары. 

Да Чэмпіяната Свету па футболе застаецца 2 дні

Фінальная частка Чэмпіянату свету па футболе 2022 года пройдзе з 20 лістапада па 18 снежня 2022 года ў Катары, у скарочаныя тэрміны – за 29 дзён.

 

Фішкі чэмпіянату-2022

Катар упершыню ў сваёй гісторыі прыме чэмпіянат. Акрамя таго, чэмпіянат свету па футболе ўпершыню пройдзе на Блізкім Усходзе, упершыню ў арабскай краіне, упершыню ў краіне з мусульманскай большасцю, упершыню ў Паўночным паўшар’і ў асенне-зімовы перыяд (паколькі летам у Катары высокія тэмпературы).

Гэта другі чэмпіянат свету, які цалкам праводзіцца ў Азіі пасля турніру 2002 года ў Паўднёвай Карэі і Японіі. Гэта апошні чэмпіянат свету па футболе ФІФА з 32 камандамі ў фінальнай стадыі. Нягледзячы на ​​гучны карупцыйны скандал, звязаны з выбарам краіны-гаспадыні ЧС-2022, ФІФА абвергла дадзеныя аб магчымым пераносе чэмпіянату з Катара.

 

Футбол пад кандыцыянерамі

Арганізатар чэмпіянату свету 2022 года быў названы 2 снежня 2010 года ў швейцарскім Цюрыху. Сапернікамі Катара былі Аўстралія, ЗША, Рэспубліка Карэя і Японія.

inform.kz

Фінальны матч пройдзе 18 снежня 2022 года на Нацыянальным стадыёне ў Лусаіле, які змяшчае 80 тысяч гледачоў.

У фінальным турніры чэмпіянату свету прымуць удзел 32 зборныя. Раней прапаноўвалася пашырыць колькасць удзельнікаў да 48 каманд і правесці некаторыя матчы ў суседніх дзяржавах, аднак ФІФА ў маі 2019 года адхіліла гэтую ініцыятыву. Жараб’ёўка адборачнага турніру прайшла ў 2020 годзе, лёсаванне фінальнага этапа прайшло 1 красавіка 2022 года.

Удзельнікі фінальнага турніру: Аўстралія, Англія, Аргенціна, Бельгія, Бразілія, Гана, Германія, Данія, Іран, Іспанія, Камерун, Канада, Катар, Коста-Рыка, Марока, Мексіка, Нідэрланды, Польшча, Партугалія, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сенегал, Сербія, ЗША, Туніс, Уругвай, Уэльс, Францыя, Харватыя, Швейцарыя, Эквадор, Японія. 

Матчы ЧС-2022 прымуць 8 стадыёнаў з пяці гарадоў – «Лусаіл (на 80 000 чалавек), «Эль-Хаўр» (60 000), «Доха» (40 000), «Эль-Тумама» (40 000), «Халіфа» ( 45 416), «Эдзьюкейшн сіці» (45 350), «Ахмед бін Алі» (44 740), «Эль-Джануб» (40 000).

Для пераадолення спякоты катарцы аснасцілі стадыёны сістэмамі астуджэння паветра, якія падтрымліваюць тэмпературу на ўзроўні не вышэй за +27 °C.

30 сакавіка 2022 г. Adidas прадставіла афіцыйны мяч чэмпіянату свету-2022.

Мяч атрымаў назву Al Rihla (у перакладзе з арабскага – “падарожжа”). Ён натхнёны культурай, архітэктурай і сцягам Катара. Яркія колеры на перламутравым фоне сімвалізуюць краіну-гаспадыню турніру і хуткасць гульні, якая пастаянна расце.

Фота ўзяты з адкрытых крыніц