Новых высотак на вуліцы Фаціна ў Магілёве не будзе – прайшло абмеркаванне горадабудаўнічага савета

На пасяджэнні было прынята рашэнне не рэкамендаваць да рэалізацыі праект двух новых 125-кватэрных дамоў.

Ушчыльненне жылой забудовы на вуліцы Фаціна ў Магілёве пачало абмяркоўвацца ў пачатку ліпеня 2024 года. Упраўленне архітэктуры Магілёўскага гарвыканкама вынесла на грамадскае абмеркаванне праект пабудовы двух новых 18-павярховых дамоў на вуліцы Фаціна. Паводле плана, высоткі павінны былі з’явіцца ўнутры дваравой тэрыторыі і з боку вуліцы Цярохіна. У выніку і так ужо шчыльна забудаваны раён мог атрымаць дадатковую нагрузку на 250 кватэр, а зялёная зона вакол існуючых дамоў трапляла пад аўтамабільныя паркоўкі.

фатина уплотнение
Сітуацыйны план забудовы па вуліцы Фаціна адным з 125-кватэрных дамоў.

 

Паводле вынікаў грамадскага абмеркавання гэтых праектаў у горадабудаўнічым савеце Магілёўскага гарвыканкама, апублікаваным на афіцыйным сайце ведамства, абодва праекта было рэкамендавана не рэалізоўваць. “Канцэпцыю аб’ектаў рэкамендавана не прымаць да далейшай распрацоўкі” у сувязі з тым, што не вызначана мэтазгоднасць гэтага будаўніцтва, яго эканамічная эфектыўнасць, а таксама не ўлічаныя санітарна-гігіенічныя і экалагічныя ўмовы тэрыторыі.

Фота з адкрытых крыніц.

Магілёвец перакуліўся ў лодцы, ратуючы сабаку – яго самога выратаваў мінак

А сабака спакойна выбраўся на бераг самастойна і ўцёк.

На Фацінскай затоцы днём 9 чэрвеня ледзь не патануў 48-гадовы мужчына. Ён рыбачыў з лодкі і пабачыў у вадзе за бортам сабаку. Рыбак вырашыў падняць яго ў лодку, але перавярнуўся і ўпаў у ваду. Утрымацца на паверхні мужчыне дапамагла наяўнасць ратавальнай жылеткі, аднак самастойна дабрацца да берага ён быў не ў стане. 

Відавочцам гэтай сітуацыі аказаўся 34-гадовы мінак. Ён узяў лодку рыбака, якую прыбіла да берага, і падплыў на ёй да 48-гадовага пацярпелага. Паведамляецца, што пакуль мужчыну даставалі з вады, сабака, які стаў прычынай здарэння, самастойна выбраўся на бераг і ўцёк.

34-гадовы Яўген Башкоў, што выратаваў рыбака

Фота: МНС

Пад стаянку аўтамабіляў знішчылі частку Фацінскага бульвара ў Магілёве

Чарговы акт гарадскога вандалізму адбыўся ў Магілёве – замест таго, каб прывесці ў парадак бульвар паміж вуліцамі Фаціна і Маўчанскага, яго пачалі знішчаць.

Саджаць, а потым выразаць зялёныя насаджэнні стала магілёўскай традыцыяй. Напачатку гарадская архітэктура пакідае месцы для зялёных зон, без якіх горад задыхнецца. Потым зелянгас садзіць дрэвы, а ўжо затым будаўнікі і камунальнікі іх знішчаюць. Усе пры справе, і ніхто ні за што не адказвае. А тое, што марнуюцца грошы гараджан, што сонечнаму пыльнаму Задняпроўю і так не хапае зеляніны, падобна мала каго цікавіць.

У 1980-я гады быў пабудаваны новы мікрараён на вуліцы Фаціна. Паміж вуліцай Маўчанскага і Фаціна пакінулі месца для будучага бульвара, а на саміх вуліцах – месцы для будучых прыгожых дамоў па індывідуальных праектах.

Бульвар, трэба прызнаць, доўга заставаўся пусткай, бо то перабудова, то СССР разваліўся, то крызісы заміналі яго добраўпарадкаванню… Але гадоў 15 таму бульвар пачалі засаджваць дрэвамі, праклалі першыя дарожкі. Гадоў пяць таму дрэвы пачалі мажнець, і здавалася, яшчэ крыху і нарэшце савецкі план утварэння зялёнага бульвара будзе рэалізаваны.

Але горад паціху ўшчыльняўся. Вось і дом па адрэсе Маўчанскага, 61 павінен быў прыкрыць яшчэ савецкую пустку і завяршыць лінію забудовы вуліцы. І ўсе б радаваліся, каб у галовах гораданачальнікаў на першым месцы былі людзі, а не машыны. Новыя гарадскія ўлады нічога лепшага не прыдумалі, чым даць дазвол арганізаваць стаянку аўтамабіляў для жыльцоў дома прама пасярод бульвара.

Забудова бульвара не мела належнага рэзанансу на стадыі абмеркавання, бо ў 2020 – 2022 гадах у Магілёве практычна не засталося эклагічных і ўрбаністычных грамадскіх арганізацый і актывістаў. Большасць эколагаў цяпер з’ехалі ў іншыя краіны, а тыя, што засталіся, не наважваюцца падымаць свой голас у абарону прыроды і гараджан. А БРСМ і іншыя афіцыйныя арганізацыі лічаць за лепшае не крытыкаваць уладныя структуры.

Вось так, у Магілёве працягваюць займацца добраўпарадкаваннем такім чынам, што ўвесь час узнікаюць новыя праблемы і балявыя кропкі. Менавіта гэта адбываецца на нашых вачах у мікрараёне Фаціна, дзе знішчаецца магчымасць стварэння аднаго з лепшых у горадзе бульвараў.

Фота: mogilev.media

Што цяпер з размытым калектарам на Фаціна ў Магілёве, фота

Калектар, які за апошнія пару гадоў размыла амаль да самых бліжэйшых дамоў мікрараёна, актыўна рамантуецца – паведамляюць нашы чытачы. Mogilev.media пісалі ўвосень мінулага года пра з’яўленне “Вялікага Фацінскага каньёна” ў Магілёве. Вось як гэта месца выглядала ў кастрычніку.

Зараз, нягледзячы на разліў на Дняпры і на надвор’е, вядуцца рамонтныя работы на калектары. 

Калектар вырашылі завярнуць у фацінскую затоку а не ў Днепр, як раней, а былую прамыіну  засыпяць. Але наколькі будзе трывалая новая пабудова, якую ўзімку бетаніруюць, цяжка сказаць – пішуць нашы чытачы.

Фота дасланае чытачамі mogilev.media.

Калектар на Фаціна ў Магілёве размываецца дажджамі, прорва хутка дойдзе да жылых дамоў

Як паведамляюць нашы чытачы, ліўневая каналізацыя каля Фацінскай затокі за апошнія дні моцна апаўзла. У глыбокім рве калектара бязладна валяюцца кольцы трубы, па якой мусіць выцякаць вада з ліўнёвак мікрараёна. 

На спадарожнікавым здымку, размешчаным ніжэй, можна пабачыць, якім быў памер размытай часткі калектара на 2021 год – сіняя стрэлка – і дзе пачынаецца роў цяпер – чырвоная стрэлка.

“Вялікі Фацінскі каньён”, як называюць яго чытачы, дабраўся ўжо да імпазантнага карабліка, выкінутага на бераг, а да прыватнага сектара засталося метраў пяцьдзясят.