Нечаканыя відарысы чалавечага жыцця можна пабачыць вачамі магілёўскіх мастакоў

Новыя творы мастакоў Магілёўшчыны прадстаўлены на традыцыйнай сумеснай выставе.

Праект “Жыццё чалавека” ў Выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва ўжо стаў культурнай падзеяй для тых гараджан, хто цэніць мастацтва. Адны працы магілёўскіх творцаў узвысяць і ўсхвалююць глядача, іншыя расчаруюць, але наведаць выставу варта, і таму ёсць шэраг прычын.  

“Выставачны праект “Жыццё чалавека” адкрые для наведвальнікаў новыя творы выяўленчага мастацтва і стане значнай з’явай у культурным жыцці Беларусі” – абяцала рэклама праекта і збольшага не падманула. Сапраўды, гэтым разам сябры Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў прадставілі амаль выключна новыя працы, многія з якіх адкрылі вядомых мастакоў з нечакана боку. І гэта вялікі плюс праекта.

Урачыстая цырымонія адкрыцця выставы адбылася 21 верасня ў перапоўненай зале на Болдзіна. Багата моладзі і людзей сталага ўзросту прыйшлі паглядзець плён працы мясцовых мастакоў і паспрабаваць зразумець іх адносіны да “жыцця чалавека”. Афіцыёзу на адкрыцці гэтым разам амаль не было, а сяброўская сустрэча мастакоў са знаёмымі магілёўскімі прыхільнікамі іх творчасці заўжды пакідае цёплае адчування належнасці да вялікай супольнасці – практычна сям’і аматараў мастацтва. 

Большасць гасцей выставы доўга шпацыравала ўздоўж мастацкіх палотнаў і нешта выглядала, штосьці абмяркоўвала. І гэта зразумела, бо аўтары розных пакаленняў, якіх сабрала адна экспазіцыйная прастора, нібыта выклікаюць наведвальнікаў на разважанні і вядуць дыялог паміж сабой. 

Мастакам можна было задаць напрасткі свае пытанні. Базыль Камароў каментуе сваю задуму

Што зацікавіла і ўразіла аматараў мастацтва? 

Аляксандр, магілёўскі краязнаўца. 

– Першае ўражанне вельмі пазітыўнае. Заходзіш і вока радуецца. Што адразу ўзняла настрой, я не адкажу. Гэтае пытанне да псіхолагаў, але цёплая нейкая атмасфера, праўда… Баяўся, што зноўку будуць выстаўлены старыя творы пад новай назвай праекта. Але амаль усе працы новыя… Камароў і Несцярук зноўку прыемна здзівілі. Дзякуй Богу, не бяруць іх гады. 

Галіна, сталая наведвальніца выстаў. Яна сышла з адкрыцця досыць хутка.

– Чаму сыходжу? Выстава неблагая. Я нават неяк супакоілася, адыйшла ад працы. Але каб нешта перавярнула душу, то не, такога не было. Сёння багата людзей, трэба прыйсці яшчэ раз і больш уважліва паглядзець.

Алена, аматар-культуролаг.

– Задаволеная, што прыйшла. Мастакі парадавалі. Дарэчы, я ведала, што Несцярукі – гэта мастацкая сям’я, а аказваецца, і сын іх малюе. Прыглядзіцеся, рэкамендую.

Не хапае маладых творцаў

Работы калектыўнага праекта, як і абяцала назва выставы, аб’яднала тэма лёсу чалавека і яго жыцця. Безумоўна, у розных аўтараў рознае разуменне чалавечага лёсу і сэнсу чалавечага жыцця. Затое ёсць магчымасць выбраць карціну бліжэйшую да твайго светаадчування. 

Магілёўскія жывапісцы належаць да розных пакаленняў. Аднак кідаецца ў вочы, што пераважаюць асобы старэйшага веку. Падаецца, што магілёўскай суполцы хранічна не хапае моладзі. 

Сябры Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў на выставе.

Што расчаравала на выставе? Слабыя працы, калі верыць рэплікам саміх мастакоў, маюцца. Кожны можа пашукаць іх сам і зрабіць свае высновы. 

Увогуле вядома, што на выставе кожны знойдзе тое, што захоча знайсці: асалоду ці расчараванне, узрушэнне ці скепсіс. А многія наведвальнікі атрымаюць некалькі моцных эмоцый адразу… У любым выпадку тым, хто наведае яе, будзе пра што пагаманіць з блізкімі. 

Выстава адкрыта ў Выставачнай зале на вуліцы Болдзіна да 16 кастрычніка. Наведаць яе можна штодня з 11.00 да 19.00, за выключэннем панядзелка і аўторка.

 

Навіны пабрацімаў. У Мікалаве стварылі мурал з «катом-ахоўнікам», які дапаможа перажыць гараджанам ліхалецце

Мясцовыя мастакі стварылі мурал з узброеным катом для падтрымкі тых, хто застаўся ў горадзе і тых, хто абараніць яго.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


«Кот-ахоўнік», галоўны персанаж карціны, намаляванай на тарцы аднаго з дамоў, паводле задумы аўтараў дапаможа жыхарам прыфрантавога гораду аднаўляць раўнавагу.

«Нязломныя Херсон, Адэса і Мікалаеў», суправаджае ката надпіс.

Аўтараў муралу мясцовыя медыі называюць Алёнай і Змітром. Яны кажуць, што галоўная ідэя іхнага твору ў тым, каб людзі не толькі зважалі на агрэсію і разбурэнне, але і бачылі тое, што можа ўзняць настрой. Прысвечаны ён землякам, якія засталіся ў горадзе, і тым, хто яго бароніць.

«Калі шмат цемры, чалавечая псіхіка імкнецца дадаць і ўбачыць нешта добрае, таму вырашылі са Змітром стварыць гэты мурал», – падае словы Алены мікалаеўская фотамастачка Святлана Воўк. Яна першай паведаміла, што ў Мікалаева з’явіўся «кот-ахоўнік».

May be an image of 3 people and outdoors


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота з рэсурсу: facebook.com/sveta.vovk.56

Малюнкі нямецкага салдата з відамі Магілёва дэманструюць у гарадской Выставачнай зале

Вальтэр Віхман прайшоў Беларусь у складзе нямецкай армі ў 1941 годзе. Шляхам, ён рабіў замалёўкі таго, ува што ператвараліся беларускія гарады на яго вачах. Пазней гэтую серыю малюнкаў ён так і назваў – “Беларусь 1941”.

Мінск, Беразіно, Бялынічы, Магілёў, Орша – гарады паўстаюць на акварэлях Віхмана ў руінах, а людзі – пад цяжарам нямога болю. 

Усяго выстаўлена трыццаць дзве замалёўкі – эскізы, акварэлі, алоўкавыя працы. Яны сталі ўласнасцю Музея Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені 2021 года – мінскаму музею іх падарыла нявестка мастака. У магілёўскай выставачнай зале малюнкі будуць экспанавацца да 30 чэрвеня.

Выставачная зала працуе з серады па нядзелю, з 11.00 да 19.00. Адрас – вуліца Болдзіна, 1.